Вернікі Беларусі разам з Францыяй у малітве | Друк |
Беларусь
14.11.2015 17:32

Каталіцкі Касцёл у Беларусі складае малітвы за ахвяраў злачынных атак у Парыжы, якія адбыліся познім вечарам 13 лістапада.

14 лістапада ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў 18.30 адбудзецца святая Імша ў інтэнцыі загінулых і іх блізкіх.

Таксама ў нядзелю, 15 лістапада, у архікатэдры пройдзе Імша ў гэтай інтэнцыі, якая транслюецца на беларускім радыё ў 8.15.

Вернікі Беларусі ў гэтыя два дні моляцца за ахвяраў і іх сем’і, а таксама аб супакоі на зямлі, аб тым, каб кожны памятаў, што мы браты і сёстры, галоўным пакліканнем зямнога жыцця якіх з’яўляецца любоў адзін да аднаго.

У Мінску да пасольства Францыі прыносяцца кветкі, беларусы выказваюць салідарнасць.

Некаторыя палітыкі, якія каментуюць гэтую трагедыю, адзначаюць, што адказнасць за яе нясе не толькі ісламскі радыкальны тэрарызм, але і палітычныя дзеячы, для якіх прагматызм і імгненная выгада сталі вышэй за каштоўнасці.



Познім вечарам 13 лістапада ў Парыжы адбылася серыя тэрактаў, у выніку якіх загінула больш за 120 чалавек.

З 14 лістапада ў горадзе ўведзена «надзвычайнае становішча»: зачынены навучальныя ўстановы, мэрыі, бібліятэкі, спартыўныя залы і інш.

Аксана Ючкавіч

 
© 2003-2024 Catholic.by