Касцёл і СМІ: у Баранавічах пройдзе семінар для свецкіх журналістаў | Друк |
Беларусь
21.12.2012 14:54
У пачатку сакавіка 2013 года ў катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах адбудзецца семінар для свецкіх журналістаў. Пра гэта на перадкаляднай прэс-канферэнцыі ў Мінску распавёў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Паводле слоў кс. Андрэя Рылкі, аднаго з ініцыятараў правядзення семінара, падзея будзе прысвечана тэме супольнай працы паміж свецкімі журналістамі і Касцёлам у Беларусі: як можна пісаць пра падзеі ў Каталіцкім Касцёле, адкуль чэрпаць інфармацыю і як можна выбудоўваць адносіны паміж Касцёлам і свецкімі СМІ?

«Спадзяёмся, што семінар будзе максімальна практычны і адкрыты. Больш дакладная інфармацыя будзе пададзена пасля Новага году», — зазначыў кс. Рылка.

Семінар у Баранавічах стане працягам ініцыятывы Касцёла ў Беларусі па супрацоўніцтве са СМІ. Нагадаем, што 25–26 лютага 2012 у Баранавічах праходзіў адкрыты навукова-практычны семінар «Евангелізацыя i новыя сродкі камунікацыі», 24—26 жніўня 2012 г. у Гродне прайшоў Першы кангрэс каталіцкіх СМІ пад назвай «Католікі — мы тут ёсць». А 24 лістапада ў Мінску адбылася майстэрня на тэму «Як пісаць каталіцкія навіны?» з удзелам украінскай журналісткі, рэдактара Рэлігійна-інфармацыйнай службы Украіны Алены Кулыгінай.

(JLS)
 
© 2003-2024 Catholic.by