Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Шчаслівае сужэнства. Калі сужэнства можна лічыць сапраўдным пакліканнем?
Рубрыка Ватыканскага радыё
03.08.2015 15:46

Ужо на працягу некалькіх апошніх праграм у цэнтры нашай увагі знаходзіцца такая актуальная тэма, як духоўнасць сужэнскага жыцця. Сёння прапаную пахіліцца на чарговым пытаннем з гэтай сферы, а менавіта: калі сужэнства можна лічыць пакліканнем у самым моцным і сапраўдным сэнсе гэтага слова? 

Часам лічыцца, што сужэнства не з’яўляецца сапраўдным пакліканнем, таму што кожны чалавек па сваёй прыродзе створаны для жыцця ў шлюбе. Мужчына створаны для жанчыны, жанчына для мужчыны, і таму няма патрэбы ў нейкіх радыкальных выбарах у гэтым пытанні, маўляў, усё прадвызначана прыродай. У адрозненні ад святарскага ці манаскага жыцця, выбар на карысць сужэнства не прадугледжвае асаблівага паклікання, і як наступства яго з цяжкасцю можна лічыць сапраўдным хрысціянскім пакліканнем. Аднак гэтае пытанне не такое простае, як здаецца на першы погляд.

Безумоўна, сужэнства з’яўляецца рэчаіснасцю, да якой кожны мужчына і жанчына схільныя натуральным чынам. Уся наша псіхасаматычная структура прымушае глядзець на сужэнства як на стан, да якога наша чалавечая натура імкнецца спантанна і нават настойліва. Прымаючы рашэнне ажаніцца, мы цудоўна ўсведамляем, што адказваем на імпульсы кахання, эмоцый, пачуццяў, патрэб, але не абавязкова на асаблівае пакліканне Бога, як гэта адбываецца з пакліканнем да святарства ці манаства.

Прысутная ў чалавеку схільнасць да сужэнства тлумачыць тое, чаму асобы, якія безвынікова жадаюць ажаніцца, глыбока пакутуюць. Калі ж сужэнства ўспрымаецца толькі як адказ на натуральную схільнасць, то яно з’яўляецца жыццёвым станам, але не пакліканнем. Менавіта такім лічыць яго большасць людзей, якія бяруць шлюб, нават прымаючы сакрамэнт.

Але ў хрысціянскай перспектыве сужэнства ўсё ж можа быць не толькі натуральным станам, але таксама і адказам на сапраўднае пакліканне – адказам на пакліканне Бога. Тут, аднак, не трэба думаць, што гаворка ідзе пра тое, што Бог, яшчэ спрадвеку, для кожнага з нас прадвызначыў пэўную канкрэтную асобу, пошук якой з’яўляецца нашым жыццёвым заданнем. Падобнае ўяўленне вельмі небяспечнае і падманлівае. Яно можа прывесці да жыцця ў пастаяннай трывозе і клопаце аб тым, каб не “ўпусціць сваё шчасце” і “ўгадаць” асобу, прадвызначаную Богам.

Сужэнства, у такім выпадку, ператвараецца ў сапраўдную латарэю, у якой адны больш шчаслівыя за іншых. У такой сітуацыі, калі ўзнікаюць цяжкасці ў сужэнскім жыцці, з’яўляецца спакуса бачыць іх прычыну ў памылковым выбары партнёра. Таму больш разумна глядзець на выбар сужонка як на акт разважлівасці і свабоды: выбар, які неабходна зрабіць асабіста, перад вачыма Бога і з дапамогай малітвы.

Сужэнства можна лічыць сапраўдным адказам на пакліканне Бога да таго, каб стаць дарам у гэтай асаблівай форме жыцця, будучы глыбока перакананым, што сам Бог скіроўвае нас да гэтага. У такім святле сужэнства становіцца сапраўдным хрысціянскім пакліканнем, са сваімі ўнутранымі, асаблівымі патрабаваннямі. “Сужэнства адпавядае пакліканню хрысціян, толькі калі адлюстроўвае любоў, якую Хрыстус-Жаніх дорыць Касцёлу, сваёй Нявесце, і якую Касцёл (...) намагаецца вярнуць Хрысту”, - казаў святы Ян Павел ІІ падчас адной са сваіх катэхез у 1982 г.

Гэтыя словы выказваюць радыкальнае патрабаванне, здольнае спужаць тых, хто набліжаецца да сужэнства. Іх неабходна разумець даслоўна: сужэнства адпавядае пакліканню хрысціян “ТОЛЬКІ КАЛІ адлюстроўвае любоў, якую Хрыстус-Жаніх дорыць Касцёлу, сваёй Нявесце, і якую Касцёл (...) намагаецца вярнуць Хрысту”. Гэта “толькі калі” азначае, што па-за патрабаваннем, якое Пантыфік выказаў з яснасцю, сужэнства не з’яўляецца хрысціянскім пакліканнем, а толькі натуральным жыццёвым станам.

Калі хрысціянскае сужэнства паклікана адлюстроўваць “любоў, якую Хрыстус-Жаніх дорыць свайму Касцёлу” – поўную любоў, якая сягае аж да поўнай ахвяры самога сябе на крыжы – таксама і любоў паміж хрысціянскімі сужонкамі кліча прынесці сябе ў абсалютны дар, не пазбягаючы пры гэтым нават абсалютнай ахвяры.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.