Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальскі Нунцый, арганізатар і ўдзельнікі — пра ўражанні ад Дыяцэзіяльных дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі
Беларусь
12.05.2013 19:38

Юбілейныя ХХ Дыяцэзіяльныя дні моладзі, якія 10-12 мая прайшлі ў Ваўкавыску на базе парафіі Св. Станіслава Косткі, адзначыліся дэвізам «Ідзіце і навучайце ўсе народы». Сярод удзельнікаў сустрэчы — каля 1400 чалавек. Сваімі ўражаннямі ад свята падзяліліся з Сatholic.by Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які ў другі дзень сустрэчы ўзначаліў літургію і ўдзельнічаў у размове з маладымі вернікамі, галоўны арганізатар сустрэчы кс. Антоні Грэмза і сама моладзь.

Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці:

«Беларуская моладзь мае значна большую адкрытасць на Евангелле, чым у іншых краінах Еўропы. У Беларусі моладзь, якую я бачу, — гэта людзі добрыя і глыбокія. Гэтыя дабрыня і глыбіня спалучаюцца ў іх. Дай Бог, каб так было ўвесь час, нам трэба ўмець заўважаць і цаніць гэта. Бо там, дзе прыходзіць жаданне багацця, жаданне грошай, — там вельмі часта знікае чалавечая глыбіня. І пакуль у нас, святароў, ёсць магчымасць, мы павінны працаваць, каб пасля не шкадаваць аб тым, што моладзі ў Касцёле ўжо няма. Таму гэта вялікая адказнасць для нас і надзея».

Кс. Антоні Грэмза, арганізатар Дыяцэзіяльных дзён моладзі ў Ваўкавыску:

«Кожныя дні моладзі для мяне новыя. Ужо на працягу васьмі гадоў я маю магчымасць сваімі вачыма бачыць гэтую цудоўную атмасферу, якая ёсць тут. Бачыць, як змяняецца моладзь, як яна перажывае свае жыццёвыя праблемы і ставіць пытанні, якія больш за ўсё яе турбуюць. Мне, як кіраўніку Дзён моладзі, гэта дае штуршок для таго, каб тут моладзь змагла знайсці адказы, каб змагла знайсці сэнс жыцця і адчуць радасць ад таго, што яна жыве ў Касцёле. Таксама такія сустрэчы — яшчэ адна магчымасць для моладзі ўбачыць, што яна не адна — побач з імі такія ж маладыя хлопцы і дзяўчаты з каталіцкім поглядам на жыццё. Дні моладзі для мяне — гэта багацце, кожны раз я вучуся ў моладзі і адкрываю для сябе штосьці новае».

Эльвіра Лісоўская (в. Сапоцкін):

«Дыяцэзіяльныя дні моладзі — гэта сапраўднае свята для ўсіх тых, хто хоча перажыць свае маладыя гады разам з Езусам, кіруючыся словамі з Евангелля паводле Мацвея: «Ідзіце і навучайце ўсе народы!» Сустрэча ў Ваўкавыску — гэта цікавае спалучэнне супольнай малітвы, катэхезы, эўхарыстычнай адарацыі з аднаго боку і інтэграцыйных гульняў, танцаў, тэматычных інсцэніровак і канцэртаў моладзевых гуртоў — з другога. Кожны ўдзельнік сустрэчы мае магчымасць знайсці нешта для сябе, адчуць сябе не толькі госцем, але, у нейкім сэнсе, і гаспадаром «багата застаўленага святочнага стала, за якім б’юцца маладыя сэрцы сапраўдных вучняў Хрыста».

  Віялета Навіцка (г. Гродна):

«На гэтых Днях моладзі я ўпершыню. Новыя сябры, новыя эмоцыі, новае падарожжа. Усё гэта мяне вельмі захапляе. Ведаеце, я адчула, як ласка Божая напаўняе кожнага чалавека. Любоў Бога, любоў да Бога, любоў дзеля Бога — гэта ўсё і ёсць Дні моладзі ў Ваўкавыску. На самой справе гэта новы кавалачак новага жыцця».

Дзяніс Паўловіч (в. Забалаць):

«Вось ужо каторы год я ўдзельнічаю ў ДДМ. Кожны раз адкрываю для сябе штосьці новае. Я кажу не толькі пра новыя знаёмствы і новых сяброў, але пра новыя якасці сапраўднага хрысціяніна. Дзякуючы надвор'ю, якаснай арганізацыі і традыцыі ДДМ, я разумею  што мы як вугалькі ад агню: чым нас больш, тым мы ярчэй. Kатэхеза і шматлікія разважанні, якія падтрымліваліся песнямі і танцамі, надаюць упэўненасці ў тым, што Kаталіцкі Kасцёл, які быў столькі гадоў над прыгнётам, — уваскрасае ў нашай моладзі з вялікай сілай».

Годрыс Анванакукву (Нігерыя):

«Я родам з Нігерыі. Мне 21 год. Я вучуся ў Гродне ў медыцынскім універсітэце. Будучы кардыёлаг-неўролаг. У Беларусі я ўжо сем месяцаў, пакуль яшчэ не зусім добра размаўляю па-руску, але спадзяюся, што ў бліжэйшы час мову падцягну. Я ўпершыню на Днях моладзі ў Беларусі, і мне вельмі тут падабаецца. Гэта здорава, што такія сустрэчы тут традыцыйныя. У Нігерыі такія сустрэчы таксама праводзяцца, але яны не збіраюць шмат народу — у нас, у адрозненні ад Беларусі, мусульман больш, чым католікаў. Увогуле мне вельмі спадабалася ў Ваўкавыску. Вельмі добрае месца, тут спакойна і вельмі сяброўская атмасфера».

Паўлінка Жых (г. Смаргонь):

«Для мяне Дні моладзі — як мой дзень нараджэння: адзін раз у годзе, але кожны раз, як свята, кожны раз сюрпрызы, мора радасці, акіян эмоцый і ўсе блізкія і патрэбныя людзі побач.

Ёсць адно цікавае назіранне: пасля ДДМ я паўгода ўзгадваю пра іх, а затым паўгода рыхтуюся да наступных ДДМ! І так ужо каля чатырох гадоў: без зменаў!

І дзялюся сваёй парадай на наступны год на ДДМ: вылучаем тры дні з 365 дзён у годзе, набіраем сяброў, перапаўняем заплечнік добрым настроем і ўсмешкамі, добра ядзім, «Ойча наш», «Вітай, Марыя» і «Тваёй абароне» перад дарогай, і наперад — праслаўляць Пана і дзяліцца Ім з іншымі! Дзякуй за выдатны духоўны адпачынак! Так трымаць!» 

Маргарыта Муліца (г. Ліда):

«Гэтыя Дні моладзі для мяне пятыя. І на кожных Днях моладзі я паглыбляю сваю веру. Адным з незабыўных момантаў з'яўляецца катэхезa, на якой мы нанава адкрывалі галоўныя праўды веры, на якіх засноўваецца каталіцызм. Найважнейшай сярод іх з'яўляецца тое, што ў нас адзін Бог. Будучы католікамі, мы вызнаём Яго моц і сілу, верым у ласку і міласэрнасць. Апрача Яго для нас не існуе ніякага іншага боства. Ён наш Пан і Валадар — і гэта я чарговы раз зразумела ў Ваўкавыску. Я лічу, што гэтыя Дні моладзі застануцца незабыўнымі не толькі для мяне, але і для ўсей моладзі, сабранай у Ваўкавыску!»

 

Падрыхтавалі кс. Юрый Марціновіч, АG

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме