Сучасны іканапіс як заклік да захавання хрысціянскіх каштоўнасцяў прадставілі ў галерэі «Універсітэт культуры» | Друк |
Беларусь
21.03.2016 14:37

Выява Бога, святых, біблейскіх сюжэтаў з’яўляецца неабходным элементам рэлігійнага культу. Адна з формаў праявы боскай ісціны — стварэнне святых малюнкаў, прызначаных быць пасярэднікам паміж Божым і зямным светам. Такое адлюстраванне знайшло месца ў «навіцкіх іконах» у выставе пад назвай «Прыпавесці». Гэта міжнародны праект, які прадставіў паказ сучаснага іканапісу з пленэру ў Навіцы (Польшча).

Мастакі з розных традыцый і школ спрабавалі расказаць біблейскія тэксты канонаў з дапамогай мастацкіх сродкаў, блізкіх сучаснаму чалавеку. Пачынаючы з 2009 года, Таварыства сяброў Навіцы (Малапольскае ваяводства) разам з кафедрай сакральнага мастацтва Львоўскай акадэміі выяўленчага мастацтва арганізоўвае ў Навіцы ў цэнтры Братэрства грэка-каталіцкай моладзі Сарэпта пленэры для мастакоў, якія абапіраюцца на традыцыі царкоўнага мастацтва.

У двухтыднёвым пленэры прынялі ўдзел 40 мастакоў з Польшчы, Украіны, Беларусі, Літвы і Грузіі. Рыхтуючы свае працы, аўтары звярнуліся да тэмы прыпавесцяў, тэкстаў Старога і Новага Запавету, паспрабавалі раскрыць сакральную тэматыку ў шырокім сэнсе.

«Гэта не толькі сустрэча мастакоў за працай, але перш за ўсё нагода ўзяць удзел у супольнасці хрысціян, якія належаць да розных веравызнанняў і абрадаў, якія разам перажываюць і сузіраюць Слова Божае», — лічыць куратар выставы Матэуш Сора.

Гэтая імпрэза аб’ядноўвае ў хрысціянскую супольнасць усе еўрапейскія народы. Тут можна ўбачыць нацыянальныя рысы каталіцкага і праваслаўнага мастацтва, якія з’яўляюцца фундаментальнымі і актуальнымі для ўсіх удзельнікаў выставы.

«Сёння, калі на зямлі робіцца столькі нядобрых рэчаў, тыя тэмы, якія прадстаўлены тут, у галерэі, нагадваюць нам пра нашу сярдэчную шчодрасць, пра тое, пра што мы можам забыцца, і гэтая забыўчывасць можа стаць для нашай планеты страшным выбухам», — адзначыла удзельнік мастацкага пленэру з Беларусі Наталля Лось. 

У першыя гады навіцкія пленэры былі своеасаблівым эксперыментам, што заключаўся ў стварэнні прасторы для сустрэчы творцаў з розных канфесій, якіх аб’ядноўвае захапленне іконай як жывым вобразам.

Падчас стварэння сваіх прац мастакі мелі шанс засяродзіць сваю ўвагу на тым, што сапраўды важна для чалавека ў гэтым свеце. Гэтаму спрыялі разважанні над Святым Пісаннем, размовы, штодзённыя малітвы.

«Я вельмі рада, што ў нас можно убачыць такую выставу, таму што бывае гэта не часта. Калі прыходзіш на такую выставу — ламаюцца стэрэатыпы і адчуваецца вольнасць мастака выражаць свае думкі. Цікавая праца з колерам, уздзеянне яго на гледача, пластыка і лёгкасць — усё гэта аказвае своеасаблівае ўражанне»,  — адзначыла маладая мастачка Наталля Уласевіч.

Як распавёў аўтар незвычайнай выявы «Цар Давід» Аляксей Доўнар, ідэя стварыць выяву ў выглядзе шасціструннай гітары ўзнікла як спроба сумясціць музыку і свой погляд на біблейскія сюжэты.

Наведаць выставу сучасных ікон можна да 10 красавіка па адрасе: г. Мінск, Кастрычніцкая плошча, 1 (Палац Рэспублікі), мастацкая галерэя «Універсітэт культуры», аўторак-субота з 11.00 да 19.00. Уваход вольны.

Віктар Ведзень, (AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by