Дэлегацыя з Беларусі прыбудзе на VII Сусветную сустрэчу сем’яў у Мілане | Друк |
Беларусь
28.05.2012 16:17

30 мая ў Мілане (Італія) распачнецца VII Сусветная сустрэча сем’яў. У мерапрыемстве будзе ўдзельнічаць афіцыйная дэлегацыя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на чале са старшынёй Рады па справах сям’і пры ККББ біскупам Антоніем Дзям’янкам і пілігрымы з нашай краіны, што прыбудуць на сустрэчу разам са святарамі.

У межах сустрэчы пройдзе Міжнародны тэалагічна-пастаральны кангрэс, на якім іерархі Касцёла разам з сем’ямі паразважаюць на тэму сёлетняй сустрэчы — «Сям’я, праца і адпачынак». Трохдзённы кангрэс збярэ некалькі дзясяткаў тысяч удзельнікаў, у тым ліку 104 дакладчыкі з 27 краін свету. Сярод выступаючых — 4 кардыналы, 7 біскупаў, выкладчыкі ВНУ, сацыёлагі, псіхолагі, эканамісты і прававеды. У праграме мерапрыемства прадугледжаны таксама гульні, забавы, спартыўныя спаборніцтвы для малодшых удзельнікаў сустрэчы — ад 3 да 17 гадоў.

Важнай падзеяй VII Сусветнай сустрэчы сем’яў стане вялікая выстава «Міжнародны кірмаш сем’яў», што адбудзецца 29 мая–2 чэрвеня. Уся праграма сустрэчы накіравана на тое, каб, па словах старшыні Папскай рады па справах сям’і кардынала Эніа Антанэллі, заахвоціць яе ўдзельнікаў да стварэння падобных ініцыятыў у сваіх краінах.

Усе жадаючыя змогуць азнаёміцца з афіцыйнай бібліятэкай Сусветнай сустрэчы сем’яў, дзе можна будзе знайсці літаратуру на сямейную тэму, у прыватнасці аб ролі бацькоў, дынаміцы сям’і, навучанні Касцёла і палітыцы дзяржаў у адносінах сям’і.

Папа Бэнэдыкт XVI прыбудзе ў Мілан 1 чэрвеня і ў гэты ж дзень сустрэнецца з удзельнікамі мерапрыемства на галоўнай плошчы горада. Вечарам Папа прыме ўдзел у канцэрце ў тэатры «La Scala». Па словах арганізатараў сустрэчы, упершыню Пантыфік будзе прысутнічаць на канцэрце як кіраўнік Касцёла. На канцэрт запрошаны таксама афіцыйныя дэлегацыі ўсіх епіскапатаў свету і дзяржаўныя ўлады.

Увечары 1 чэрвеня ў міланскай катэдры і парафіях распачнецца эўхарыстычная адарацыя на тэму «Сям’я, праца і адпачынак» — адзін з галоўных пунктаў Сусветнай сустрэчы сем’яў. 2 чэрвеня ў міланскай катэдры Папа сустрэнецца з духавенствам і кансэкраванымі асобамі, а таксама з сем’ямі. У межах сустрэчы адбудзецца «Дзень сведкаў». Урачыстым завяршэннем Сусветнай сустрэчы сем’яў стане святая Імша пад кіраўніцтвам Пантыфіка 3 чэрвеня ў 10 гадзін, у якой прымуць удзел каля мільёна вернікаў.

Сусветная сустрэча сем’яў — важная падзея для ўсяго Касцёла. Сустрэча сем’яў розных краін з Папам паклікана ўмацаваць сучасную сям’ю ў веры, надзеі і любові. Просім аб малітве ў інтэнцыі сем’яў, якія прыбудуць у Мілан, а таксама сем’яў ва ўсім свеце.

А. Пётр Фраштэнга, сакратар Рады па справах сям’і пры ККББ

 
© 2003-2026 Catholic.by