«Моладзь у Касцёле» | Друк |
Беларусь
04.02.2015 09:54

Арцём Баёк, Цігран Саркісян і Яўгеній Карачынскі з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў сталічным мікрараёне Сухарава — тыя самыя хлопцы, якія распрацавалі адаптаваны для смартфонаў каталіцкі малітоўнік.

Ці стане іх праект камерцыйным, калі чакаць версію «малітоўніка» для iPhone і кім яны бачаць сябе праз 20 гадоў?

Чытай таксама:

 

Арцём і Яўгеній пазнаёміліся падчас падрыхтоўкі да сакрамэнту канфірмацыі, а з Цігранам пасябравалі на біблійных занятках, якія моладзь сухараўскай парафіі праводзіць па нядзелях.

«Ідэя адаптацыі малітоўніка, якім можна было б карыстацца з мабільнага тэлефона, прыйшла да мяне не безпадстаўна. Тэксты Святога Пісання не заўсёды пад рукой, а вось тэлефон кожны трымае пры сабе, чаму б гэта не скарыстаць? — узгадвае Цігран. — Дапрацаваць ідэю і зрабіць дадатак для смартфонаў публічным прапанаваў кс. Андрэй Сідаровіч, які праводзіць у нашай парафіі біблійныя сустрэчы. Ідэю падхапілі, так і пачалося».

Злева направа: Арцём Баёк, Цігран Саркісян і Яўгеній Карачынскі

На той час Арцём Баёк ужо працаваў над стварэннем парафіяльнага сайта. Запуск мабільнага малітоўніка вырашылі спалучыць з запускам сайта.

І пакуль Цігран займаўся распрацоўкай малітоўніка на андроід, Арцём кіраваў яго праектнай часткай і «вёў» сайт. Хлопцы падкрэсліваюць, што духоўным кіраўніком праекта і яго натхняльнікам быў кс. Андрэй.

«Управіліся за шэсць месяцаў. Вядома, можна было і хутчэй, але не заўсёды спорылася з часам, ды й іншыя перашкоды паўставалі», — працягвае Цігран.

«Але мы “наляглі” — і праца скончана, — дадае Арцём. — Спачатку, праўда, не планавалі змяшчаць у малітоўніку чытанні дня. Але як паказвае статыстыка сёння, менавіта чытанні і сталі “разынкай” малітоўніка».

Хлопцы прызнаюцца, што першымі новы дадатак да смартфонаў ацаніла моладзь іх парафіі. Водгукі былі станоўчымі — працавалі не дарма.

Першы ж тыдзень пасля запуску малітоўніка даў і першыя лічбы: за тыдзень новы App быў спампаваны 418 раз, пры гэтым толькі раздзел з малітвамі быў прагляджаны ў суме 5 тысяч разоў (!).

Пасля выхаду версіі на смартфон хлопцы зразумелі, што запатрабаваным стане і спецыяльная версія iOS для тэлефонаў iPhone. Так да каманды далучыўся Яўгеній Карачынскі.

Сёння кожны з хлопцаў працуе ў сферы праграмавання, па адукацыі ж толькі Яўгеній мае профільную адукацыю. Арцём атрымаў дыплом эканаміста ў БДУІРы, Цігран скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ.

 

«Калі атрымаецца, то праз тыдзень будзе выпушчана версія для iPhone»

«Праца над iOS ужо ідзе. Зараз галоўнае — яе скончыць і тады будзем глядзець, — распавядае Яўгеній. — Калі ўсё атрымаецца, дадатак будзе гатовы ўжо праз тыдзень. А там працэс зацвярджэння на App Store можа заняць да двух тыдняў».

Свой прадмет Яўгеній ведае. У адрозненне ад Ціграна і Арцёма, якія карыстаюцца андроідам, у Яўгенія якраз айфон.

Хлопцы кажуць, што сёння да іх усё часцей звяртаюцца ўладальнікі якраз гэтай маркі тэлефона, бо мабільная версія малітоўніка працуе пакуль толькі для андроідаў.


