Міністэрства аховы здароўя прыбрала пункт пра забарону рэлігійных сімвалаў у праекце аб нормах медыцынскай этыкі (+паведамленне курыі архідыяцэзіі) | Друк |
Беларусь
31.12.2016 10:20

Міністэрства аховы здароўя скарэктавала праект пастанаўлення «Аб зацвярджэнні нормаў медыцынскай этыкі і дэанталогіі».

У новай рэдакцыі з Праекта выключаны пункт, які забараняў медыцынскім работнікам «відавочную дэманстрацыю рэлігійнай прыналежнасці і адкрытае нашэнне рэлігійных знакаў і сімвалаў».

Пра гэта 30 снежня праінфармаваў афіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай Царквы church.by.

На сайце апублікаваны вытрымкі з ліста, у якім Міністр аховы здароўя адказвае на ліст Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Паўла.

У прыватнасці, адзначаецца, што «прапановы і заўвагі Беларускай Праваслаўнай Царквы прыняты да ўвагі і абзац пра “недапушчэнне відавочнай дэманстрацыі сваёй рэлігійнай прыналежнасці, адкрытае нашэнне  рэлігійных знакаў і сімвалаў” будзе выключаны Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь з Праекта».

У час, калі рыхтаваўся гэты матэрыял (31 снежня ў 10.00), Каталіцкі Касцёл у Беларусі яшчэ не атрымаў афіцыйнага адказу Міністра аховы здароўя на адкрыты ліст Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ад 23 снежня.

 

Паведамленне курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
«Каталіцкі Касцёл вельмі рады, што Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь выкрасліла з Праекта пастанаўлення “Аб зацвярджэнні нормаў медыцынскай этыкі і дэанталогіі” пункт пра забарону нашэння знакаў рэлігійнай прыналежнасці для медработнікаў.

Касцёл удзячны Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Паўлу за станоўчую пазіцыю ў такой важнай справе, як адкрытае нашэнне знакаў рэлігійнай прыналежнасці. Аднак сам арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пакуль не атрымаў адказу ад Міністэрства аховы здароў’я.

Сітуацыя выглядае такім чынам, што ролю Каталіцкага Касцёла ў жыцці беларускага грамадства ў чарговы раз штучна памяншаюць. Пра гэта сведчыць заніжэнне колькасці вернікаў у набажэнствах на Божае Нараджэнне, сітуацыя з будаўніцтвам касцёла ў мінскім парку Котаўка, а цяпер і маўчанне з боку Міністэрства аховы здароў’я. Гэта яўная дыскрымінацыя Каталіцкага Касцёла».

 
© 2003-2024 Catholic.by