Хрысціянін і права. Вікарыі | Друк |
Рубрыка Ватыканскага радыё
07.02.2016 00:00

Мы працягваем гаворку аб арганізацыі парафіяльнага жыцця і пагаворым аб фігуры парафіяльнага вікарыя. 1-ы параграф 545 канону гаворыць аб тым, што заўсёды, калі гэта будзе неабходна або патрэбна для належнага выканання пастырскай апекі над парафіяй, пробашчу можа быць прызначаны адзін або некалькі парафіяльных вікарыяў, якія, супрацоўнічаючы з пробашчам і дзелячы яго клопаты, дапамагаюць у ажыццяўленні пастырскай паслугі пад кіраўніцтвам пробашча, радзяцца з ім і ўдзельнічаюць у яго пачынаннях.

Натуральна, што вікарыем можна прызначыць толькі святара, бо выкананне гэтай функцыі звязана з душпастырствам.

Парафіяльны вікарый з моцы сваёй пасады мае абавязак дапамагаць пробашчу ва ўсім парафіяльным служэнні, менавіта дапамагаць, а не замяшчаць, акрамя выпадкаў, прадугледжаных правам. Вікарый не выконвае ўсіх абавязкаў, якія павінен выконваць пробашч на парафіі – напрыклад, вікарый не мае абавязку служыць святыя Імшы за народ, але ў праве прадугледжаны выключныя сітуацыі, калі вікарый можа замяшчаць пробашча парафіі – напрыклад, як мы ўжо казалі раней, пры адсутнасці пробашча, калі не быў прызначаны парафіяльны адміністратар, то менавіта на вікарыя ўскладаюцца яго абавязкі.

Таксама, як і пробашч, вікарый мае абавязак рэзідэнцыі, гэта значыць, ён павінен пастаянна пражываць у парафіі або, калі ён прызначаны адразу на некалькі парафій (такое можа здарыцца ў сітуацыі недахопу святароў), у адной з іх; аднак мясцовы ардынарый па справядлівай прычыне можа дазволіць яму пражываць у іншым месцы, асабліва ў агульным доме для многіх святароў, калі пры гэтым не будзе ніякай шкоды для выканання пастырскіх абавязкаў – аб гэтай магчымасці мы таксама разважалі ў адной з нашых мінулых перадач.

Канешне, пробашч і вікарыі – гэта дарослыя людзі, кожны з іх мае права на свае прыватныя справы, і ў тым, што не датычыць працы на парафіі, вікарый ніякім чынам не падлягае пробашчу, аднак яны з’яўляюцца братамі ў святарстве і таму мясцовы ардынарый павінен клапаціцца аб тым, каб у парафіяльным доме паміж пробашчам і вікарыем пры магчымасці падтрымліваўся нейкі звычай сумеснага жыцця – напрыклад, сумеснае спажыванне пасілкаў, сумесная малітва, размовы і г.д.

Што датычыць часу адпачынку, то парафіяльны вікарый карыстаецца тымі самымі правамі, што і пробашч, гэта значыць ён можа знаходзіцца за межамі парафіі на працягу месяца без перапынку або з перапынкамі; а ў час адпачынку не залічваюцца тыя дні, калі вікарый раз у год удзельнічае ў духоўных практыкаваннях.

Што датычыць спынення выканання вікарыем сваіх абавязкаў, то гэта пытанне, якое знаходзіцца ў кампетэнцыі дыяцэзіяльнага біскупа.

Кс. Дзмітрый Пухальскі

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 
© 2003-2020 Catholic.by