Тым часам папулярнасць мабільнага дадатку прывяла да таго, што на хлопцаў выйшаў святар з Украіны.

«Мы атрымалі ліст ад украінскага святара, якому вельмі спадабалася распрацаваная намі версія мабільнага малітоўніка, — прыгадвае Арцём. — Ён вельмі зацікавіўся праектам і прапанаваў нам распрацаваць тое ж самае і для ўкраінцаў. Зараз працэс на стадыі абмеркавання».

«Мы, вядома, паспрабавалі запытацца: няўжо ва Украіне няма свайго распрацоўшчыка? Але па адказу мы зразумелі, што патрэбных людзей няма, таму і адпаведнага дадатку ў смартфонах таксама», — заключае Арцём.

Цікаўлюся камерцыйным бокам распрацаванага мабільнага дадатку: ці не думалі яны зарабіць на сваёй працы?

Хлопцы кажуць, што версію малітоўніка на андроід зрабілі бясплатна. Гэтаксама задарма зробяць і дадатак для ўкраінцаў.

У адзін голас хлопцы адказваюць, што пытанне пра грошы не ідзе: «Зарабляць на верніках — непрыгожа. Не па-хрысціянску гэта. Не бачым у гэтым асаблівай карысці, таму гэта ідэя нам і ў галаву не прыходзіла».

 

«Праз 20 гадоў? Мы застанемся ў Касцёле і будзем працягваць займацца праграмаваннем»


Якія планы у хлопцаў далей?

Арцём Баёк:

— Ідэй шмат. Выпушчаныя ж намі дадаткі мы будзем рэгулярна абнаўляць.

Яўгеній Карачынскі:

— Ёсць таксама ідэя стварыць адмысловы электронны каляндар на ўвесь год з урачыстасцямі і святамі. Таксама хацелася б дадаць туды лакальныя уведамленні, якія будуць прыходзіць карыстальніку аўтаматычна, нагадваючы пра святы. Уявіце, як было б крута, калі бярэш тэлефон, а табе высвечваюцца бліжэйшыя касцёлы з раскладам Імшаў.

Цігран Саркісян:

— Літаральна днямі мы змясцілі ў малітоўнік і брэвіярый. Зараз працуем над тэхнічнымі дапрацоўкамі. Беларускія тэксты мы не знайшлі, затое выйшлі на рускую брэвіярыя.

Хлопцы кажуць, што яшчэ не думалі пра ўласны Start-up. Пакуль працуюць над тым, што ўжо ёсць. А яшчэ шукаюць у дапамогу Windows-распрацоўшчыка.

А кім бачаць сябе праз 20 гадоў?

Яўгеній: «Віртуальная рэальнасць набірае такія абароты — думаю, нашы платформы могуць страціць актуальнасць ужо праз пяць гадоў...»

«Але віртуальныя падарожжы па касцёлах розных краін свету – чым не праект для распрацоўкі?» — усміхаецца Арцём.

«Ніхто не ведае, як павернецца жыццё. Не факт, што з праграмістамі не стане гэтак жа, як з юрыстамі ці эканамістамі. Але кожны з нас, думаю, хацеў бы стварыць сваю фірму», — усміхаючыся, працягвае Яўгеній.

«У любым выпадку, і праз 20 гадоў мы застанемся ў Касцёле, і ў праграмаванні, — кажа Арцём. — Дарэчы, калі ў кагосьці будуць ідэі — ведайце — у Беларусі ёсць прынамсі тры праграмісты, гатовыя ўзяцца за рэалізацыю патрэбных Касцёлу праектаў», — усміхаецца хлопец.

«А яшчэ праз 20 гадоў мы ўсе, як мінімум, пастарэем, — з усмешкай дадае Цігран. — А далей — будзе бачна. Як Бог дасць».

Гутарыў Ілья Лапато
фота аўтара

Таксама ў рубрыцы «Моладзь у Касцёле»:

1. Выпуск першы

2. Выпуск другі

3. Выпуск трэці

4. Выпуск чацвёрты

 
© 2003-2024 Catholic.by