Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Распачаўся XV Міжнародны кангрэс каталіцкай дабрачыннай арганізацыі «Рэнавабіс»
Беларусь
02.09.2011 13:34

1 верасня 2011 г. у нямецкім Фрайзінгу распачаўся XV Міжнародны кангрэс каталіцкай дабрачыннай арганізацыі «Рэнавабіс». У форуме прымаюць удзел 19 біскупаў, шматлікія святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі розных дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый. Прысутнічае і дэлегацыя з Беларусі на чале са сваімі іерархамі Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, біскупам Віцебскім Уладзіславам Блінам, Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў у Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам.

Тэма кангрэса — «Сельская мясцовасць у часы зменаў. Выклікі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе». Большасць выступленняў прысвечана праблемам эміграцыі насельніцтва з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы ў высокаразвітыя краіны, праблемам урбанізацыі, якая вядзе да паслаблення рэлігійнага жыцця і  нацыянальных традыцый у карэннага насельніцтва, закранаецца таксама праблема заняпаду сельскай гаспадаркі. На працягу форума прачытаюць даклады і правядуць круглыя сталы каля 20 экспертаў з розных краін Еўропы.

На пачатку кангрэса, адзін з дакладчыкаў - біскуп Ежы Мазур (Польшча) падкрэсліў, што Касцёл, прапаведваючы Евангелле, адначасова імкнецца дапамагаць у вырашэнні сацыяльных праблем ва ўсходняй і цэнтральнай Еўропе.

«Рэнавабіс» — каталіцкая дабрачынная арганізацыя, якая аказвае дапамогу краінам усходняй і цэнтральнай Еўропы, што найбольш пацярпелі ад атэістычнай сістэмы камунізму, у якіх былі разбураны рэлігійныя структуры, а хрысціянская супольнасць зведала пераслед за веру. Пры падтрымцы «Рэнавабіс» у Беларусі было рэалізавана шмат праектаў. Супрацоўніцтва працягваецца і на дадзеным этапе.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.