Шчаслівае сужэнства. Першапрычына радасці | Друк |
Рубрыка Ватыканскага радыё
30.08.2016 00:00

Да гэтага ў цэнтры нашай увагі былі «крыжы» і цяжкасці, уласцівыя сужэнскаму жыццю. Сёння прапаную пачаць размову на іншую тэму, а менавіта аб радасці, якая заўсёды спадарожнічае дару, у які мы прыносім сябе ў сужэнстве.

Адкуль нараджаецца «радасць кахання»? Чаму жыццё, у якім яе няма ці ў якім больш няма кахання, непазбежна становіцца сумным і пазбаўленым радасці? Адказ на гэтае пытанне трэба шукаць у перадгісторыі чалавецтва, якая апісана на першых старонках Кнігі Быцця. Святы Ян Павел ІІ называў яе «тэалагічнай перадгісторыяй чалавека». Гэтае біблійнае апавяданне тычыцца кожнага з нас асабіста, таму што адкрывае нешта глыбока нашае — сэнс нашага існавання як мужчыны і жанчыны.

У размове пра гісторыю стварэння чалавека важным з’яўляецца не столькі гістарычнасць тых падзей, колькі іх глыбокае значэнне. Такім чынам, важна не тое, што гэты досвед тычыцца перадгісторыі чалавецтва («тэалагічнай перадгісторыі»), але тое, што ён стаіць у пачатку кожнага чалавечага досведу.

У другім апавяданні пра стварэнне Бог кажа: «Не добра, каб чалавек быў адзін» (Быц 2,18). Але перш чым паставіць кропку ў стварэнні чалавека, учыніўшы яго мужчынам і жанчынай, Бог дапамог яму ўбачыць сваю самотнасць у свеце жывых істотаў. Ён прапанаваў чалавеку даць імя кожнай жывёле: «Пан Бог учыніў з зямлі ўсіх звяроў палявых і ўсіх птушак нябесных і прывёў іх да Адама, каб убачыць, як ён назаве іх» (Быц 2, 19). Тут гаворка ідзе пра пэўнага роду «іспыт», які першы чалавек здаў перад Богам і перад самім сабой, усвядоміўшы той факт, што ён радыкальна адрозніваецца ад усіх іншых жывых істотаў, якія насяляюць зямлю і неба.


«Праз гэты “тэст” чалавек усвядоміў уласную веліч і тое, што не можа быць роўным з ніякім іншым відам жывых істотаў на зямлі», — казаў Ян Павел ІІ падчас агульнай аўдыенцыі 10 кастрычніка 1979 г.

У гэтым досведзе прысутнічае станоўчы бок: чалавек здольны даваць імёны жывёлам, таму што надзелены дасканалымі ведамі пра свет прыроды (толькі той, хто ведае, здольны называць рэчы), пануе над ім і здольны ім кіраваць. Але ёсць таксама і бок адмоўны: сярод усіх жывёлаў, якіх ён ведаў, ён не знайшоў роўных сабе: «Але для чалавека не знайшлося адпаведнай яму дапамогі» (Быц 2, 20).

Для нас важна заўважыць той факт, што Адам убачыў, што чалавекам яго робіць жаданне падарыць сябе істоце, роўнай яму, гэта значыць здольнай прыняць гэты дар. Тое, што ён не ўбачыў сярод жывёлаў гэтага асаблівага «паплечніка па чалавечнасці», стала прычынай балючага і трывожнага адчування ўласнай самотнасці ў свеце. У момант, калі ён убачыў, што з’яўляецца «асобай» — гэта значыць істотай радыкальна адметнай у параўнанні з усімі іншымі, — ён зразумеў, што не зможа ў паўнаце рэалізавацца без прынясення сябе ў дар іншаму. «Сапраўды, ніхто з гэтых істотаў (жывёлаў) не можа даць чалавеку базавай умовы, якая робіць магчымым жыццё адносінамі ўзаемнага дару», — казаў Ян Павел ІІ.


Першы чалавек убачыў, што «быць асобай» азначае быць створаным для дарэння самаго сябе іншай «асобе». І пакуль гэты дар не мог быць прынесены па прычыне адсутнасці таго, хто мог яго прыняць, чалавек не мог рэалізавацца як асоба. Дар адкрывае асаблівую рысу існавання чалавека як асобы. Бог, кажучы, што «не добра, каб чалавек быў адзін», сцвердзіў, што «адзін» чалавек не можа ў паўнаце рэалізаваць сябе. Ён можа рэалізавацца толькі будучы «з кімсьці», або, кажучы глыбей і паўней, будучы «для кагосьці».

У гэтым досведзе першапачатковай самотнасці чалавека мы бачым тлумачэнне сцвярджэння Другога Ватыканскага Сабору: «Чалавек, будучы адзіным на зямлі стварэннем, якога Бог хацеў дзеля яго самога, не можа знайсці самога сябе інакш, як толькі праз шчыры дар самога сябе» («Gaudium et spes», 24).

Становіцца зразумелай таксама радасць, якая ахапіла чалавека, калі ён убачыў тую, якую Бог стварыў з яго рабра: «Гэта косць ад касцей маіх і цела ад майго цела. Яна будзе названа жанчынай, бо ад мужчыны была ўзята» (Быц 2, 23). Гэта быў не толькі вокліч захапленя прыгажосцю цела першай жачыны, але і вокліч радасці таго, хто нарэшце мог рэалізавацца ў поўным прынясенні сябе ў дар іншай асобе. «Такім чынам, чалавек, мужчына, першы раз прадэманстраваў радасць і нават трыумфаванне, для якіх раней не меў прычын, па прычыне адсутнасці істоты, падобнай на яго. Радасць з прычыны існавання іншага чалавека, другога “я”, дамінуе ў словах мужчыны, прамоўленых, калі ён убачыў жанчыну», — перакананы св. Ян Павел ІІ.

Толькі са з’яўленнем іншай чалавечай асобы было завершана стварэнне чалавека. «Поўнае і канчатковае стварэнне чалавека выражаецца ў стварэнні адзінства асобаў, якое ўтвараюць мужчына і жанчына», — адзначаў Пантыфік.


Вокліч радасці першага чалавека, які ўбачыў жанчыну, адначасова з’яўляецца воклічам любові, першым любоўным спевам чалавецтва, «біблійным прататыпам Песні Песняў», казаў Ян Павел ІІ. Гэта крыніца радасці, якая спадарожнічае каханню, радасці, якая спадарожнічае дару. Гэта радасць, якую маюць усе, хто кахае ў праўдзе, хто зразумеў, што любоў — гэта перш за ўсё дар самога сябе. Гэта радасць, якая застаецца, нягледзячы на ўсе абмежаванасці любові, выкліканыя грахом.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 
© 2003-2024 Catholic.by