Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Новым Папам абраны кардынал Хорхе Марыа Берголіа, які ўзяў сабе імя Францішак
Беларусь
13.03.2013 22:18

Новым Папам абраны кардынал Хорхе Марыа Берголіа. Яго абранне адбылося 13 сакавіка падчас вячэрняй сесіі канклаву.

У 21 гадзіну 6 хвілін (па беларускім часе) з коміна Сікстынскай капэлы пайшоў белы дым, пачалі біць званы базылікі Святога Пятра, а праз некаторы час кардынал-протадыякан Жан-Луі Таран абвясціў імя Папы, да гэтага — кардынала Берголіа, які ўзяў сабе імя Францішак. Праз некалькі хвілін сам новаабраны Папа выйшаў на лоджыю, каб прывітаць вернікаў.

Новы Папа стаў 266-м, і гэта першы Папа, які паходзіць з Амерыкі і з Лацінскай Амерыкі ў прыватнасці. Першы Пантыфік-езуіт. Яму 76 гадоў. Яго папярэднік, сённяшні Рымскі Пантыфік на пенсіі Бэнэдыкт XVI, 11 лютага падчас кансісторыі ў Апостальскай Сталіцы, абвясціў аб сваім рашэнні скласці з сябе паўнамоцтвы Наступніка святога Пятра. 

Новаабраны Папа Францішак нарадзіўся 17 снежня 1936 г. у Буэнас-Айрэсе (Аргенціна) у сям'і італьянскага эмігранта — работніка чыгункі. Належыць да Ордэна езуітаў, у які ўступіў 11 сакавіка 1958 г. У 2005–2008 гг. узначальваў епіскапат Аргенціны. Да абрання — арцыбіскуп Буэнас-Айрэса і Прымас Аргенціны. Член Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, Кангрэгацыі па справах Духавенства, Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, Папскай рады па справах сям'і.

Папа Францішак абраны на адным з самых кароткіх канклаваў у гісторыі — на другі яго дзень.

(AG)



 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.