Святы Айцец удзяліў аўдыенцыю беларускім іерархам | Друк |
Канферэнцыя Біскупаў
17.12.2009 19:43

Шосты і апошні дзень візіту аd limina беларускіх каталіцкіх біскупаў у Апостальскую Сталіцу, 17 снежня 2009 г., распачаўся супольнай святой Імшой каля магілы Слугі Божага Яна Паўла ІІ, якую ўзначаліў Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтэк. Падчас Імшы іерархі маліліся ў інтэнцыі хутчэйшай беатыфікацыі папы Яна Паўла ІІ.

Затым Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў прыватныя аўдыенцыі біскупу Віцебскаму Уладзіславу Бліну і Апостальскаму Візітатару для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыту Сяргею Гаеку. Пасля адбылася агульная аўдыенцыя для ўсіх біскупаў, падчас якой іерархі запрасілі Папу ў Беларусь. Старшыня ККББ біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да Пантыфіка, прадставіў сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і праблемы яго жыцця.

Святы Айцец звярнуўся да іерархаў з пасланнем, якое стане падмуркам пастырскай праграмы Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне на найбліжэйшы час. У пасланні Папа заклікаў няспынна абвяшчаць Евангелле, узмацняць еднасць усяго Касцёла, развіваць катэхізацыю і клапаціцца аб новых пакліканнях. Адзначалася таксама важнасць грунтоўнай падрыхтоўкі святароў, супрацоўніцтва з брацкай Праваслаўнай Царквой дзеля агульнага дабра вернікаў і пошуку належных адказаў на выклікі нашага часу.

Папа таксама падкрэсліў вялікае значэнне сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, якая адбылася ў гэтым годзе і адзначалася імкненнем з абодвух бакоў заключыць пагадненне. У гэтым кантэксце Святы Айцец паўтарыў сваё запэўненне ў тым, што Апостальская Сталіца гатова супрацоўнічаць з ККББ у вырашэнні пытанняў, важных для абодвух бакоў і спрыяючых дабру грамадзян Беларусі.

Напрыканцы аўдыенцыі Святы Айцец удзяліў благаслаўленне біскупам, святарам, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам нашай краіны, паабяцаўшы нястомна маліцца за беларускі народ.

Пасля аўдыенцыі з Бэнэдыктам XVI біскуп Уладзіслаў Блін сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам Тарчызіо Бэртонэ.

У цэлым трэці візіт аd limina беларускіх біскупаў да Апостальскіх парогаў даў іерархам нашай краіны магчымасць перажыць адзінства з наступнікам Пятра і Святым Пасадам і яшчэ мацней адчуць паўсюдны характар Каталіцкага Касцёла. Гэты візіт дапамог Апостальскай Сталіцы бліжэй пазнаць жыццё і праблемы Касцёла ў Беларусі. Біскупы, якія прымалі ўдзел у візіце, мелі магчымасць атрымаць адказы на актуальныя пытанні або намеціць шляхі да вырашэння існуючых праблем, тым самым акрэсліўшы агульны шлях развіцця Касцёла ў будучыні.




 
© 2003-2024 Catholic.by