Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Разважанне да набажэнства Крыжовага шляху на тэму працы
Беларусь
23.03.2017 18:30

На нашым партале сабраны шэраг разважанняў да набажэнства Крыжовага шляху, на самыя разнастайныя тэмы. Чарговае разважанне прысвечана тэме працы. Каля кожнага прыпынку гучаць пытанні, якія дапамагаюць зрабіць рахунак сумлення адносна выканання прафесійных абавязкаў.

Разважанні да набажэнства Крыжовага шляху >>>

Езус нарадзіўся і жыў не на малым востраве ў акружэнні толькі сям’і. Ён жыў і памёр у свеце, які ў многім быў падобны да нашага: сацыяльныя структуры, стэрэатыпы, карпаратыўнае мысленне. Езус нерваваў іншых, бо парушаў сістэму. Інакш думаў. Зусім інакш жыў. Але затое жыў праўдзіва. У свеце абмежаванняў таксама можна быць і застацца чалавекам. Запрашаю да разважання Крыжовага шляху ў кантэксце карпарацый, заводаў, арганізыцый, фірмаў. Агульна кажучы — у кантэксце нашых месцаў працы.


Прыпынак I: Езус асуджаны на смерць

«Не высоўвайся» — гэта асноўнае правіла ў шматлікіх арганізацыях, месцах працы і фірмах. Найчасцей пляткараць пра тых, хто штосьці робіць. Тыя ж, хто нічога не робіць, маюць час, каб асуджаць іншых. Аднак насамрэч тое, што хтосьці нас асуджае, не павінна выводзіць нас з раўнавагі. Прынамсі вядома, што нашая праца заўважальная, мы становімся кімсьці.

Прыпынак II: Езус бярэ крыж

У кантэксце працы ўзяць крыж — гэта вялікая праблема для многіх людзей. Калі пакажаш, чаго табе хочацца, што ты ўмееш i з чым спраўляешся, праўдападобна, атрымаеш яшчэ больш працы.

Парадаксальна, але людзі згаджаюцца з тым, што хтосьці побач з імі не хоча развівацца, альбо вераць, што гэты хтосьці ўвогуле не ў стане чамусьці навучыцца. Прывыкаюць. І што яшчэ больш парадаксальна — складана звольніць такую асобу. Арганізацыя, аднак, павінна развівацца. Ствараецца ўнутраная інстытуцыя «ламавога каня». I найчасцей асобу ў такой ролі атакуюць за тое, што яна штосьці не зрабіла альбо не хоча ўзяць на сябе яшчэ больш абавязкаў. Бо ва ўсіх праца асацыіруецца менавіта з гэтай асобай.

Несумненна, варта цяжка працаваць і браць на сябе абавязкі. З адной, упоўні ўнутранай розніцай: ламавы конь цягне, а не развіваецца. Крыж — гэта не толькі цяжар, але таксама развіццё.

Прыпынак III: Езус падае першы раз

Няма працы, бізнесу альбо арганізацыі без няўдач. Усялякая дзейнасць на вольным рынку абапіраецца на рызыцы. У час апошняга фінансавага краху аказалася, што мноства людзей па ўсім свеце атрымала прыбытак. Але толькі таму, што яны рызыкнулі. Паражэнне і банкруцтва — хоць і не ўспрымаецца многімі — натуральны шлях да вяршыні. Гэтаксама і ў школе: ад вучня чакаюць толькі поспехаў. Аднак правільныя рашэнні прыходзяць пасля памылак. Езус, беручы крыж, усведамляў, што падзенні магчымыя.

Прыпынак IV: Езус сустракае сваю Маці

Адзін з міфаў, вынесеных з часоў СССР, датычыў раздзялення свету працы і сямейнага жыцця. Праца працай, а вось сям’я — гэта зусім іншае. Ці можна, аднак, жыць двайным жыццём? У рэшце рэшт кожны з нас мае толькі 24 гадзіны ў суткі i ўсё, што адбываецца ў гэты час, фармуе нас. Мы фарміруемся ў працы i нясём гэта ў свае дамы. Тое, якім з’яўляецца наш дом, у сваю чаргу ўплывае на нашае мысленне і працу. Прыняцце гэтага адзінства дазваляе зусім інакш паглядзець на працу, якая павінна развіваць, а не толькі даваць грошы. Дасягненні і паражэнні на працы могуць стварыць там сямейны клімат.

Вялікая місія Езуса і Яго Маці — яны разам. Не ў доме, але на шляху.

Прыпынак V: Сымон Кірынеец дапамагае Езусу несці крыж

Ці ёсць месца для сяброўства на працы? Напэўна, мы ведаем, па чым пазнаюцца сябры — яны пазнаюцца ў бядзе. Гаворка не пра знаёмых ці нашых калегаў. Гаворка таксама не пра тых, з кім можна пасмяяцца ці пасядзець за гарбатай. Гаворка пра тых, каму можна давяраць, на каго можна разлічваць. Калі хтосьці прымае рызыкоўныя рашэнні, павінен паставіць сабе пытанне: у выпадку няўдачы ці знойдзецца сябра?

