Гара Табор, Табха, дом святога Пятра ў Кафарнаўме: працягваецца пілігрымка беларусаў па Святой Зямлі | Друк |
Беларусь
28.06.2014 07:50

28 чэрвеня беларускія пілігрымы на чале з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам накіравалася на гару Перамянення Пана - Табор, дзе адбылася святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп. Таксама беларусы наведалі возера Геназарэт і гару Благаслаўленняў, Табху і дом св. Пятра ў Кафарнаўме. 

Варта адзначыць, што Эўхарыстыя на гары Табор цэлебравалася ў вонкавай капліцы св. Бенэдыкта з бамбукавым дахам, -- усе выглядала, як у афрыканскай хаціне, толькі на вышыні 580 метраў над узроўнем мора. 

У гаміліі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў аб тым, што ўсе чытанні на свята Перамянення Езуса Хрыста прыгадваюць аб Яго велічы. Гэтая веліч асаблівым чынам праявілася на гары Табор. Езус узяў з сабою апосталаў Пятра, Яна і Якуба і перад імі перамяніўся.

Цярпенняў гэтага свету нельга параўнаць з будучай славай у небе

«Якой была мэта перамянення? – з пытаннем звярнуўся да прысутных іерарх. - Адкрыць славу Cына Божага ў доме нябеснага Айца. Апосталы прызвычаіліся бачыць Езуза такім, якім ён быў на зямлі, падобны да іх і да іншых людзей, хоць і чыніў цуды. Набліжаўся час, калі Езус павінен быў цярпець і нават быць укрыжаваным. Вялікае выпрабаванне чакала Яго вучняў. Таму Езус хацеў паказаць ім, што яго будучыя цярпенні не могуць быць параўнаныя з нябеснай славы. Так таксама будзе і з тымі, хто застанецца яму верным».

«Да гэтай славы пакліканы ўсе і да яе вядзе наша асабістае жаданне жыць паводле  Евангелля», – дадаў у гаміліі мітрапаліт.

 


Месца, дзе можна перамяніцца, альбо наш жыццёвы Табор

Іерарх звярнуў увагу на значэнне сакрамэнту споведзі ў жыцці чалавека: «Канкрэтна перамяненне наступае ў сакрамэнце споведзі. Мы баімся гэтага сакрамэнту і часта яго адкладваем, часта кажам, што нічога дрэннага не зрабілі і не маем з чаго спавядацца. Такое меркаванне памылковае, бо кожны з нас грэшны і кожны патрабуе навяртання. Мы створаны па вобразу і падабенству Божаму. Аднак грэх дэфармуе гэты вобраз. Адрэстаўрававаць яго можа толькі Хрыстус і трэба даць яму магчымасць гэта ўчыніць».
 
«Для гэтага неабходна падняцца на гару сакрамэнту Пакаяння, на наш жыццёвы Табор. Гэта нялёгка, як нялёгка было апосталам падняцца на
тую вышыню Табора, але толькі там яны ўбачылі Пераменянага Пана і толькі там мы можам перамяніцца».

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў удзельнікаў набажэнства да духоўнай перамены ў іх жыцці і жыцці ўсяго нашага народа, бо гэта  «адзіны шлях да будучай славы ў Божым Валадарстве».

Варта адзначыць Эўхарыстыя цэлебравалася ў вонкавай капліцы св. Бенэдыкта з бамбукавым дахам, -- усе выгладала, як у афрыканскім хаціне, толькі на вышыні 580 метраў над узроўнем мора.

Як апосталы ў чаўне

Пасля Імшы пілігрымы наведалі касцёл Перамяненя Пана і накіраваліся на возера Геназарэт. Некаторыя пілігрымы плавалі на спецыяльным караблі, каб такім чынам наблізіць сітуацыю апосталаў і Езуса, калі яны разам былі на гэтым возеры 2000 гадоў таму. Астатнія адпачывалі на беразе.

Потым пілігрымы наведалі дом св. Пятра ў Кафарнаўме і касцёл, дзе Езус устанавіў першынство Пятра ў Касцёле. Арцыбіскуп пры гэтым нагадаў, што прымат Пятра з'яўляецца гарантыяй еднасці Касцёла, вернасці Евангеллю і непахіснасці яго вучэння. На чале з мітрапалітам пілігрымы памаліліся ў інтэнцыі Папы Францішка.

Размнажэнне хлябоў - прадказанне Эўхарыстыі

Потым пілігрымы накіраваліся ў Табху - касцёл цудоўнага размнажэння хлябоў. Арцыбіскуп у сваёй прамове да прысутных прыгадаў, што цудоўнае размнажэнне хлябоў з'яўляецца прадказаннем устанаўлення Эўхарыстыі як хлеба вечнага жыцця. Калі матэрыяльная ежа падтрымлівае наша біялагічнае жыццё, то Эўхарыстыя падтрымлівае духоўнае і робіць нас больш абагаўлёнымі.

Для лепшага разумення гэтага можна выкарыстаць наступны прыклад, які і ўжыў для яскравай ілюстрацыі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: «Калі мы спажываем шмат мяса, то ў  нашым арганізме становіцца больш жалеза. Калі спажываем шмат малочных прадуктаў, то ў ім больш кальцыя і г.д. Такім чынам ежа змяняе нас. Нешта падобнае, толькі ў духоўным сэнсе, адбываецца і з прыняццем Эухарыстыі, менавіта яна абагаўляе нас».

Арцыбіскуп заклікаў прысутных цаніць Эўхарыстыю, як рэальную і паўсюдную прысутнасць Езуса на зямлі, дзе цэлебруецца Эўхарыстыя, і як мага асцей прымаць у ёй удзел, асабліва па нядзелях і ў святы.

Указальнікі да шчаслівага жыцця


Напрыканцы доўгага дня пілігрымы наведалі Гару Благаслаўленняў. У сваім звароце да прысутных іерарх падкрэсліў, што восем благаслаўленняў, якія Езус прамовіў з гэтага месца, - гэта духоўная праграма жыцця кожнага хрысціяніна. Калі мы хочам, каб наша жыццё было шчаслівым і каб мы маглі  будаваць цывілізацыю любові і жыцця, нам неабходна звярнуцца да гэтых благаслаўленняў як да дарожных указальнікаў нашага жыцця.

(AYU), (KNR) 

 
© 2003-2021 Catholic.by