Шчаслівае сужэнства. Падпарадкоўвацца адно аднаму | Друк |
Рубрыка Ватыканскага радыё
12.01.2016 00:00

На працягу апошніх месяцаў у цэнтры нашай увагі знаходзіцца такая актуальная і важная тэма, як духоўнасць сужэнскага жыцця. Мы паступова адкрываем для сябе, што сваёй асаблівай духоўнасцю могуць жыць не толькі святары, законнікі і законніцы, але і сужонкі.

На жаль, аб ёй напісана і сказана вельмі мала, таму многія людзі, якія спрабуюць спалучыць  сужэнскае пакліканне і шлях да святасці, часта вымушаны браць прыклад з асобаў, якія жывуць у цэлібаце або абяцаннях цялеснай чыстасці. Гэта, канешне, парадаксальна. Запоўніць гэты прабел, звязаны з недахопам інфармацыі пра асобную сужэнскую духоўнасць, мы спрабуем у рамках нашай праграмы. Гэтай тэме прысвяціў асобную частку свайго навучання святы Ян Павел ІІ, да дакументаў якога мы звяртаемся і з якіх чэрпаем натхненне.

Падчас агульнай аўдыенцыі 11 жніўня 1982 г. Папа казаў: «Муж і жонка “падпарадкаваны адно аднаму”, знаходзяцца ва ўзаемнай субардынацыі. Супольнасць, або еднасць, якую яны павінны пабудаваць дзякуючы свайму сужэнству, рэалізуюцца праз узаемны дар, але таксама праз узаемнае падпарадкаванне».


Мы ўжо казалі пра тое, што сужонкі пакліканы разумець свае адносіны ў святле адносін паміж Хрыстом і Касцёлам. Пра гэта цудоўна сказана ў Пасланні да Эфесцаў (Эф 5, 21-33) у якім, між іншым, святы Павел адзначае: «Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам сваім, як Пану», а таксама: «жонкі падпарадкоўваюцца мужам ва ўсім». Часам гэтыя словы памылкова разумеюцца ў якасці прадпісання «хатняй маралі», існуючай, канешне, не на карысць жанчын. Такое бачанне, акрамя таго, што няпоўнае, з’яўляецца яшчэ і памылковым.

На думку Яна Паўла ІІ, аўтар Паслання да Эфесцаў, нават калі і не даслоўна, казаў пра неабходнасць узаемнага падпарадкавання паміж мужам і жонкай, важнага для спаўнення праўды сужэнства ў паўнаце.

На карысць гэтага меркавання Пантыфік прапаноўваў два аргументы. Першы прадстаўлены тым фактам, што жонка павінна падпарадкоўвацца мужу «як Пану Езусу», а не як гаспадару, які навязвае сваё аднабаковае валадаранне. «Выказваючыся так, аўтар (паслання) не хацеў сказаць, што муж з’яўляецца “ўладальнікам” жонкі і што міжасабовая дамова, уласцівая сужэнству, з’яўляецца дамовай, паводле якой муж дамінуе над жонкай. Ён выказвае іншую думку: аб тым, што жонка, у сваіх адносінах з Хрыстом – які для абодвух сужонкаў з’яўляецца адзіным Панам – можа і павінна знаходзіць матывацыю для адносін з мужам, што вынікае з самой сутнасці сужэнства і сям’і», – адзначаў Святы Айцец.


Для больш глыбокага разумення гэтай думкі неабходна працягнуць чытанне Паслання апостала Паўла, у якім гаворыцца: «Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго». Любоў Хрыста да Касцёла канкрэтызавалася ў поўным і канчатковым дары самога сябе, кульмінацыяй якога стала ахвяра, здзейсненая на крыжы. Любоў мужа да жонкі, такім чынам, павінна весці да падобнай ахвяры: муж пакліканы ахвяравацца на карысць жонкі, як Хрыстус ахвяраваўся для Касцёла, каб збавіць яго праз адкупленчую ахвяру свайго жыцця.

Коранем узаемнага падпарадкавання паміж сужонкамі з’яўляецца любоў, якая іх яднае і якая выражае ўсю сваю праўду ў поўным дары самога сябе. «Любоў выключае рознага кшталту падпарадкаванні, згодна з якімі жонка магла б стаць слугой ці рабыняй свайго мужа, аб’ектам аднабаковага панавання. Любоў прадугледжвае, каб і муж адначасова быў падпарадкаваны жонцы, і ў гэтым падпарадкаваны самому Хрысту, як і жонка мужу.

Супольнасць ці адзінства, якое яны пакліканы пабудаваць з прычыны свайго сужэнства, спаўняецца праз узаемны дар, які з’яўляецца таксама ўзаемным падпарадкаваннем», – казаў Папа.

Гаворка ідзе пра штодзённы крыж, які сужонкі пакліканы несці разам: няспынна ахвяроўваць уласнымі жаданнямі на карысць іншага, у любові і праз любоў, у любой сітуацыі і любых умовах кажучы: «Няхай станецца не так, як я хачу, але як ты хочаш», з той жа адкрытасцю, з якой Езус звяртаўся да Бога Айца падчас малітвы ў Аліўным садзе.
 
Ахвяраванне ўласнымі жаданнямі, падпарадкаванне з любові – гэта сапраўды шлях да святасці ў пакорнай штодзённасці сужэнскага жыцця. У гэтым схавана таксама крыніца радасці сужонкаў. Той самай радасці, якую меў Езус у сваёй падпарадкаванасці Айцу і пра якую напярэдадні сваёй крыжовай ахвяры казаў: «А цяпер іду да Цябе і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць» (Ян 17, 13).


Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 
© 2003-2024 Catholic.by