|
Мітрапаліт Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў італьянскай дыяцэзіі Пінероло |
| Друк | |
|
Беларусь
|
|
07.11.2011 11:30 |
|
6 лістапада 2011 г. па запрашэнні біскупа дыяцэзіі Пінероло (поўнач Італіі) Пьера Джорджыо Дэбэрнардзі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у межах свайго візіту ў гэтую краіну ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў мясцовай парафіі Св. Пятра. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі 25 маладых людзей.
Беларускі іерарх наведаў дыяцэзію Пінероло, каб надалей развіваць супрацоўніцтва з мясцовым Касцёлам. Дыяцэзія Пінероло дапамагае дзецям з Пінскай дыяцэзіі нашай краіны і асабліва са Жлобіна.
У гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч падкрэсліў, што, дзякуючы моцнай веры і сведчанню старэйшага пакалення, вера ў Беларусі была захавана і перададзена маладому пакаленню. Гэтую моцную веру вернікі мелі таксама дзякуючы сакрамэнту канфірмацыі.
Іерарх звярнуў увагу моладзі на тое, што выклікі сучаснасці вельмі моцна ўплываюць на веру чалавека, і той часта дабравольна адракаецца ад яе. Каб супрацьстаяць гэтаму, неабходна з дня на дзень умацоўвацца ў веры. Дапамогай у гэтым становіцца Святы Дух і Яго дары, якія атрымліваем у сакрамэнце канфірмацыі. Мітрапаліт заклікаў маладых людзей адкрывацца на дзеянне Святога Духа, які, перамяняючы сэрцы, перамяняе свет і чыніць яго больш чалавечым.
|