Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч ва ўспамін св. Блажэя: выкарыстоўвайце дар маўлення згодна з Божай воляй
Беларусь
03.02.2017 19:50

3 лютага, ва ўспамін св. Блажэя, біскупа і мучаніка, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў св. Імшу ў мінскай архікатэдры. У гаміліі іерарх распавёў пра жыццё св. Блажэя і традыцыі, звязаныя з ушанаваннем гэтага святога.

Святы Блажэй нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Турцыі, быў біскупам і завяршыў жыццё мучаніцкай смерцю каля 316 года. «Асоба гэтага святога і яго жыццё авеяны легендамі. Яго культ, распаўсюджаны як на Усходзе, так і на Захадзе, сведчыць пра гістарычнасць і мучаніцкую смерць святога Блажэя», — адзначыў арцыпастыр.

Атрымаўшы медыцынскую адукацыю, ён працаваў урачом. Але потым пакінуў урачэбную практыку і пайшоў у пустыню, каб праз малітву і ўтаймаванне цела быць бліжэй да Бога. Потым быў абраны біскупам Себасты. На Усходзе хрысціянства ў той час перажывала вялікі пераслед. «Святы Блажэй схаваўся ў гарах, аднак потым быў арыштаваны і кінуты ў турму, дзе ўмацоўваў у веры іншых зняволеных. У вязніцы цудоўным чынам ён вылечыў сына адной жанчыны, якому косць прабіла горла і той пачаў задыхацца. Завяршылася жыццё св. Блажэя мучаніцкай смерцю», — нагадаў іерарх.

Святы Блажэй з’яўляецца апекуном хатніх жывёлаў і людзей, якія церпяць на хваробы горла. Таму існуе традыцыя ў дзень яго ўспаміну асвячаць у касцёлах свечкі, якія называюць «блажэйкамі». Святар выкарыстоўвае гэтыя свечкі для ўдзялення благаслаўлення, якое павінна ахоўваць ад хваробаў горла, а таксама ад усялякага зла.

«У народзе кажуць: калі дождж на Блажэя, то слабая вясны надзея, — адзначыў арцыпастыр. — Іншая прымаўка кажа, што калі снег на Блажэя, то пагоднай будзе Вялікая нядзеля. Сёння ляжыць снег, таму, маем надзею, што на Вялікдзень будзе добрае надвор’е».

«Перад унебаўшэсцем Езус звярнуўся да апосталаў са словамі: “Ідзіце і абвяшчайце Евангелле кожнаму стварэнню”. Гэта запавет Збаўцы, і ён павінен быць выкананы. Яго выдатна выканаў св. Блажэй, які не здрадзіў сваёй веры і крывёй заплаціў за вернасць Хрысту. Многія нашы продкі таксама заплацілі за вернасць свайму хрысціянскаму пакліканню коштам свайго жыцця. Іх вернасць Богу і хрысціянскае сведчанне — гэта іх голас, якім яны абвяшчалі Божае слова», — сцвердзіў іерарх.

«Святы Блажэй з’яўляецца апекуном ад хваробаў горла, якое неабходна нам не толькі для спажывання ежы. У горле знаходзяцца галасавыя звязкі, і дзякуючы гэтаму мы можам размаўляць. Спытаемся ў сябе, як мы выкарыстоўваем такі Божы дар як маўленне. Для праслаўлення Бога і абвяшчэння Евангелля ці, можа, для пабману, зласлоўя, праклёнаў, прапаганды антыхрысціянскіх каштоўнасцяў?» — скіраваў пытанне да прысутных арцыпастыр.

«Пэўная гісторыя распавядае пра тое, як адзін хірург перад тым як выразаць язык хвораму на рак языка чалавеку папрасіў яго сказаць апошнія словы, бо той больш не зможа прамаўляць. У адказ ён пачуў: “Пахвалёны Езус Хрыстус”. Гэта было самае вялікае хрысціянскае сведчанне, якое хворы мог даць прысутным у аперацыйнай зале», — падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Напрыканцы гаміліі арцыпастыр заклікаў прысутных заставацца вернымі прынцыпам Евангелля, а дар маўлення выкарыстоўваць згодна з Божай воляй, славячы Створцу і Збаўцу.

(DN), (VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.