Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Касцёл і спорт: у чаканні Чэмпіянату Еўропы па міні-футболе сярод святароў
Беларусь
19.02.2014 14:44

Беларусь рыхтуецца прыняць удзельнікаў VIII Чэмпіянату Еўропы па міні-футболе сярод святароў, які адбудзецца 24-28 лютага ў Лідзе. Гэта будзе добрая нагода, каб падзякаваць Богу за дар спорту, праз які чалавек трэніруе сваё цела, розум і волю, даведваючыся, што гэта дары Творцы.

У касцёльнай рэальнасці спорт прыжыўся ўжо даўно. Трэба перадусім адзначыць, што дзякуючы гульні і спорту Касцёл увайшоў асаблівым чынам у жыццё моладзі простым і эфектыўным спосабам. Кажучы пра Беларусь, трэба прыгадаць хоць бы спартыўныя мерапрыемствы, такія як парафіяды, якія арганізаўваюцца Гродзенскай дыяцэзіяй і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй ужо шмат гадоў, рэгулярныя спартыўныя сустрэчы ў многіх парафіяльных супольнасцях, удзел дзяцей і моладзі ў розных спартыўных спаборніцтвах у нашай краіне і за яе межамі.

Пра ўдзел у «добрых спаборніцтвах» ужо ўзгадваў святы апостал Павел, пішучы ліст да Цімафея (2 Цім, 4-7). Таксама, пішучы ліст да Карынцянаў, ён прыгадваў пра стадыён, спорт і ўзнагароды: «Ці вы не ведаеце, што на стадыёне бягуць усе бегуны, але ўзнагароду атрымлівае адзін? Дык бяжыце так, каб атрымаць»(1 Кар 9, 24).

У Карынце, дакуль дайшоў Святы Павел, абвяшчаючы Евангелле, знаходзіўся вялікі стадыён, на якім праводзілі «істмійскія гульні». Апостал народаў жадаў заахвоціць хрысціянаў той мясцовасці, каб яны ўсімі сіламі уключыліся ў «жыццёвыя спаборніцтвы», нібы ва ўдзел у спартыўнай гонцы. Падчас гэтай гонкі на стадыёне бягуць усе, але толькі адзін становіцца пераможцам.

Словы Святога Паўла дапамагаюць усвядоміць, што кожны хрысціянін пакліканы быць добрым спартсменам Хрыста, гэта азначае верным і адважным сведкам Яго Евангелля. Але, каб паспяхова спаўняць гэтае заданне, трэба быць трывалым у малітве, практыкавацца ў цнотах і ва ўсім пераймаць Божага Настаўніка.

Падчас набліжэння Чэмпіянату Еўропы па міні-футболе сярод святароў, у якім прымуць удзел каманды 13 краін: Беларусі, Аўстрыі, Албаніі, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, Казахстана, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі і Чарнагорыі, 
свет спорту аб’яднаецца ў адно, каб праз малітву, спеў, удзел у спартыўных спаборніцтвах і рух заспяваць гімн хвалы і падзякі Богу. Гэта будзе добрая нагода, каб падзякаваць Богу за дар спорту, праз які чалавек трэніруе сваё цела, розум і волю, даведваючыся, што кожнае з іх — дар Творцы.

На сёння спорт мае вялікае значэнне, бо можа спрыяць распаўсюджванню сярод моладзі важных каштоўнасцяў, такіх, як лаяльнасць, вытрымка, сяброўства, супольнасць, салідарнасць. Менавіта таму ў апошні час спорт развіваецца як адна з характэрных з’яў сучаснасці, свайго роду «знак часу», які выказвае новыя патрэбы і новыя чаканні чалавецтва. Спорт распаўсюдзіўся ва ўсіх частках свету, напрыклад, зараз адбываюцца зімовыя Алімпійскія гульні ў Сочы, мы бачым, якая колькасць людзей назірае за бягучымі падзеямі і радуецца з тымі, хто паўдзельнічаў у «добрых спаборніцтвах» і «атрымаў узнагароды».

Спартсмены пакліканы, каб рабіць спорт тэрыторыяй сустрэчы і дыялогу, незалежна ад усялякіх моўных, расавых ці культурных бар’ераў. Калі Папа Бэнэдыкт XVI прымаў групу лыжных інструктараў, сказаў: «Дзякуючы спартыўнай актыўнасці, асоба лепш разумее, што яе цела не можа быць трактавана як прадмет, але праз цялеснае ўвасабленне яна выказвае сама сябе і стварае адносіны з іншымі».

Святы Айцец узгадаў, што, займаючыся спортам з запалам і этычным пачуццём, мы не толькі маем дачыненне да навукі здаровага суперніцтва, але таксама што спорт становіцца школай паглыблення агульначалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Спорт можа ўнесці каштоўны ўклад у пагадненні паміж народамі і паспрыяць умацаванню ў свеце новай цывілізацыі любові.

Спорт можа быць з душпастырскага боку прызнаны як «сучасны арэапаг», які ўжо з даўніх часоў прапагандуе Касцёл. Мэтай спорту з’яўляецца новая евангелізацыя. Гэта ідзе побач з місіянерскім пакліканнем Касцёла, які з кожным разам усё больш актывізуецца, каб Евангелле было прысутнае на ўсёй прасторы чалавечага жыцця. Рэлігія і спорт разам дапамагаюць будаваць здаровы лад жыцця ў грамадстве.

Для святароў, якія прыедуць у Ліду, каб разыграць Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе, будзе час для адпачынку ад штодзённых абавязкаў у сваіх парафіяльных супольнасцях. Кожны святар павінен быць моцны не толькі духоўна, але і фізічна. Гэтаму фізічнаму ўзмацненню дакладна дапамагаюць такія спатканні, калі ў здаровым целе здаровы дух.

Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце „Gaudium et spes” падкрэслівае, што, калі вольны час выкарыстоўваецца належным чынам для адпачынку і духоўнага выхавання, умацавання фізічнага і псіхічнага здароўя, то тады ўдасканальваецца розум, а людзі ўзбагачаюцца праз узаемнае пазнанне, што становіцца прычынай утрымання раўнавагі духу да братэрскіх адносінаў паміж людзьмі рознага становішча, нацыянальнасцяў і розных рас. (№61)

Падсумоўваючы ўсё, трэба адзначыць, што Езус Хрыстус з’яўляецца сапраўдным Божым «Атлетам», «самым моцным» Чалавекам (пар. Мк 1,7), які для нас распачаў барацьбу з «супернікам» — д’яблам — і перамог яго моцай Святога Духа, усталёўваючы Божае Валадарства. Ён таксама нас вучыць, што, каб увайсці ў славу, трэба прайсці праз цярпенне (пар. Лк 24, 26. 46), і Ён сам прайшоў перад намі той дарогай, каб мы маглі пайсці услед.

Выснова з усяго наступная: не перамога з’яўляецца найважнейшай, але добры намер, прысвечаны час, калі перадусім у кожным спартсмене выпрацоўваецца мужнасць, вытрымкa і самаахвярнасць.

Кс. Юрый Марціновіч, (YUA)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.