Беларускія католікі на сустрэчы Тэзэ: «Заўжды прыемна, што далёка ад дому знаходзіш аднадумцаў па хрысціянскай веры» | Друк |
Беларусь
04.01.2017 17:33

У Рызе завяршылася 39-я сустрэча моладзі, арганізаваная супольнасцю з Тэзэ. Форум для маладых хрысціян, у якім прымалі ўдзел і беларусы, праходзіў у латвійскай сталіцы з 28 снежня па 1 студзеня.

Сваімі ўражаннямі з Catholic.by дзеляцца Сяргей Федарук з мінскай парафіі Божага Цела і с. Таццяна Гмыза SJE з парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе.  

«Хрыстус, калі адыходзіў з гэтага свету, прасіў сваіх вучняў жыць у адзінстве. Стваральнікі супольнасці Taize якраз і кіраваліся гэтай думкай — быць злучанымі ў адно, — піша сястра Таццяна. — Кожны год у розных гарадах Еўропы моладзь збіраецца ў пілігрымцы даверу, каб маліцца разам і быць знакам надзеі для сучаснага свету, даючы сведчанне, што моладзь прагне супакою, міру і сяброўства».

Taize — сустрэча адзінства

Як адзначае манахіня, для яе сустрэча Тэзэ ў Рызе — чацвёртая па ліку.



«Магу сведчыць, што такая сустрэча змяняе людзей і іх погляды, — прызнаецца сястра. — На такіх сустрэчах я заўжды адзначаю арганізацыю, якая і сёлета была на вышыні. Асабліва ўражвалі валанцёры — з усмешкай і шчырым сэрцам, бескарысліва і з вялікай радасцю дапамагалі кожнаму пілігрыму».



«Галоўнымі тэмамі малітваў і разважанняў у Рызе былі сродкі, з дапамогай якіх хрысціяне розных веравызнанняў могуць разам ісці да адзінства ў свеце, поўным нянавісці і болю», — дадае Сяргей Федарук.



Групу, у якой быў Сяргей, прымала лютэранская парафія.

«Са сваімі сябрамі я жыў у сям’і латышоў-лютэран. Яны добра размаўлялі па-руску, таму нам удалося паразмаўляць на розныя тэмы, асабліва духоўныя. Гэта заўжды прыемна, калі недзе далёка ад дому знаходзіш аднадумацаў па хрысціянскай веры».

Як прызнаўся Сяргей, нягледзячы на розныя канфесіі, досвед веры беларускіх гасцей і досвед веры прымаючай сям’і паказалі, як добра можна разумець адно аднаго.

 

«У гэтым я і бачу сэнс такіх экуменічных сустрэч — знаходзіць агульнае пры захаванні разнастайнасці форм хрысціянскай веры. І сустрэча Тэзэ ў Рызе добра гэта паказала», — заключае хлопец.
Пазітыўныя ўражанні ад гасціннасці рыжскіх хрысціянаў і ў сястры Таццяны.

«У Рызе нас прымалі вельмі гасцінна, амаль усе жылі па сем’ях. Неаднойчы завязваецца цеснае сяброўства з гаспадарамі, а таксама з моладдзю іншых краін, — адзначае манахіня. — У маёй групе была моладзь з Браслава, Полацка, Смаргоні і Мінска. Дзелячыся ўражаннямі, яны таксама заўважалі, наколькі такія сустрэчы набліжаюць да Бога і пашыраюць светапогляд».



Сястра Таццяна прызнаецца, што з вяртаннем на Радзіму, сумуе па тым часе: «Вельмі шкада, што ў нас такіх сустэч пакуль не было. Сустрэча розных хрысціянскіх канфесій вельмі натхняе — у гэты час усе становяцца вучнямі Хрыста».

«Рыга — першы горад з постсавецкай прасторы, які прыняў сустрэчу Тэзэ ў сябе, — дадае Сяргей. — А гэта не можа не радаваць і нас, беларусаў. Значыць, неўзабаве сустрэча можа адбыцца і ў Мінску».

Апрацаваў Ілья Лапато,
фота з архіва с. Таццяны Гмызы SJE і Сяргей Федарука

 
© 2003-2024 Catholic.by