Навошта каталіцкім святарам прытрымлівацца цэлібату? | Друк |
Рубрыка Ватыканскага радыё
30.04.2015 11:42

Адной з тэм, якая часта ўздымаецца пры размовах аб Каталіцкім Касцёле, з’яўляецца пытанне існавання цэлібату святароў Рыма-Каталіцкага Касцёла. Многія бачаць яго ненатуральным і непатрэбным, іншыя лічаць, што ён перашкаджае нармальнаму жыццю святара і выкананню яго душпастырскай працы (напрыклад, у сферы дапамогі сем’ям) ці ўвогуле правакуе святароў да здзяйснення рознага тыпу сексуальных надужыванняў. Нягледзячы на гэту крытыку, Касцёл застаецца цвёрдым у гэтым пытанні – цэлібат павінен быць. Чаму? Аб гэтым мы пагаворым сёння.

Па-першае, варта адзначыць, што вучэнне аб цэлібаце ў Касцёле — гэта не дагмат, але дысцыплінарнае правіла. Гэта правіла вельмі старажытнае і сягае сваімі каранямі да вытокаў хрысціянства. Сярод апосталаў, якіх выбраў Хрыстус, некаторыя былі жанатыя, а некаторыя не, як напрыклад св. Ян.

Пачаткі абавязковага цэлібату трэба шукаць у IV ст. Матывацыяй такога рашэння была апостальская традыцыя. У 390 г. Карфагенскі Сабор сцвярджаў: «Пажадана, каб тыя, хто знаходзяцца на службе Боскім таямніцам, былі нежанатымі, каб тое, чаму вучылі апосталы і што захоўвалася на працягу стагоддзяў, захоўвалі таксама і мы».

У наступныя стагоддзі вучэнне Касцёла, праз Саборы і дакументы, неаднаразова падкрэслівала важнасць святарскага цэлібату. Другі Ватыканскі Сабор у дэкларацыі «Presbyterorum ordinis» падкрэсліваў блізкую сувязь паміж цэлібатам і Валадарствам Божым, бачачы ў першым знак абвяшчэння другога.

У Евангеллях таксама ёсць узгадкі пра цэлібат. Напрыклад у евангельскіх тэкстах паводле св. Марка (10, 29), св. Мацвея (19, 12) («ёсць скапцы, якія самі зрабілі сябе скапцамі дзеля Валадарства Нябеснага») і св. Лукі (18, 28-30), дзе Езус кажа: «Сапраўды кажу вам, што няма таго, хто б пакінуў дом, ці жонку, ці братоў, ці бацькоў, ці дзяцей дзеля Божага Валадарства, і не атрымаў бы значна больш у гэты час, а ў будучым веку – жыццё вечнае».

У Касцёле цэлібат лічыцца не пакараннем, а дарам, які могуць свабодна прыняць людзі, гатовыя прысвяціць сябе службе Богу. Паводле каталіцкага вучэння, тыя, хто ідзе за святарскім ці манаскім пакліканнем, атрымліваюць ласку «непадзеленага сэрца», што дазваляе больш свабодна служыць Богу і людзям.


Часта можна пачуць меркаванне аб тым, што для цэлібату няма ніякай патрэбы, бо, напрыклад, ва Усходніх Цэрквах святары служаць Богу і людзям без яго. Аднак для разумення цэлібату прагматычных аргументаў не дастаткова (напрыклад тых, якія звязаны з большай адкрытасцю святара). Трэба памятаць, што сам Хрыстус казаў: цэлібат не ўсе змогуць зразумець.

Што тычыцца цэлібату як перашкоды для разумення многіх праблем сваёй паствы — то такое меркаванне памылковае. Яно грунтуецца на тым, што, каб разумець праблемы, трэба самому імі жыць. Але гэта няпраўда — каб ведаць, што з’яўляецца грахом, а што не, яго не абавязкова ўчыніць.

Разуменне цэлібату як фактару, правакуючага святароў на сексуальныя надужыванні, таксама надуманае і не пацверджанае навукова. Выпадкі такіх злачынстваў, здзейсненых святарамі, складаюць менш за 1% ад агульнай колькасці, а самая вялікая іх колькасць здзяйсняецца ў сем’ях. Таму прысутнасць або адсутнасць цэлібату тут не мае ніякага значэння.

Яшчэ адным распаўсюджаным стэрэатыпам з’яўляецца меркаванне, што нібыта цэлібат — гэта прычына памяншэння святарскіх пакліканняў. Але Сінод Біскупаў, які праходзіў у 2005 г., ясна засведчыў, што дзве гэтыя рэчы не звязаны паміж сабой. Прыкладам з’яўляецца сітуацыя ў іншых хрысціянскіх Цэрквах, дзе святары маюць права жаніцца, але там, тым не менш, назіраецца памяншэнне колькасці святароў. Яно звязана з іншымі праблемамі, напрыклад, з дамінацыяй секулярызаванай культуры.

Існуе тры аспекты, якія тлумачаць наяўнасць цэлібату ў Каталіцкім Касцёле: тэацэнтрычна-хрысталагічны, эклезіялагічны і эсхаталагічны.



Пад першым крыецца перакананне, што цэлібат грунтуецца на веры і любові ў Бога і да Бога. Паводле Бэнэдыкта XVI, «вера ў Бога становіцца дзейснай у гэтай форме жыцця, якая толькі разам з Ім мае сэнс». Такім чынам, цэлібат людзі выбіраюць свядома і толькі з любові да Бога. Ён становіцца своеасаблівым шляхам любові і да любові. Акрамя таго, варта памятаць, што сам Езус, які з’яўляецца ўцелаўлёнай любоўю, жыў у цэлібаце.

Іншы аспект цэлібату — эклезіялагічны. Гэта значыць, што на падабенства Хрыста і ў Хрысце святар праз выключную любоў яднаецца з Касцёлам. Праз цэлібат святар цалкам прысвячае сябе бескарыснай службе Хрысту і Яго Касцёлу. Вопыт сведчыць аб тым, што святар, свабодны ад розных прывязанасцяў, больш поўна адкрывае сваё сэрца на служэнне бліжнім.

Нарэшце, трэці аспект — эсхаталагічны. Святарскі цэлібат — гэта знак прароцтва аб новым стварэнні, аб жыцці, якое наступае пасля ўваскрашення з мёртвых. Сам Езус казаў: «Бо пры ўваскрашэнні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, але жывуць, як анёлы Божыя на нябёсах». У Касцёле ўжо сёння прысутнічае будучае Валадарства: Касцёл яго не толькі абвяшчае, але і рэалізуе сакрамэнтальна, спрыяючы «новаму стварэнню».

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 
© 2003-2024 Catholic.by