Беларускі гісторык Мікалай Нікалаеў выдаў кнігу пра навагрудскі цудадзейны абраз Маці Божай | Друк |
Беларусь
28.02.2015 08:25

25 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў межах круглага стала «Старажытнасці Навагрудчыны» адбылася прэзентацыя выдання «Кніга цудаў Наваградскай іконы Багародзіцы як помнік гісторыі ХVII стагоддзя» беларускага гісторыка і грамадскага дзеяча Мікалая Нікалаева.

Гэта выданне змяшчае публікацыю арыгінала і пераклад на сучасную беларускую мову выдання 1673 г., прысвечана гісторыі і апісанню цудаў Навагрудскай іконы Багародзіцы. Аўтар змясціў у кнізе кароткі гістарычны нарыс Наваградка ў час атрымання гэтага абраза, а таксама мясцовай рэзідэнцыі ордэна езуітаў.

 



Вядома пра чатыры экземпляры кнігі-арыгінала 1673 года. Адзін знаходзіцца ў Кракаве, другі — у Варшаве, трэці — у Вільні, а чацвёрты, якім і карыстаўся аўтар пры падрыхтоўцы выдання, — у Пецярбургу, у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы.

Як адзначыў аўтар у прадмове да кнігі: «я спяшаюся надрукаваць тэкст вельмі рэдкай кнігі пра гэты абраз і сабраныя звесткі пра гісторыю навагрудскіх езуітаў, якія ім валодалі, каб далучыць да абмеркавання гістарычнай спадчыны землякоў і сяброў».
Гаворачы пра ідэю выхада кнігі, гісторык дадаў, што зусім нядаўна НАН РБ падрыхтавала выданне «Гісторыя Навагрудка — з глыбінь стагоддзяў до нашых дзён» (Мінск, 2014), у якой абмінула тэму цудадзейных абразоў, якіх у гісторыі зямлі Адама Міцкевіча было тры. Вырашыўшы запоўніць гэтую «белую пляму», аўтар і падрыхтаваў сваё выданне.

Зацікаўленасць Мікалая Нікалаева, які зусім нядаўна адзначыў 60-гадовы юбілей, Навагрудчынай невыпадковая. Ён вучыўся ў навагрудскай СШ № 4, дзе пад уплывам свайго настаўніка гісторыі — Пятра Мазуры, ён пачаў захапляцца вывучэннем гісторыі. У 1967 годзе вучнем удзельнічаў у навагрудскай археалагічнай экспедыцыі, пасля якой і вырашыў стаць студэнтам гістарычнага факультэта БДУ.

Сёння Мікалай Нікалаеў жыве і працуе ў Санкт-Пецярбурзе, займаючы пасаду загадчыка аддзела рэдкіх кніг Расійскай нацыянальнай бібліятэкі. З'яўляецца аўтарам шматлікіх манаграфій па беларускай кніжнай культуры: «Палата кнігапісная» (Мінск, 1993), «Беларускі Пецярбург» (Санкт-Пецярбург, 2009), «Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага» (Мінск, 2009) і іншых.

Таксама навуковец з'яўляецца адным з заснавальнікаў і членам прэзідыума Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Апрача прэзентацыі кнігі ў Мінску, 27 лютага Мікалай Нікалаеў наведаў і Навагрудак, дзе прэзентаваў сваё выданне мясцовай інтэлегенцыі.

Зацікаўленыя ў набыцці новай кнігі пра цудадзейны абраз і гісторыю Навагрудчыны, могуць звярнуцца да аўтара, напісаўшы на e-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .

Аксана Ючкавіч

 
© 2003-2024 Catholic.by