Беларускія ліквідатары аварыі на ЧАЭС сустрэнуцца з Папам Францішкам у Ватыкане | Друк |
Беларусь
22.03.2016 14:08

20 красавіка Папа Рымскі Францішак прыме на аўдыенцыі ў Ватыкане ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі з Беларусі і Украіны. У сустрэчы з Пантыфікам, як чакаецца, прымуць удзел каля 50 ліквідатараў.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску распавёў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх таксама адзначыў, што на аўдыенцыі разам з групай ліквідатараў будуць і іерархі, у ліку якіх і беларускі арцыбіскуп.

Сустрэча Пантыфіка з ліквідатарамі будзе прымеркавана да 30-годдзя з дня аварыі на ЧАЭС.



Папа Францішак не ўпершыню звяртае асаблівую ўвагу на пытанні экалогіі і навакольнага асяроддзя.

У сваёй энцыкліцы «Laudato si'», прысвечанай праблемам экалогіі, Пантыфік задаецца пытаннем: «Які свет мы хочам перадаць тым, хто прыйдзе пасля нас, дзецям, якія зараз падрастаюць?» Энцыкліка «Laudato si'» — спроба звярнуць увагу вернікаў на гэтае хвалюючае пытанне.

Назва энцыклікі ўзята з воклічу св. Францішка «Laudato si', mi’ Signore» («Будзь праслаўлёны, мой Пане!»), які ў «Гімне стварэнню» нагадвае, што зямля з’яўляецца нашым супольным домам.

«Сёння гэта зямля, зняважаная і разрабаваная, плача, а яе стогн злучаецца з енкам усіх пакінутых у свеце» — гаворыцца ў энцыкліцы. Святы Айцец заклікае ўсіх — як кожнага асобнага чалавека, так і сем’і, мясцовыя супольнасці, народы і міжнародную супольнасць, — да «экалагічнага навяртання».  

Ілья Лапато, Марына Валасар


 
© 2003-2024 Catholic.by