Студэнцтва з Богам, або што такое стыпендыяльны фонд св. Яна Паўла ІІ? | Друк |
Беларусь
09.03.2016 07:00

У суседняй Польшчы існуе спецыяльны фонд св. Яна Паўла ІІ, які выдзяляе стыпендыі на вучобу студэнтам з розных куткоў былога Савецкага Саюза, у тым ліку і беларусам.

Спецыяльны дом фонда знаходзіцца ў Любліне. У ім на сёння дзень жыве больш за 100 студэнтаў, сярод якіх украінцы, беларусы, узбекі, рускія, літоўцы. Гэтыя людзі сабраліся тут невыпадкова, бо кожны з іх атрымаў стыпендыю на вучобу ў Каталіцкім універсітэце ў Любліне (КУЛ). І вучацца яны на самых розных спецыяльнасцях: інфарматыка, філасофія, псіхалогія, эканоміка і іншыя.

Фонд св. Яна Паўла ІІ –— гэта магчымасць для тых, хто хацеў бы паспрабаваць свае сілы ў іншай культуры, мове і звычаях. Не трэба мець польскія карані або якія-небудзь іншыя спецыфічныя якасці. Адзінае –— трэба быць хрысціянінам, які хоча сумяшчаць практыку веры і адукацыю ў добрым польскім універсітэце.

Той, хто трапляе сюды, атрымлівае бясплатную адукацыю, а разам з ёй вельмі добрую стыпендыю, якая дапамагае быць цалкам аўтаномным у гэтай краіне.

Фонд — гэта свайго роду маленькая сям'я, дзе людзі добра ведаюць адзін аднаго, часта сустракаюцца і маюць агульныя справы. Напрыклад, раз на пяць гадоў наведваюць разам Рым, кожны год — санктурый Маці Божай Чэнстахоўскай. Кожную нядзелю ўдзельнічаюць у супольнай Імшы. І штодзень ідуць наперад у ажыццяўленні сваіх мараў.

Студэнты з Беларусі, якія вучацца ў КУЛе, распавялі пра тое, адкуль даведаліся пра гэты фонд і як праходзіць іх вучоба.

Ганна, Віцебск:

«Я выхоўвалася ў няпоўнай і не вельмі багатай сям'і. Калі мне было 13 гадоў, мы з братам прынялі адно з самых важных рашэнняў у нашым жыцці — перайшлі ў каталіцтва. З тых часоў каталіцкая супольнасць стала для мяне сапраўдным домам, і менавіта адтуль я даведалася пра фонд. І хоць я не мела польскіх каранёў і амаль не ведала польскай мовы, стараннасць у вучобе дапамагла мне атрымаць гэтую стыпендыю. Так я стала студэнткай гістарычнага факультэта ў Каталіцкім універсітэце Любліна. Перад гэтым я яшчэ павучылася год у Мінску.

На другім курсе ў мяне была магчымасць на адзін семестр паехаць у Ягелонскі ўніверсітэт у межах праграмы MOST. Але адважуся сказаць, што менавіта ў КУЛе я адчувала сапраўды спрыяльную атмасферу для ўласнага развіцця. Цяпер я ўжо з'яўляюся аспіранткай інстытута гісторыі. Дадам, што мяне заўсёды вабіла магчымасць даследваць аб'ектыўныя гістарычныя факты без цэнзуры і тэматычных абмежаванняў. 

Хочацца сказаць яшчэ некалькі слоў пра дом фонда, куды можна заўсёды прыйсці, каб памаліцца, падзяліцца сваім шчасцем з іншымі і папрасіць аб дапамозе, калі яна патрэбна. Тут ты адчуваеш, што з'яўляешся жаданым госцем.

У гэтым фондзе я знайшла таксама трывалую духоўную апеку святароў, новых сяброў, а таксама велізарны шанец для ўласнага развіцця».

Юрась, Маладзечна:

«Пра фонд Яна Паўла II я даведаўся падчас рэкалекцый ад сваіх знаёмых, якія ўжо вучыліся ў Любліне. І паколькі іх водгукі былі вельмі натхняльныя, я вырашыў паспрабаваць. Летам 2015 года, у жніўні, я прыехаў на падрыхтоўчы курс у Люблін. Напрыканцы гэтага курса я здаваў два экзамены, адзін па польскай мове, другі — з уласнага профільнага прадмета (у маім выпадку гэта была гісторыя). І ў мяне атрымалася.

Зараз я вывучаю еўрапеістыку. Гэты напрамак звязаны з працэсамі ўнутранай інтэграцыі Еўропы, а таксама тычыцца вывучэння правоў ЕС. Вучоба тут не вельмі цяжкая, да польскай мовы я хутка прызвычаіўся. Мне вельмі падабаецца вучыцца, і я раю іншым паступаць у Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт!»

Аляксандр, Паставы:

«Пра фонд я даведаўся ад свайго парафіяльнага святара. На той момант у маёй сям'і былі пэўныя цяжкасці, таму я і вырашыўся паспрабаваць свае сілы і зрабіць нешта новае. У вырашэнні пытанняў з дакументамі мне дапамаглі святары, за што ім — шчыры дзякуй. У пачатку ліпеня 2015 года мне прыйшоў ліст з дома фонда з запрашэннем на падрыхтоўчы курс у Люблін. Калі я прыехаў сюды, то быў здзіўлены добрым стаўленнем святароў і супрацоўнікаў фонда да студэнтаў.

Праз месяц, пасля іспытаў, нам паведамілі, што прынялі ўсіх. Потым пачалася вучоба. Выкладчыкі з разуменнем ставяцца да нас, іншаземцаў. У доме фонда не адчуваеш сябе як у звычайным інтэрнаце, бо гэта нешта большае, тут адчуваеш сябе як дома. Я вельмі шчаслівы, што трапіў сюды!»

Для паступлення ў КУЛ трэба валодаць польскай мовай. Тэрмін падачы дакументаў — 31 красавіка. Перад вучобай усе іншаземцы прымаюць удзел у падрыхтоўчым курсе. Гэты курс уключае ў сябе  вывучэнне польскай мовы і профільнага прадмета, які потым прыдасца ва ўніверсітэце. Менавіта гэты курс вызначыць, ці стане фонд св. Яна Паўла ІІ домам і для абітурыента.

Спіс патрэбных для паступлення дакументаў:

  • Ліст з матывацыяй паступлення ў КУЛ (напісаны ад рукі)
  • Анкета кандыдата (трэба спампаваць)
  • Анкета, запоўненая пробашчам
  • Характарыстыка ад біскупа
  • Копія атэстата
  • Копія пасведчання аб сканчэнні курсаў польскай/замежнай мовы (не абавязкова)
  • Копія дыпломаў з алімпіяд (па жаданні)
  • Ксеракопія пашпарта (са старонкі, дзе знаходзіцца здымак)
  • Фота (1 шт.)
  • Канверт са зваротным адрасам (без марак)
  • Пасведчанне аб польскім паходжанні (калі ёсць)

Старонка Дома фонда ў сеціве: www.dfjp2.pl

Андрэй Сантоцкі, стыпендыянт фонда св. Яна Паўла ІІ 


 
© 2003-2024 Catholic.by