Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Шостая адвэнтавая антыфона | Друк |
Беларусь
01.01.2017 03:54

О, Валадар народаў

Антыфона
О, Валадар народаў,
краевугольны камень, які злучыў усе народы ў адзін Божы люд,
прыйдзі і збаў чалавека,
якога Ты стварыў з зямлі.

Азірніся назад: на мінулы дзень альбо на апошнія 24 гадзіны. ... дзе ты быў? Што рабіў? З кім і як ты правёў гэты час? Дзе і ў чым ты бачыш найбольш жыцця, святла і энергіі? А ў якія моманты жыццё нібы пакінула цябе? Дзе ты заўважыў працу Бога над табой альбо над светам за гэты час? Якія падарункі прынёс пражыты дзень? Ці быў у іх схаваны «залаты самародак»? Размаўляй з Богам пра свае назіранні.

У апісанні Божага нараджэння ў Евангеллі паводле Мацвея прысутнічаюць тры мудрацы з Усходу, якія прыносяць Езусу золата, як сімвал таго, што гэтае Дзіцятка — кароль. Тым не менш, фактычная адсутнасць раскошы ў Святой Сям’і гаворыць нам штосьці вельмі важнае пра нашага Бога. Далейшае жыццё Езуса скажа нам яшчэ больш. Божы Сын выбірае шлях пакоры.

Святы Павел у сваім пасланні да Філіпянаў нагадвае нам пра гэта:

Калі ёсць які заклік у Хрысце, калі ёсць якое падбадзёрванне любові, калі ёсць якая лучнасць духа, калі ёсць якое сардэчнае спачуванне, то дапоўніце радасць маю, каб вы думалі тое самае, мелі тую самую любоў, былі аднадушнымі і аднадумцамі. Нічога не рабіце дзеля разладу ці дзеля пустой пахвальбы, але ў пакоры лічыце адзін аднаго вышэйшым за сябе. Не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых.

Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе.

Ён, будучы ў постаці Бога,
не скарыстаў з таго,
каб быць нароўні з Богам,
але выракся самога сябе,
прыняўшы постаць слугі,
прыпадобніўшыся да людзей.
І з выгляду стаўшы як чалавек,
прынізіў сябе, будучы паслухмяным
ажно да смерці,
смерці крыжовай.
Таму Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усялякае імя,
каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных,
зямных і падземных,
і каб кожны язык вызнаваў,
што Панам ёсць Езус Хрыстус
дзеля хвалы Бога Айца.

Прапануем медытацыю з Духоўных практыкаванняў святога Ігнацыя, якая запрашае нас уявіць сабе зямнога караля і пайсці за ім на бітву.

Каралеўства

Частка першая

Падумай пра сучасны свет з яго праблемамі, патрэбамі і недахопамі... Магчыма, няшчасце якой-небудзь кропкі на Зямлі баліць табе мацней за іншыя.

Цяпер уяві, што з’яўляюцца, нарэшце, людзі, якія нясуць з сабой надзею, бо маюць пэўны план, ведаюць спосаб усё выправіць. Яны валодаюць патрэбнай кваліфікацыяй для выканання гэтай працы. У іх ёсць бачанне і рэалізм, каб разумець сутнасць праблемаў. Выкарыстай сваё ўяўленне, каб убачыць гэтых людзей…. іх знешні выгляд, вопратку, іх манеру паводзінаў, іх жыллё… Прыслухайся, як яны распавядаюць пра сябе… Якія ў іх планы, праекты?... Як яны збіраюцца іх рэалізаваць?... Як яны размаўляюць з іншымі?... Якімі якасцямі валодаюць? Які стыль жыцця вядуць?

Палічым за магчымае, што яны маюць штосьці такое, каб натхніць цябе і павесці за сабою. Ты б здолеў акрэсліць, што гэта магло б быць? Можаш уявіць, што ты ідзеш за імі, працуеш з імі, трываеш, нягледзячы на цяжкасці?

Вось яны сабралі вялікую залу людзей, каб прадставіць свае праекты. Ты знаходзішся там і слухаеш выступы, сочыш за імі. Да чаго яны заклікаюць? Якімі словамі карыстаюцца?

Затым уяві, што ўсе пакінулі залу, акрамя цябе. Ты сядзіш у адзіноце. Ты задаешся пытаннем: як людзі маглі адмовіцца ад такога закліку? Зрэшты, хто мог бы адгукнуцца на яго? Што выбіраю я? Няхай бы і я вырашыў адысці. Што магло падштурхнуць мяне так зрабіць?


Праз некаторы час пераходзім да другой часткі разважання.

Частка другая

Калі пэўныя людзі маглі б прыцягнуць мяне да сябе, то наколькі ж больш — сам Езус.

Уяві, што Езус размаўляе са сваімі 72 вучнямі. Яны сядзяць на пагорку. Паглядзі на іх. Што такога незвычайнага вучні бачаць у Езусе? Чым Ён іх натхняе ісці за Ім? Паспрабуй убачыць, як Ён апрануты... як Ён трымае сябе… які ў Яго позірк…  інтанацыя голасу... Ці мог бы такі чалавек быць прыцягальным менавіта для цябе? Што Ён павінен быў казаць, якімі планамі дзяліцца, каб захапіць цябе? Якія Ягоныя мары здолелі б запаліць тваю душу?

А цяпер паслухай Яго. Якія словы Езуса могуць натхніць цябе да абяцання і захавання Яму вернасці?

І паразважай яшчэ над тым, што пакуль хтосьці задумваецца, ці далучыцца да такога чалавека, як Езус, некаторыя пажадалі быць да Яго як мага бліжэй — куды б Ён ні пайшоў, і што б Ён ні рабіў; застацца з Ім, нягледзячы ні на што; пайсці за Ім і раздзяліць Ягоныя няшчасці і радасці, Ягоны трыумф і Ягоныя паражэнні...

Што ты хочаш сказаць Езусу ў гэты момант?

О, Мудрасць,
    Пан,
    корань Есэя,
    ключ Давіда,
    Усход,
    Валадар народаў
    Эммануэль,
    прыйдзі, Езу.

ф Адвэнтавыя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы» (facebook.com). Пераклад на беларускую мову і апрацоўка тэкстаў — Тэрэса Клімовіч.

Гл. таксама: Адвэнт на Catholic.by: рэкалекцыі з ігнацыянскімі разважаннямі.

 
© 2003-2024 Catholic.by