Беларускія пілігрымы здамiнавалi марыйнyю працэсію ў Назарэце | Друк |
Беларусь
29.06.2014 01:49
28 чэрвеня ўдзельнікі Усебеларускай пілігрымкі на Святую Зямлю наведалі базыліку Звеставання Пана ў Назарэце і прынялі ўдзел у працэсіі з фігурай Маці Божай Назарэтанскай.
 
Такія працэсіі адбываюцца ў мясцовай святыні кожную суботу. У працэсіі ўдзельнічаюць не толькі мясцовыя католікі (у асноўным арабскага паходжання), але таксама і пілігрымы з розных краін свету. Працэсія пралягае па вуліцы Назарэта, а затым збочвае ў падворак базылікі. Пры гэтым выконваюцца марыйныя спевы і адмаўляецца Ружанец. Малітва на Ружанцы аднак асаблівая: першая частка малітвы «Ойча наш» і «Вітай Марыя» прамаўляюцца на адной мове, другую ж частку малітваў кожны пілігрым прамаўляе на сваёй роднай мове.

Першую таямніцу радаснай часткі Ружанца адмаўлялі па-італьянску, другую таямніцу – па-арабску, трэцюю – па-беларуску, чацвёртую – па-англійску і пятую – па-польску.

Варта адзначыць, што беларускіх вернікаў было так шмат, што словы іх малітвы на беларускай мове выразна перабівалі іншыя мовы.

Адметна і тое, што фігуру Маці Божай Назарэтанскай падчас працэсіі неслі чатыры мужчыны з беларускай пілігрымкі. 

Завяршылася працэсія ў дольнай частцы базылікі ля капліцы Звеставання. Напрыканцы набажэнства рэктар базылікі а. Бруна Варыяна падзякаваў прысутным вернікам і асабліва беларускім пілігрымам за ўдзел. Ён узгадаў учарашнюю падзею асвячэння мазаікі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай і адзначыў, што дзякуючы гэтай мазаіцы Беларусь знаходзіцца ў цеснай лучнасці з Назарэтам. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў рэктару за цёплыя словы ў адрас беларусаў і ўдзяліў прысутным вернікам благаслаўленне.
 
                                                             

(Ул. інф.)

 
© 2003-2024 Catholic.by