Легіён Марыі ў Беларусі адзначыў 20-годдзе | Друк |
Беларусь
09.09.2014 15:00

14 жніўня 2014 г. Легіён Марыі ў Беларусі адзначыў 20-гадовы юбілей. Святкаванне праходзіла ў тры этапы – з 14 жніўня па 6 верасня.

14 жніўня легіянеры – сёлета рэкордная колькасць – сабраліся на штогадовыя рэкалекцыі ў Доме Святой Тройцы ў Баранавічах, якія правёў ксёндз Аляксандр Севасцьяновіч, пробашч парафіі Св. Мікалая ў Міры. Многія з прысутных прыступілі да сакрамэнту пакаяння з усяго жыцця, атрымалі плёны заступніцкай малітвы.

Рэкалекцыі завяршыліся 17 жніўня ў пасёлку Мір, куды ўдзельнікі прыехалі з духоўным кіраўніком баранавіцкай курыі Легіёна Марыі айцом Конрадам Патыкам па запрашэнні рэкалекцыяніста. Пасля ўрачыстай святой Імшы парафіяне з Міра пачаставалі гасцей, а тыя падзяліліся сведчаннямі пра сваё служэнне.

Фота бр. Корнэля Консэка SVD
 

3 верасня легіянеры зноў прыбылі ў Дом Святой Тройцы па запрашэнні біскупа Ежы Мазура, які стаяў ля вытокаў Легіёна ў Беларусі. Першая суполка Легіёна была створана 14 жніўня 1994 г. у Доме Святой Тройцы ў Баранавічах менавіта па благаслаўленні айца Ежы Мазура, які ў той час там служыў.

Легіён хутка распаўсюдзіўся па ўсёй Беларусі і сёння налічвае 1200 легіянераў, як актыўных, так і дапаможных, якія стараюцца несці Божае слова туды, дзе яно вельмі патрэбнае, ідуць у шпіталі да хворых, каб падрыхтаваць шлях святару, наведваюць дамы састарэлых, дзіцячыя сацыяльныя прытулкі, змагаюцца за жыццё ненароджаных дзяцей, дапамагаюць святарам у парафіях. Пра ўсё гэта яны размаўлялі на сустрэчы з біскупам Ежы Мазурам, біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам і яшчэ пяццю біскупамі з Польшчы, Латвіі і Літвы, якія сабраліся ў Доме Святой Тройцы з нагоды святкавання 100-годдзя нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка.

Іерархі з цікавасцю выслухалі легіянераў, асабліва ўразіла сведчанне сляпой легіянеркі з Маладзечна Ірыны Фруцкай. Біскупы ў сваю чаргу расказалі пра досвед працы з Легіёнам у сваіх краінах, прамовілі цёплыя словы ў адрас беларускіх легіянераў. Іх уразіла жывая вера апосталаў Марыі, іх радасны настрой і аптымізм. Біскуп Ежы Мазур выказаў пажаданне бачыць у Легіёне больш дзяцей і моладзі. Легіянеры з удзячнасцю прынялі гэтае пажаданне да выканання.

6 верасня легіянеры сабраліся ў Будславе. З нагоды 20-годдзя Легіёна Марыі ў Беларусі ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай на адной са сцен левай бочнай навы была змешчана мармуровая памятная пліта, якая была асвячана ў гэты дзень. Урачыстую святую Імшу цэлебраваў пробашч парафіі ў Лагойску айцец Томаш Красоўскі разам з ксяндзом Юзафам Пятушкам з Барысава і айцом Давідам з Будслава. Пасля набажэнства адбылася працэсія вакол парка з абразом Маці Божай Будслаўскай, у якой разам са святарамі ўдзельнічалі легіянеры і парафіяне.

Сярод спеваў на хвалу Багародзіцы прагучала песня, якую легіянеры назвалі апелем Марыі:

«Марыя, Марыя! О, Апякунка Беларусі!
Марыя! Наш родны край благаслаўляй.
Спакой і згоду дай народу, Марыя!
І кожны з нас кліча ўраз:
— Вітана будзь, Будслаўская Марыя!»

Галіна Калевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by