Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мелодыя для Кангрэса
Беларусь
29.08.2012 11:11

28 жніўня ў Белдзяржфілармоніі адбыўся канцэрт I,CULTURE Orchestra. У праграме прысутнічалі чатыры творы вядомых кампазітараў.

Пасля кароткай прамовы аб аркестры, таленавітым 20-гадовым дырыжоры Іллічы Рывасе, самім праекце і апекунах прынеслі крэслы і пюпітр для салістаў. Адзін з іх устаў, і па гучанні ягонай скрыпкі ўвесь сімфанічны аркестр настроіў свае інструменты і прыціх у чаканні дырыжора. З яго прыходам геніяльная музыка П. І. Чайкоўскага загучала і ажыла пад рухамі дырыжорскай палачкі.

Паспрабуйце пад уверцюру да «Рамэа і Джульетты» думаць аб сваім і далёкім — музыка верне вас у цёмную ноч Вероны, у гоман людзей, у жорсткасць і парывістасць нянавісці, якая засцілае ўвесь свет, каб раптам ахінуць пяшчотай і чысцінёй юнацкіх пачуццяў. Магчыма, вас уразіць тое ж, што і мяне — нараджэнне простай і прыгожай тэмы любові сярод істэрыі і гвалту. Мелодыя нібы ўзнікае нечакана, але сцвярджае, што была заўсёды, надаючы сэнс, адчыняючы сэрцы на супакой і любоў... Можна было б паўтараць яе бясконца, толькі ў рэальным жыцці, як і ў Чайкоўскага, гармонію заглушаць трэвожныя шэпты, цяжкія думкі і адкрытая прага помсты. Гэтае нарастанне агрэсіі абрываецца пранізлівай цішынёй непапраўнага зла. І нават пасля такіх змрочных начэй узыходзіць сонца, нават пасля такіх трагедый магчыма пакаянне і прымірэнне, надзея і міласэрнасць.

Менавіта гэтая ўверцюра прыгадала мне тое галоўнае, чым парадаваў Кангрэс каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі «Католікі — мы тут ёсць» у Гродне. Калі каталіцкія журналісты, выдаўцы, блогеры і спачуваючыя ехалі на першы свой кангрэс, няпэўнасці было шмат, нягледзячы на падрабязную праграму мерапрыемства. Ці не адчуем мы сябе музыкантамі з вызначанай партыяй і кіраўнічым дырыжорскім узмахам? Любы ж з нас сам сабе кампазітар, дырыжор і выканаўца.

Але з кожным новым дакладам, з кожным новым знаёмствам і абменам меркаваннямі і досведам расла радасная ўпэўненасць, што сабраліся людзі, якія чуюць у сабе голас Хрыста — гэтую непаўторную мелодыю жыцця і любові — і пакліканыя перадаць яе іншым людзям.

«Трэба, каб сродкі масавай камунікацыі ў мітусні сучаснага свету сапраўды дапамагалі чалавеку знайсці Хрыста і выхоўвалі яго на хрысціянскіх каштоўнасцях з мэтай даць яму новую надзею, нават насуперак надзеі», — выказаў гэтую думку Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Усе звароты і прамовы высокіх прадстаўнікоў Касцёла давалі зразумець, што кожнага журналіста цэняць менавіта як творцу, які нават у жорсткасці, трагізме і істэрыі свету можа несці людзям Добрую Навіну.

Толькі сёння набор інструментаў, якімі могуць карыстацца СМІ, вельмі пашырыўся, таму пры «напісанні музыкі» нельга іх не ўлічваць. Было б дзіўна, калі б кампазітар чуў у сабе музыку і ляніўся запісваць яе або не ведаў, як задзейнічаць палову інструментаў. Нават геніяльны твор не загучыць, калі дырыжор не будзе любіць музыку, а музыкант, які не валодае інструментам, не стане салістам...

Кожны з нас унікальны і мае розныя таленты, але каб данесці сваё пасланне, варта навучыцца правільна і своечасова ўжываць новыя тэхналогіі, развівацца, а не стаяць на месцы. Не мне вам расказваць, як — пераглядзіце трансляцыі, перачытайце даклады, спытайцеся ў прафесіяналаў, шукайце ЦУ ў Евангеллі і прызджайце на чарговыя канферэнцыі і кангрэсы.

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.