Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ян ХХІІІ і Ян Павел ІІ абвешчаны святымі
Беларусь
27.04.2014 12:25

Каталіцкі Касцёл мае двух новых святых. 27 красавіка падчас урачыстай Эўхарыстыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане Папа Францішак кананізаваў двух сваіх папярэднікаў - Яна XXIII і Яна Паўла II.

У Імшы ўдзельнічалі шматлікія вернікі з усіх дыяцэзій Беларусі, якія прыбылі ў Ватыкан у арганізаваных групах і індывідуальна. Таксама ў кананізацыі прымалі ўдзел беларускія іерархі: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, які прыбыў у пілігрымцы з вернікамі Гомельшчыны.

Як інфармуе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, пасля просьбы прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынала Анджэло Амата Пантыфік афіцыйна абвясціў двух Папаў святымі, што сотні тысяч пілігрымаў прывіталі гучнымі доўгімі апладысментамі.

На фасадзе базылікі св. Пятра былі вывешаны вялікія партрэты двух новых святых. Пасля афіцыйнага абвяшчэння рэліквіі Пантыфікаў змясцілі на алтары. Рэліквіярый з крывёй Яна Паўла II несла Фларыбэт Дыяс з Коста-Рыкі, якая атрымала выздараўленне праз яго заступніцтва. Менавіта гэты выпадак быў прызнаны ў якасці цуду і стаў падставай для кананізацыі Яна Паўла II. Рэліквіярый з фрагментам скуры Яна XXIIІ неслі яго чатыры пляменнікі.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.