Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мая вера: з рубрыкі «Гавораць дзеці»
Беларусь
18.11.2016 14:10

«Будзьце як дзеці». Гэтыя словы Езус пакінуў нам як запавет: каб наша вера была чыстай, шчырай, непадробнай і бескарыслівай. Як змяняецца жыццё дзіцяці пасля знаёмства з Езусам?

Свае сведчанні па просьбе с. Нунэ Цітаян MSF занатавалі дзеці, з якімі манахіня працавала на катэхетычных занятках. Нізку дзіцячых разважанняў, без аўтарства, рэдакцыя Catholic.by змяшчае ніжэй.

фота выкарыстана ў ілюстрацыйных мэтах

«Аўтарам гэтых допісаў па 9, 10 і 11 гадоў, — гаворыць с. Нунэ Цітаян MSF, аўтар шэрагу дапаможнікаў па катэхетыцы і старшыня Катэхетычнай секцыі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. — Гэта былі як “першакамунійныя” групы дзяцей, так і тыя групы, якія ўжо прынялі Святую Камунію. У канцы года я папрасіла іх пісьмова расказаць, чаму яны навучыліся за гэты час і ці былі карыснымі для іх мае заняткі».

«Калі спавядаюся, адчуваю радасць»

«Калі б у мяне не было веры ў Бога, я грашыў бы, не хадзіў бы ў касцёл, не слухаўся бацькоў і ні з кім бы не сябраваў. Вера ў Пана Езуса зрабіла мяне больш прыязным, справядлівым, шчырым, клапатлівым і шчодрым.

У веры мне падабаецца тое, што вера — гэта цікава і займальна, а яшчэ веруючы чалавек трапіць у рай.

Калі я спавядаюся, я адчуваю, што мне становіцца лягчэй. Калі прымаю святую Камунію, я адчуваю, што Езус стаіць побач са мной. Калі малюся, я адчуваю, што размаўляю з Ім».

фота выкарыстана ў ілюстрацыйных мэтах

«У маёй сям’і вера займае самае бачнае месца. Кожную нядзелю ходзім у касцёл. Молімся па вечарах і раніцай. Я хажу на ўрокі рэлігіі і стараюся не грашыць. Амаль усе мае сябры вераць у Бога, а тых, хто не верыць, я настаўляю на правільны шлях.

Без веры ў Бога маё жыццё было б бессэнсоўным і чорна-белым. Бог напаўняе маё сэрца радасцю. Пасля чаго я прабачаю ўсім і бачу ў іх толькі добрыя якасці».

«Калі я спавядаюся, адчуваю лёгкасць і радасць на душы з-за адпушчэння грахоў. Калі я малюся, я адчуваю кантакт з Богам. Ад Пана Езуса я навучыўся быць такім жа міласэрным, даваць людзям другі шанец і верыць да апошняга.

Усё жыццё без Пана Бога была б іншым. Ува мне выпрацаваліся такія якасці, як узаемаразуменне, любоў да іншых людзей. У маёй веры мне падабаецца святая Імша, рэлігійныя заняткі...»

«Дзякуючы Пану Богу я менш грашу»

«Да таго, як Езус увайшоў у маё жыццё, я не адчуваў, што ў мяне ёсць побач сапраўдны сябар. Езус стаў для мяне прыкладам цярплівасці, умення дараваць.

Хаця гэта яшчэ не заўсёды атрымліваецца: я часта злуюся, праяўляю паспешлівасць, магу не прыняць чыёсьці меркаванне. Аднак і ў гэтых выпадках мне на дапамогу прыходзіць Езус: я рэгулярна хаджу на споведзь. Пасля яе мне становіцца спакайней на душы, і ўсё часцей, перш чым штосьці зрабіць ці сказаць, я думаю, ці не будзе гэта грахом.



Шчыра кажучы, маліцца я лянуюся і, напэўна, мае малітвы яшчэ не заўсёды шчырыя. Але я веру, што Езус і тут мяне не пакіне, бо нават Ён маліўся свайму Айцу, паказваючы нам прыклад. У Езуса я навучыўся рабіць добрыя справы. Зрабіўшы камусьці прыемнае, я таксама шчаслівы».

«Я навучыўся любіць. Я зразумеў, што не трэба баяцца смерці. Я зразумеў, што трэба верыць да апошняга. Я хацеў бы расказаць пра Бога, пра Яго міласэрнасць, справядлівасць. Я сказаў бы, што Бог – наша жыццё. Гэта наш Айцец».


фота выкарыстана ў ілюстрацыйных мэтах

«Пан Бог змяніў маё жыццё да лепшага. З дапамогай малітвы і сустрэчы з Езусам у касцёле я атрымліваю духоўнае багацце. Бог дапамагае мне вырашаць канфлікты без наступстваў.

Дзякуючы Пану Богу я менш грашу і больш дапамагаю. Ён навучыў мяне слухаць. Сваім аднакласнікам, якія адвярнуліся ад Бога, я кажу, што трэба маліцца. Я вельмі люблю Бога. І ў цэлым, Ён мне вельмі дапамагае. Пан Бог змяняе мяне ў лепшы бок».

«Калі б у маім жыцці не было веры, я была б грэшнай, не паважала б іншых людзей, ставілася б да ўсіх з пэўнай агрэсіяй, мяне раздражнялі б іншыя людзі. У маёй душы была б злосць, пачуццё помсты, не было б ніякай дабрыні.



Калі я пачала хадзіць на рэлігію ў касцёл, стала прымаць святую Камунію, спавядацца – я стала больш добрая, справядлівая, шчырая.

У маёй веры мне падабаецца хадзіць на рэлігію, рабіць справы міласэрнасці, прымаць святую Камунію, спавядацца і маліцца. Калі я спавядаюся і малюся, я адчуваю лёгкасць, радасць на душы.

Бог чуе мяне, Ён побач са мной. Ад Езуса я навучылася ўменню дараваць, на зло адказваць дабром, быць справядлівай, любіць бліжніх, як саму сябе».

Што б я хацела сказаць маім аднагодкам пра Бога? 

«Запішыцеся на рэлігію, там вы даведаецеся, як жыць і ўсё пра жыццё нашага Збавіцеля. Людзі, прыйдзіце ў касцёл, паспавядайцеся і прыміце Цела Езуса ў сваё сэрца, вам спадабаецца тое, як вы зблізіцеся з Ім».

«Чым сядзець у нядзелю дома, лепш схадзіць у касцёл і верыць у Пана Бога».

фота выкарыстана ў ілюстрацыйных мэтах

«Сваім аднагодкам я скажу, што не трэба ўцякаць ад Езуса. Калі яшчэ не атрымліваецца быць сапраўдным хрысціянінам, то з Яго падтрымкай і апекай гэта абавязкова атрымаецца».



«Хадзіце ў касцёл, маліцеся, хадзіце на рэлігію, спавядайцеся, будзьце з Богам – Ён святло і ісціна ў нашым грэшным жыцці».

Апрацаваў Ілья Лапато
фота Аляксандры Шчыглінскай

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.