Свята ў Будславе стала таксама святам беларускай вышыванкі | Друк |
Беларусь
04.07.2015 10:37

Фэст абраза Маці Божай Будслаўскай сам па сабе з'яўляецца аднаўленнем беларускай хрысціянскай традыцыі, аднак у гэтым годзе нацыянальны характар свята быў асабліва заўважным.

Значная частка пілігрымаў, у падаўляючай колькасці маладых, прыйшлі ў Будслаў у беларускіх вышытых кашулях, футболках з нацыянальным арнаментам ці са стужкамі з народнымі ўзорамі.

"Касцёл у нашай краіне вельмі клапатліва ставіцца да беларускай культуры; вышыванкі — гэта частка нашай культуры і самабытнасці; і калі гэта спрыяе ўмацаванню самасвядомасці, калі гэта частка нашай культуры, якую мы пачынаем шанаваць, прынамсі, такім чынам — я думаю, гэта вельмі добрая справа", - казаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч у канцы мінулага года, каментуючы рост папулярнасці народных строяў і ўзораў у Беларусі.

Прапануем вашай увазе падборку фота ўдзельнікаў Будслаўскага фэста 2015 года ў вопратцы з нацыянальнымі арнаментамі.

"Я сам з'яўляюся парафіянінам Будслаўскага санктуарыя, кожную нядзелю прыходжу на Імшу, лічу, што нацыянальнае адзенне мы павінны апранаць, каб людзі памяталі, што яны маюць сваё адзенне", — дзеліцца Віктар Апанасевіч з Будслава, які, апрануты ў нацыянальную кашулю і падперазаны пасам, праходзіцца па плошчы каля санктуарыя ў чаканні ўрачыстай Імшы.

У брата Яўгена Голуба, які спяшаецца па сцежках парка сярод парасонаў, якія абараняюць ад сонца, з-пад хабіта свецяцца белыя манжэты з чырвоным арнаментам. Адна кашуля з нацыянальным арнаментам — і нават манаскі хабіт становіцца больш урачыстым і святочным.

Брат Яўген кажа, што, калі прыязджаеш у Нацыянальны санктуарый, які ў нас адзін у краіне, то і адзенне варта мець нацыянальнае.

«У нацыянальны ў нацыянальным» — кажучы коратка, але дакладна.

«А чаму і не апранаць, нават проста таму, што гэта прыгожа і яно сваё», — дадае пілігрым Антось Паплёўка з Лагойска.

Аляксандр Гелагаеў, Аксана Ючкавіч

 
© 2003-2024 Catholic.by