Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Нацыянальная сустрэча сем’яў у Гудагаі: каб больш было сем’яў, што жывуць хрысціянскімі каштоўнасцямі
Беларусь
16.07.2012 15:45

Раз у год сем’і з усёй Беларусі збіраюцца ў санктуарыі Маці Божай. Падобныя сустрэчы па ініцыятыве Рады па справах сям’і пры ККББ ужо адбыліся у Будславе, Браславе, Лагішыне і Тракелях. Месцам сёлетняй сустрэчы стаў санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі.

14 ліпеня на VI Нацыянальную сустрэчу сем’яў у Гудагай прыбылі шматлікія сужэнцы разам з дзецьмі. Некаторыя пераадолелі больш за 500 км, каб аддаць сябе ў апеку Маці Божай, Каралеве шкаплера. У сустрэчы ўдзельнічаў біскуп Пінскі і старшыня Рады па справах сям’і Антоні Дзям’янка, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары, адказныя за душпастырства сем’яў у дыяцэзіях, сёстры законныя.

Кусташ санктуарыя а. Казімір Мараўскі, вітаючы ўдзельнікаў сустрэчы, адзначыў: «Бог абдымае нас любоўю Хрыста і Маці. А праз Марыю Бог аб’яўляе нам сваю любоў». Святар дадаў, што «пад крыжам Хрыста нарадзілася Марыя — Маці Божай Любові», чыя «мацярынская любоў з’яўляецца для нас дарам», яна «дадзена нам Богам на ўсе шляхі нашага жыцця».

У канферэнцыі кусташ распавёў пра набажэнства да Маці Божай Шкаплернай, пра гісторыю і ўзнікненне святога шкаплера, што можа прыняць кожны чалавек, які любіць Марыю.

У гэты дзень каля 150 чалавек склалі абавязкі па нашэнні шкаплера, які дапаможа чалавеку на шляху ў жыццё вечнае, паводле абяцання Маці Божай св. Сымону. Марыя аб’явілася святому ў ноч з 15 на 16 ліпеня 1251 г. У акружэнні анёлаў, указваючы на шкаплер, учыніла яго знакам сваёй Матчынай апекі, сказаўшы: «Гэта будзе прывілей для цябе і для ўсіх кармэлітаў — хто ў ім памрэ, не зведае агню пякельнага». Паводле традыцыі, шкаплер сведчыць аб прысвячэнні сябе Марыі, даверу да Яе матчынай любові і жаданні так, як яна, прысвяціць сябе служэнню бліжнім. Шкаплер з’яўляецца знакам імкнення да свядомай і сяброўскай любові да Найсвяцейшай Панны.

Прывілеі нашэння кармэлітанскага шкаплера:

1. Хто памрэ ў ім, не будзе асуджаны.
2. Той, хто носіць шкаплер як ушанавальнік Маці Божай, запэўнівае сабе яе апеку для душы і цела ў зямным жыцці і асаблівую дапамогу ў гадзіну смерці.
3. Кожнага, хто пабожна носіць шкаплер і захоўвае чысціню паводле свайго стану, Маці Божая вызваліць з чыстца ў першую суботу пасля смерці.
4. Тыя, хто належыць да Брацтва шкаплера, духоўна злучаны з кармэліцкім законам і павінны ўдзельнічаць у святых Імшах, малітвах, прымаць Камунію, захоўваць пасты.

Па словах кусташа санктуарыя, «шкаплерныя набажэнствы ўводзяць на шлях наследавання Найсвяцейшай Панны Марыі, яе цнотаў і святасці. Праз шкаплер мы ўваходзім у сувязь любові з ёй».

Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту вернікі маліліся на ружанцы і разважалі над словамі гаміліі папы Бэнэдыкта XVI, сказанымі на сёлетняй Сусветнай сустрэчы сем’яў у Мілане.

«Сям’я, праца, святкаванне — гэта тры Божыя дары, тры вымярэнні нашага жыцця, якія павінны мець адпаведную раўнавагу. А такую раўнавагу можа даць толькі вера ў Езуса Хрыста. Перш за ўсё гэта трэба зразумець бацькам і зрабіць так, каб дзеці ведалі, што самы галоўны ў сям’і — Езус, які павінен быць Гаспадаром кожнага свята», — падкрэсліў сакратар Рады па справах сям’і а. Пётр Фраштэнга.

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Антоні Дзям’янка, які ў гаміліі адзначыў, што такія сустрэчы праводзяцца на ўзор Сусветных сустрэч сем’яў, якія заснаваў папа Ян Павел ІІ. Іх мэта — «паказаць, якой важнай ячэйкай сёння ў грамадстве з’яўляюцца сем’і, якія імкнуцца да жыцця ў святасці». Іерарх выказаў пажаданне, каб «у нашай краіне такіх сем’яў, што жывуць хрысціянскімі каштоўнасцямі, было як найбольш».

«Маці Божая хоча вучыць нас, як прайсці праз жыццё з Езусам і малітвай на вуснах», — дадаў біскуп. Іерарх заклікаў сем’і «прыняць і захоўваць хрысціянскую маральнасць».

Падчас Імшы вернікі дзякавалі Богу за моцныя сужэнствы і маліліся за сем’і, якія перажываюць крызіс, цяжкасці, за разбітыя сем’і і за дзяцей, закранутых гэтымі праблемамі.

Літургію ўпрыгожваў спевам хор дзяцей і моладзі «Жалейка» з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце.

Пасля Імшы ўдзельнікі свята сустрэліся пры супольным стале. Быў час на размовы, успаміны, памятны здымак з біскупам Антоніем Дзям’янкам. Пасля абеду адбыўся Крыжовы шлях, на працягу якога вернікі разважалі над мукай і смерцю Хрыста.

Няхай Маці Божая, Каралева святога шкаплера, апякуецца сем’ямі нашай краіны!

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме