26 красавіка – гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС | Друк |
Беларусь
26.04.2014 14:45

26 красавіка адлічваецца 28-ая гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС, сумныя наступствы якой збірае як Беларусь, так і Украіна, і Расія і іншыя краіны. 

Напярэдадні, 22 красавіка, у Мінску адбылася адкрытая дыскусія на тэму «Экалагічныя наступствы радыяцыйных катастроф», якая з аднаго боку была скіравана на разуменне беларусамі праблем, звязаных з трагедыяй на ЧАЭС, а з другога боку – разуменнем новых пагрозаў, якія могуць з'явіцца пры будаўніцтве АЭС у Беларусі, пагрозай ваенных дзеянняў з прымяненнем ядзерных матэрыялаў.

Каталіцкі Касцёл у сваім сацыяльным вучэнні актыўна стаіць на абароне навакольнага асяроддзя і выступае за мудрае ўзаемадзеянне, а не ўмяшальніцтва ў прыроду.

У Кампендыі сацыяльнага вучэння Касцёла адзначаецца, што «ў маральнай перспектыве, якая вызначаецца справядлівасцю і салідарнасцю пакаленняў, трэба надалей шукаць, карыстаючыся дапамогай навуковай супольнасці, новыя крыніцы энергіі, развіваць альтэрнатыўныя і павышаць узровень бяспекі ядзернай энергіі» (арт. 470).

Касцёл таксама адзначае, што «эканоміка, якая звяртае ўвагу на навакольнае асяроддзе, не будзе імкнуцца толькі да максімальнага павелічэння прыбытку, таму што нельга гарантаваць ахову асяроддзя толькі на аснове фінансавага падліку выдаткаў і выгадаў» (там жа, арт. 470)

Каталіцкі Касцёл працягвае заклікаць  да палітычнай адказнасці як кожную дзяржаву, так і дзейнасць міжнародных арганізацый і суб'ектаў эканомікі, адзначаючы: «гэтая адказнасць павінна быць прадыктавана нястомным пошукам універсальнага агульнага дабра» (там жа, арт. 470).

 

Аксана Ючкавіч

 
© 2003-2024 Catholic.by