Хрысціянін і права. Дыяцэзіяльныя біскупы (І) | Друк |
Рубрыка Ватыканскага радыё
25.06.2015 12:18

Як мы ўжо казалі, біскупы раздзяляюцца на дыяцэзіяльных і тытулярных, сёння мы пачнём гаварыць аб дыяцэзіяльных біскупах – тых, апецы каго давераны пэўны мясцовы Касцёл. Але як мы ўжо казалі, мясцовы Касцёл – гэта не толькі дыяцэзіі, але таксама іншыя ўстановы – напрыклад, вікарыяты, абацтвы і г.д.

З пункту гледжання кананічнага права амаль усё, што датычыць дыяцэзіяльных біскупаў, датычыць таксама і іншых прэлатаў, якім даручана апека над пэўнай часткай Божага народа. Канешне, за выключэннем таго, чаго не можа быць па самой прыродзе рэчаў – напрыклад, калі на чале апостальскай адміністратуры стаіць адміністратар, які не з’яўляецца біскупам, то ён з натуры рэчаў не можа ўдзяляць прэзбітэрскіх пасвячэнняў, для гэтага ён павінен папрасіць іншага біскупа.

Той, хто прызначаны на пасаду дыяцэзіяльнага біскупа, калі яшчэ не мае біскупскага пасвячэння, павінен уступіць у кананічнае валоданне сваёй дыяцэзіяй на працягу чатырох месяцаў ад прызначэння, а ў выпадку, калі ён ужо мае біскупскае пасвячэнне – на працягу двух месяцаў ад прызначэння. Тут прагучалі словы – кананічнае валоданне. Што гэта такое? Гэта афіцыйнае ўступленне ў новую пасаду дыяцэзіяльнага біскупа. Яно адбываецца тады, калі ў гэтай дыяцэзіі, асабіста або праз прадстаўніка, новапрызначаны біскуп прад’яўляе калегіі кансультантаў (гэта спецыяльная група святароў, аб якой больш дакладна пагаворым пазней) апостальскі ліст у прысутнасці канцлера курыі, які павінен скласці аб гэтым акт, або, калі гаворка ідзе аб новазаснаваных дыяцэзіях, біскуп уступае ў кананічнае валоданне дыяцэзіяй адразу пасля таго, як гэты апостальскі ліст будзе абвешчаны ў катэдральным касцёле ў прысутнасці духавенства і вернікаў, пры гэтым старэйшы сярод прысутных прэзбітэраў павінен скласці акт аб гэтым. Інгрэс новага біскупа (так іншымі словамі можна назваць уступленне ў кананічнае валоданне дыяцэзіяй) – заўсёды вельмі важная і ўрачыстая падзея, таму настойліва рэкамендуецца, каб гэта адбывалася падчас нейкага літургічнага дзеяння (часцей за ўсё падчас святой Імшы) у катэдры ў прысутнасці духавенства і вернікаў.

Канешне, галоўным клопатам пастырскага служэння дыяцэзіяльнага біскупа з’яўляюцца вернікі, якія пражываюць на тэрыторыі яго дыяцэзіі, незалежна ад узросту, палажэння ў грамадстве і нацыянальнасці, але гэта не значыць, што біскуп павінен абмежаваць сваю паслугу толькі гэтай канкрэтнай групай – як мы ўжо казалі раней, біскуп з’яўляецца членам Калегіі Біскупаў і ў пэўным сэнсе павінен клапаціцца аб усім Касцёле. Таму, калі ў яго дыяцэзіі знаходзяцца вернікі розных абрадаў, ён павінен задавольваць іх духоўныя патрэбы праз святароў або арганізаванне парафій гэтага абраду, павінен адносіцца з чалавечнасцю і хрысціянскай любоўю да прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесій, павінен лічыць даручанымі сабе ў Пану таксама і неахрышчаных, каб і іх асвяціла любоў Хрыста, сведкам якой перад усімі павінен быць біскуп. Таксама з асаблівым  клопатам дыяцэзіяльны біскуп павінен адносіцца да прэзбітэраў, выслухоўваючы іх як дапаможнікаў і дарадчыкаў, абараняць іх правы і сачыць за тым, каб яны належным чынам выконвалі свае абавязкі, і за тым, каб у іх распараджэнні было тое, што патрэбна для развіцця духоўнага і інтэлектуальнага жыцця; таксама павінен клапаціцца аб іх годным утрыманні і сацыяльным забеспячэнні. Дыяцэзіяльны біскуп у найвышэйшай ступені павінен клапаціцца аб пакліканнях да розных служэнняў і да кансэкраванага жыцця, праяўляючы асаблівы клопат аб святарскіх і місіянерскіх пакліканнях.

З пункту гледжання душпастырства дыяцэзіяльны біскуп павінен, па-першае, часта прапаведуючы асабіста, выкладаць і тлумачыць вернікам праўды веры, якія трэба вызнаваць і прымяняць у жыцці, і па-другое, бараніць непарушнасць і адзінства праўдаў веры, якія трэба вызнаваць, пакідаючы пры гэтым справядлівую свабоду ў далейшых даследваннях праўды.

Таксама, памятаючы аб сваім абавязку, дыяцэзіяльны біскуп павінен даваць прыклад святасці ў любові, пакоры і прастаце жыцця, усімі сродкамі старацца садзейнічаць святасці вернікаў згодна з пакліканнем кожнага з іх, і, будучы галоўным распарадчыкам Божых таямніцаў, пастаянна імкнуцца для таго, каб вернікі, даручаныя яго апецы, дзякуючы цэлэбрацыі сакрамэнтаў узрасталі ў ласцы, спазнавалі пасхальную таямніцу і жылі ёю. Біскуп павінен часта ўзначальваць цэлебрацыю Найсвяцейшай Эўхарыстыі ў катэдральным або іншым касцёле сваёй дыяцэзіі, асабліва ў прадпісаныя святы і іншыя ўрачыстасці.

Дыяцэзіяльны біскуп мае канкрэтны абавязак у кожную нядзелю і іншыя прадпісаныя ў яго рэгіёне ўрачыстасці асабіста служыць Імшу за даручаны яму народ. Калі ж так здарыцца, што ён па нейкіх прычынах не можа гэтага зрабіць, то павінен папрасіць якога-небудзь іншага святара адслужыць гэтую святую Імшу або можа зрабіць гэта ў іншы дзень.

Кс. Дзмітрый Пухальскі


tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 
© 2003-2024 Catholic.by