У Беларусі распачаўся юбілейны кінафестываль “Magnificat-2014” | Друк |
Беларусь
24.08.2014 20:15

24 жніўня святой Імшой у Архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску распачаўся юбілейны Х Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлевізійных праграмаў "Magnificat-2014".  На фестывалі, які працягнецца да 28 жніўня, будуць прадстаўлены 43 кінастужкі з розных краін свету, пераважная колькасць якіх з Расіі, Беларусі і Польшчы.

Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, таксама былі прысутныя дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, арганізатары, удзельнікі фестывалю і вернікі, які ў гэты час прыйшлі на нядзельную Эўхарыстыю.

Разам паказаць свету прыгажосць Евангелля

Нясенне евангелля ў сучасны свет – мэта, якую акрэсліў для фестывалю мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас прамоўленай гаміліі. Таксама іерарх адзначыў, што такога роду фестываль з’яўляецца адказам Касцёла, хрысціянства ў цэлым на выклікі сучаснага свету, з’яўляецца яшчэ адным крокам у супрацьстаянні сучасным антыкаштоўнасцям.

Мітрапаліт агучыў дэвіз фестываля “Каб усе былі адно”, адзначыўшы, што правядзенне фестывалю – гэта яшчэ і чарговы крок да збліжэння саміх хрысціянаў, якія разам павінны паказаць свету прыгажосць Евангелля.

Таксама іерарх запрашаў да малітвы ў інтэнцыі гэтага фестывалю і яго будучыні, каб прадстаўленыя для конкурсу стужкі былі практычна выкарыстаны як сродкі евангелізацыйнай дзейнасці.

У дзень адкрыцця першыя працы былі прадстаўлены  ў касцёле Свв. Сымона і Алены ў Мінску, на другі ж дзень удзельнікі фестывалю пераязджаюць на поўнач Беларусі, у горад Глыбокае, дзе і будзе працягнуты паказ стужак. Апрача Глыбокага некалькі карцін будуць прадстаўлены ў мясцовасці Удзела.

Мастацкая якасць расце, з’яўляюцца новыя краіны-ўдзельніцы

Юбілейны фестываль праводзіцца ў юбілейны год таксама для яго заснавальніка і арганізатара, рэжысёра Юрыя Гарулёва, якому ў 2014 – спаўняецца 70 год. Сам арганізатар, “бацька фестывалю”, адзначыў высокую якасць прац, падкрэсліўшы, што кожная стужка, якая будзе прадстаўлена ў конкурсе, магла б стаць удзельнікам любога іншага міжнароднага кінафестывалю.

Таксама ён паведаміў, што ў гэтым годзе на алеі фестывалю “Magnificat” з’явяцца два дрэўцы, якія будуць сімвалізаваць новых краін-удзельніц – Казахстан і Македонію. Згодна з традыцыяй на гэтай алеі павінна пасадзіць сваё дрэва кожная з краін-удзельніц.

Прагляд карцін распачаўся з прагляду пазаконкурснай стужкі, рэжысёрам якой з’яўляецца, светлай памяці, Кардынал Казімір Свёнтак, 100-гадавіна з дня нараджэння якога будзе святкавацца 21 кастрычніка 2014 года.

Як адзначыў арганізатар фестывалю Юрый Гарулёў, які здымаў фільмы пра кардынала і якому даводзілася дастаткова шмат кантактаваць з іерархам: “Аднойчы ён паклаў перада мною плёнкі, на якіх было напісана – фільмы Казіміра Свёнтка, а потым  запытаў, ці магчыма змантаваць асобныя плёначныя выявы і музычнае агучванне. І мы змантавалі тое, што ў яго было. Было дамоўлена выпусціць трыпціх - тры дыскі, дзе на кожным змяшчаецца па шэсць фільмаў кардынала”.

Адзін з такіх фільмаў з назваю “Над вадою” якраз такі і быў прадстаўлены на пачатку паказу конкурсных фільмаў.

Распавядаючы пра гэтую стужку, рэжысёр Юрый Гарулёў адзначыў прафесіяналізм мантажных лістоў кардынала:  “Я быў вельмі здзіўлены, бо праца кардынала была прафесійнай, нягледзячы на аматарскую плёнку. Пасля я шмат размаўляў на гэту тэму з кардыналам, а ён адказваў, што ўсё вынікала з любові, “фанатычнай у добрым сэнсе”, да Палесся. Кардынал сам выязджаў, быў у лесе і запісваў гукі, такатанне цецерукоў, напрыклад, выконваў дэтальную  працу”.

Рэжысёр падзяліўся інфармацыяй, што апрача чатырох ужо створаных фільмаў пра іерарха, які адрадзіў беларускі касцёл, будзе яшчэ адзін – пра кардынала як проста чалавека, куды будзе ўключана апошняе інтэрв’ю з Казімірам Свёнткам.

Аксана Ючкавіч

 
© 2003-2024 Catholic.by