«Маліцца аб тым, каб у Беларусі заўсёды хапала знакаў прысутнасці Бога»: у Будславе прадставілі прэзентацыю «Год кансэкраванага жыцця» | Друк |
Беларусь
03.07.2015 23:48

“Ці можа быць пакліканне да кансэкраванага жыцця сумным?” – гэтае пытанне гучала падчас прэзентацыі на тэму “Год кансэкраванага жыцця”, якая была прадстаўлена ў межах урачыстасцяў у Будславе 3 ліпеня а. Міхаілам Цвячкоўскім МІС.

Адказ на гэтае пытанне быў адмоўны. Прэзентацыя прадстаўляла кансэкраваных асобаў як тых, якія знаходзяць радасць у сваім служэнні Богу і людзям і ўносяць гэтую радасць у жыццё.

Як адзначалася падчас прэзентацыі, сваё натхненне служыць іншым “кансэкраваныя асобы чэрпаюць з непаўторнага спаткання з Богам”. Кансэкраваныя асобы на зямлі – гэта “прыклад жыцця, у якім, вольныя ад прывязанасці да матэрыяльных рэчаў, яны ставяць сваёй мэтай служэнне Богу і бліжнім”.


“Сёння Хрыстус патрабуе тых, хто будзе знакам Яго прысутнасці ў свеце”, - адзначыў а. Міхаіл Цвячкоўскі. Святар звярнуўся да кожнага маладога чалавека са словамі: “Калі ты адчуеш у сэрцы прагненне пайсці за Езусам – не бойся сказаць Яму “так””.

“Перажываючы Год кансэкраванага жыцця, мы разам з вамі хочам дзякаваць Богу за гэты цудоўны дар”, - гучала ў прэзентацыі.

Прадстаўнікі кожнай законнай супольнасці, якая працуе ў Беларусі, выступілі, назваўшы свой лейтматыў. Айцец Міхаіл Цвячкоўскі заахвоціў пілігрымаў, калі яны пачуюць знаёмую ім супольнасць, падтрымаць выступленне яе прадстаўніка апладысментамі. Моладзь радасна вітала кансэкраваных асобаў.


“Разам з вамі мы хочам маліцца да Маці Божай Будслаўскай аб тым, каб у Беларусі заўсёды хапала знакаў прысутнасці Бога”, - сказаў сабраным а. Міхаіл Цвячкоўскі. Пасля ўсе разам памаліліся “Вітай, Марыя”.

Анастасія Грышан


 
© 2003-2021 Catholic.by