Айцу Чэславу Курэчку ўручана прэмія Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» | Друк |
Беларусь
13.01.2016 00:15

12 студзеня адбылося ўручэнне прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне», спецыяльных прэмій Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва, а таксама спецыяльнай прэміі Прэзідэнта «Беларускі спартыўны Алімп». Сярод лаўрэатаў прэміі «За духоўнае адраджэнне» быў і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы а. Чэслаў Курэчка МІС.

Айцу Чэславу Курэчку прэмія прысуджана за важны ўнёсак у захаванне міжканфесійнага міру і нацыянальнай згоды, а таксама за актыўны ўдзел у духоўна-асветніцкай дзейнасці Беларусі і прапаганду здаровага ладу жыцця.

Прэмія а. Чэслава Курэчкі стала пятай па ліку прэміяй каталіцкім дзеячам за ўсю гісторыю яе ўручэння.



Падчас цырымоніі, як паведамляе БЕЛТА, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўручэнне гэтых прэмій адкрывае Год культуры. «Гэта кажа аб тым, што дзяржава надае велізарнае значэнне развіццю такой важнай сферы, як культура, – падкрэсліў Прэзідэнт. – Галоўная задача – актывізаваць інтэлектуальныя і духоўныя сілы нашага народа, падтрымаць ініцыятыву ў мэтах захавання гістарычнай спадчыны, пад’ёму на новы ўзровень сучаснага мастацтва і выхавання ў грамадзян любові да сваёй Радзімы».

Прэзідэнт дадаў, што падчас Года культуры ўвага будзе надавацца не толькі розным напрамкам мастацтва, але і духоўнаму жыццю грамадзян.

(AG)

Фота БЕЛТА


 
© 2003-2020 Catholic.by