Ян Павел ІІ — благаслаўлёны! | Друк |
Беларусь
01.05.2011 14:08

У нядзелю Божай Міласэрнасці, 1 мая 2011 г., адбылася доўгачаканая падзея — папа Ян Павел ІІ быў далучаны да ліку благаслаўлёных. На ўрачыстасці ў Ватыкан накіраваліся іерархі і пілігрымы з Беларусі.

Непасрэдная падрыхтоўка да літургіі распачалася ў 9 гадзін раніцы па мясцовым часе. Да гэтага ўвечары 30 красавіка адбылося малітоўнае чуванне, якое аб’яднала праз тэлемост вернікаў Еўропы і Азіі.  

Сам жа абрад беатыфікацыі распачаўся на пачатку Імшы пасля акту пакаяння. Да Святога Айца Бэнэдыкта XVI падышоў Папскі вікарый Рыма Агостыно Валіні, які папрасіў Пантыфіка прыступіць да абраду беатыфікацыі Слугі Божага. Пасля іерарх зачытаў біяграфію Яна Паўла ІІ.

Бэнэдыкт XVI прамовіў спецыяльную формулу беатыфікацыі, праз якую папа Ян Павел ІІ быў абвешчаны благаслаўлёным. І ў гэты момант на цэнтральным балконе базылікі св. Пятра быў адкрыты абраз Вялікага Папы. Узрушаныя і радасныя, са слязамі на вачах прысутныя спявалі гімн «Хвала на вышынях Богу».

«І вось доўгачаканы дзень настаў; ён настаў хутка, бо так спадабалася Пану Богу: Ян Павел ІІ благаслаўлёны!», — з радасцю адзначыў Святы Айцец.

У гаміліі Папа ўзгадаў заслугі Яна Паўла ІІ і даў сведчанне аб уласным знаёмстве і супрацоўніцтве з ім.

«Маё служэнне было падтрыманае яго (Яна Паўла ІІ — Рэд.) духоўнаю глыбінёю, багаццем ягоных адчуванняў. Прыклад яго малітвы заўсёды мяне ўражваў і выхоўваў: ён паглыбляўся ў сустрэчу з Богам нават сярод шматлікіх абавязкаў свайго служэння. І нарэшце, яго сведчанне ў цярпенні: Пан Бог паступова пазбавіў яго ўсяго, але ён заўжды заставаўся «скалою», як таго жадаў Хрыстус. Яго глыбокая пакора, што каранілася ў шчыльнай еднасці з Хрыстом, дазволіла яму працягваць весці Касцёл і скіраваць свету пасланне яшчэ больш вымоўнае менавіта ў той час, калі фізічныя сілы ўсё больш яго пакідалі. Так ён незвычайным чынам рэалізаваў пакліканне кожнага святара і біскупа: стаць адным цэлым з Езусам, якога ён штодзённа прымае і ахвяруе ў Эўхарыстыі», — адзначыў Папа.

Поўны тэкст гаміліі >>>

«Благаслаўлёны ты, умілаваны папа Яне Паўле ІІ, бо паверыў! Просім цябе, працягвай з неба падтрымліваць народ Божы», — такімі словамі Бэнэдыкт XVI завяршыў гамілію.

Пасля літургіі Святы Айцец і кардыналы накіраваліся ў базыліку св. Пятра, каб ушанаваць цела благаслаўлёнага.

Памаліцца каля цела Яна Паўла ІІ мелі магчымасць усе прысутныя.

Мерапрыемства асвятлялі звыш двух тысяч журналістаў. Жыхары многіх краін свету змаглі ўбачыць урачыстую літургію ў прамым эфіры. Насельнікі Беларусі маглі далучыцца да літургіі праз онлайн трансляцыю ў Інтэрнэце, якая праходзіла і на нашым партале.


 
© 2003-2024 Catholic.by