Святы Айцец прыняў прашэнне біскупа Уладзіслава Бліна аб адстаўцы | Друк |
Беларусь
25.02.2013 14:14

25 лютага 2013 года Папа Бэнэдыкт XVI прыняў прашэнне біскупа Уладзіслава Бліна аб адстаўцы з выканання паслугі пастырскага кіравання Віцебскай дыяцэзіяй у Беларусі, згодна з кан. 401 § 2 Кодэкса Кананічнага Права.

Адначасова Святы Айцец прызначыў Апостальскім адміністратарам sede vacante et ad nutum Sanctae Sedis Віцебскай дыяцэзіі ксяндза прэлата Францішка Кіселя, да гэтага Генеральнага вікарыя той жа дыяцэзіі.

Канон 401§ 2 Кодэкса Кананічнага Права гаворыць, што «дыяцэзіяльнаму біскупу, які па слабасці здароўя ці іншай важнай прычыне будзе не цалкам здольны выконваць свае абавязкі, настойліва прапануецца падаць просьбу аб адстаўцы».

фБіскуп Уладзіслаў Блін нарадзіўся 31 мая 1954 г. у Свідвіне Кашалінскага ваяводства ў Польшчы (бацькі яго родам з Беларусі). Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Влацлаўку і 25 мая 1980 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Вучыўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце і Акадэміі каталіцкай тэалогіі ў Варшаве.

У 1989 г. вярнуўся ў Беларусь, на гістарычную радзіму сваіх бацькоў, пачаў працаваць пробашчам катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве, дзе ў 1992 г. заснаваў Міжнародны экуменічны фестываль «Магутны Божа».

У 1998 г. атрымаў ступень доктара тэалагічных навук.

13 кастрычніка 1999 г. дэкрэтам папы Яна Паўла ІІ прызначаны біскупам Віцебскай дыяцэзіі. Біскупскую сакру атрымаў 20 лістапада 1999 г. з рук кардынала Казіміра Свёнтка.

14 чэрвеня 2006 г. абраны намеснікам старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by