Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка асвяціў першы камень новага будынка Апостальскай Нунцыятуры | Друк |
Беларусь
13.03.2015 22:12

13 сакавіка ў межах свайго візіту ў Беларусь Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка кардынал П’етро Паралін асвяціў першы камень новага будынка Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску.

Ад імя дзяржаўных уладаў на цырымоніі асвячэння прысутнічаў Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей. У важнай падзеі з жыцця Каталіцкага Касцёла прынялі ўдзел усе прадстаўнікі епіскапату Беларусі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў.

Апостальская Нунцыятура будзе пабудавана ў цэнтры Мінска па праекце архітэктара Паола Руджэра.

Прысутныя госці ўдзельнічалі ў цырымоніі падпісання акта аб будаўніцтве — дакумента, які ўрачыста распачынае будаўніцтва, закладку. Пасля падпісання дакумент быў змешчаны ў металічную капсулу і ўмураваны.



Урачыстую падзею ўпрыгожваў хор парафіі Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы, якая знаходзіцца недалёка ад месца пабудовы.

Вуглавы камень — першы пакладзены камень або цагліна, што распачынае будову. Раней на ім змяшчалася імя будаўніка, сёння дадаецца таксама інфармацыя аб даце будаўніцтва і г.д.

Пад будову новай святыні і сакральных будынкаў кладзецца вуглавы камень, які бярэцца з месцаў, асвечаных Божай прысутнасцю. Гэта робіцца ў знак лучнасці з падзеямі Адкуплення.


(AYU)
Фота Віталія Палінеўскага
 
© 2003-2021 Catholic.by