Шчаслівае сужэнства. Радасць еднасці | Друк |
Рубрыка Ватыканскага радыё
27.09.2016 12:35

На працягу апошніх месяцаў у цэнтры нашай увагі знаходзіцца такая актуальная і важная тэма, як духоўнасць сужэнскага жыцця. Мы паступова адкрываем для сябе, што сваёй асаблівай духоўнасцю могуць жыць не толькі святары, манахі і манахіні, але і сужэнцы.

На жаль, аб ёй напісана і сказана вельмі мала, таму многія людзі, якія спрабуюць спалучыць  сужэнскае пакліканне і шлях да святасці, часта вымушаны браць прыклад з асобаў, якія жывуць у цэлібаце або абяцаннях цялеснай чысціні. Гэта, канешне, парадаксальна. Запоўніць прабел, звязаны з недахопам інфармацыі пра асобную сужэнскую духоўнасць, мы спрабуем у рамках нашай праграмы.

Сёння прапаную працягнуць размову аб крыніцах сужэнскай радасці. Мы ўжо адзначалі, што яе першая прычына — гэта магчымасць прынясення сябе ў дар у сужэнстве. Адам, калі ўбачыў тую, якую Бог стварыў з яго рабра, сказаў: «Гэта косць ад касцей маіх і цела ад майго цела. Яна будзе названа жанчынай, бо ад мужчыны была ўзята» (Быц 2, 23).



На думку св. Яна Паўла ІІ, тут гаворка ідзе не толькі пра вокліч захаплення прыгажосцю цела першай жачыны, але і пра шчасце таго, хто нарэшце мог рэалізавацца ў поўным прынясенні сябе ў дар іншай асобе. Пантыфік казаў: «Такім чынам, чалавек, мужчына, першы раз прадэманстраваў радасць і нават трыумфаванне, для якіх раней не меў прычын з-за адсутнасці істоты, падобнай да яго. Радасць з прычыны існавання іншага чалавека, другога “я”, дамінуе ў словах мужчыны, прамоўленых, калі ён убачыў жанчыну».

Папа называў радасны вокліч Адама воклічам любові, першым любоўным спевам чалавецтва, «біблійным прататыпам Песні песняў». На самой справе, радасць Адама — гэта крыніца той радасці, якая спадарожнічае каханню і дару. Радасць Адама — гэта тая, якую могуць адчуць усе, хто кахае ў праўдзе, хто зразумеў, што любоў — гэта перш за ўсё дар самога сябе.

Такі дар, калі рэалізуецца сужэнцамі ва ўзаемнасці, становіцца еднасцю асобаў, якой таксама спадарожнічае глыбокая радасць. Менавіта аб ёй мы паразмаўляем сёння.



Радасцю еднасці прасякнута кожная старонка знакамітага біблійнага твора — Песні песняў Саламона. Ён з’яўляецца сапраўдным гімнам еднасці паміж мужчынам і жанчынай у сужэнскай любові, праслаўленнем мовы цела. «Праўда любові, абвяшчаная ў Песні песняў, не можа быць адлучана ад мовы цела», — казаў Ян Павел ІІ. Усе словы гэтага твора прасякнуты радасцю дару, у які сужэнцы прыносяць сябе адно аднаму. «Словы мужчыны не ўтрымліваюць у сабе толькі паэтычнае апісанне каханай, яе жаночай прыгажосці, на якой засяроджаюцца пачуцці, але кажуць пра дар і чалавечую здольнасць дарыць сябе», — падкрэсліваў Пантыфік.

Разважанне, прапанаванае Песняй песняў, — гэта сапраўдная ласка для сужэнцаў. Калі кансэкраваныя асобы натхняюцца гэтым тэкстам, як алегорыяй адносін душы з Богам, па прыкладзе св. Бернарда, ці алегорыяй містычных заручынаў, як рабіў св. Ян ад Крыжа, — то сужэнцы пакліканы ўбачыць у ім заклік да сапраўднай радасці ад магчымасці цялеснай еднасці. Гэта заклік імкнуцца да той радасці, якая была магчыма ў нявінным стане, да таго, як першародны грэх азмрочыў узаемныя адносіны паміж мужчынам і жанчынай, да таго, як сэрца чалавеча было атручана юрлівасцю.

Канешне, першародны нявінны стан быў незваротна згублены ў той момант, калі — як казаў Папа — паўстаў «непераадольны бар’ер» граху; але чысціня сэрца, якая можа быць вернута праз прыняцце адкупленчай ласкі Хрыста, дазваляе знайсці нешта ад той першароднай радасці, уласцівай еднасці. Мы павінны шукаць яе, «вяртаючыся ад парога “гістарычнай” грахоўнасці чалавека да яго першароднай нявіннасці». Менавіта ў гэтым можа заключацца дапамога Песні песняў Саламона — твора, які з’яўляецца сведчаннем першароднага ззяння сужэнскага паклікання чалавечага цела, праслаўленнем «цэласнага эратызму», паважлівага да цэласнасці паклікання цела.



Важна заўважыць, што падчас сваіх агульных аўдыенцый Ян Павел ІІ прысвяціў Песні песняў ажно тры катэхезы. Ён іх прадставіў у якасці ўводзінаў у разважанне аб этычных наступствах тэалогіі цела. Сапраўды, медытацыя над тэкстам гэтай біблійнай кнігі развівае ўнутраныя схільнасці, неабходныя для спакойнага прыняцця наступстваў гэтай тэалогіі.

«Мова цела, якой карыстаюцца сужэнцы ў Песні песняў», нясе ім радасць і спакой і ўводзіць у пастаянны пошук, стварае адчуванне, што, сустракаючыся, збіраючыся разам, перажываючы блізкасць, яны пастаянна працягваюць кудысьці імкнуцца. Гэтае памкненне, народжанае ад любові, угрунтаванай на «мове цела», з’яўляецца пошукам цэласнай прыгажосці, чысціні, пазбаўленай плямаў: гэта пошук дасканаласці, якая абагульняе чалавечую прыгажосць, прыгажосць душы і цела. Да гэтай радасці і гэтай еднасці сужэнцы пакліканы імкнуцца, жывучы паўнатой ласкі сакрамэнту сужэнства, якая стала магчымай дзякуючы адкупленчай ахвяры Хрыста.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 
© 2003-2020 Catholic.by