Праца — гэта грошы. Ці магчыма спалучыць сяброўства і грошы? Многія кажуць, што не. Многія людзі ўжо расчараваліся ў тых, каго лічылі сябрамі. Так, грошы могуць быць выпрабаваннем, якое павінна спраўдзіць сяброўства. Сымон вяртаўся з працы. Мог і не апынуцца на сцежках Крыжовага шляху. Аднак, магчыма, ён адчуваў у сабе нейкую сувязь з Езусам. Ён быў там i не зрабіў нічога надзвычайнага, нічога вялікага. Стаў сябрам.

Прыпынак VI: Вераніка выцірае твар Езуса

Для мяне гэта найбольш інтымная частка Крыжовага шляху. Жанчына і мужчына. Так блізка. На вачах людзей. Не запісана ані слова. Застаўся толькі жэст. Ці ў асяроддзі працы могуць мець месца такія асабістыя жэсты? Ці ў працы можна мець пачуцці? Тут гаворка, канешне, не пра службовыя раманы, якія a priori не маюць права існаваць. Інтымнасць, у значэнні глыбокага даверу, — несумненна, так. Гэта вельмі прыгожа, калі людзі з любячым сэрцам ставяцца адно да аднаго. Глыбока асабістыя і шчырыя жэсты ўзнікаюць асабліва тады, калі з’яўляецца цярпенне. Ёсць людзі, якія ўмеюць быць пры церпячых і прайграўшых. Нават на працы.

Прыпынак VII: Езус падае другі раз

Новая праца напачатку заўсёды з’яўляецца змаганнем. Трэба вытрываць, адолець, даказаць, што ты тут патрэбны. З цягам часу мы адчуваем сябе на працы больш упэўнена. Нават з’яўляецца спакуса навучыцца выкручвацца ад дадатковай працы. Без стрэсу, не павышаючы да сябе патрабаванні. А таму таксама без рызыкі паражэння. Цяжка зразумець людзей, якія вельмі любяць «цёпленькае месца». Яны нагадваюць тлушч, якім абрастае цела. Нашмат лепш рызыкнуць развівацца i прымаць сябе ў сваіх падзеннях. Такія асобы ў сваю чаргу нагадваюць моцныя мускулы, у іх адчуваецца гатоўнасць да выпрабаванняў.

Езус не паддаўся, не затрымаўся. Падняўся і ішоў да вышыняў.

Прыпынак VIII: Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын

З асабістага вопыту мы ведаем, што мацней за ўсіх крычаць тыя, у каго нічога не атрымліваецца. Адны працуюць і не маюць часу на крык, бо насамрэч — працы шмат. Тыя ж, у каго не атрымліваецца, лямантуюць. Бо праца ж усё роўна не ідзе. Многія арганізацыі ўяўляюць сабою месцы, дзе шмат крыку. Чым больш хтосьці няўпэўнены, тым мацней ён крычыць. Той, хто добра працуе, крычаць не будзе. Ён адчувае, што дарэшты рэалізоўвае свае магчымасці.

Жанчыны плакалі над лёсам Езуса, але насамрэч не ўмелі даць рады нават са сваім лёсам. Езус кажа ім: «Плачце над сабою і над дзецьмі вашымі».

Прыпынак IX: Езус падае трэці раз

Не веру ў кар’еру, якая заўсёды падымае. Звычайна, з прычыны многіх дасягненняў, мозг напаўняецца пыхай. І тут нічога надзвычайнага. Проста так бывае. Таму добра часам спатыкацца, падаць. Нават трэба ўпасці перад канчатковай мэтай, каб па-іншаму, з дыстанцыі паглядзець на сябе i па-новаму, з разуменнем на тых, хто знаходзіцца на дне. Такое трэцяе падзенне, апошняе, вызваляе мозг, збіваючы гонар, i дазваляе такім чынам думаць цвяроза. Менавіта так нараджаецца сапраўдны, сталы кіраўнік. Так, як праз момант народзіцца новы від кіравання светам і людзьмі — кіраванне Езуса праз прызму крыжа.

Прыпынак X: З Езуса здзіраюць адзенне

Даволі часта ў арганізацыях і фірмах назіраецца такі момант: звальняецца працаўнік, a разам з ім знікае імгла, якую ён утвараў вакол сябе. Тады становіцца ясна, што ён на самой справе рабіў, чым займаўся. Таксама многія людзі не любяць, калі хтосьці разлічвае іх паводле вынікаў працы. Перавагу яны аддаюць размовам, аповедам і плёткам. Імгла. Праца, аднак, — гэта рэч канкрэтная. Кантракт абавязвае. Простае пытанне: як я працую? Гэта праца, якую ніхто не кантралюе.

Езус жыў праўдай. Не баяўся быць шчырым, Ён называў рэчы сваімі імёнамі.

Прыпынак XI: Укрыжаванне Езуса

У размовах калегаў амаль заўсёды і паўсюль можна пачуць: тут нічога нельга. Узнікае пачуццё, што кожны працаўнік — гэта адзін з рэжымаў у машыне. Арганізацыі і фірмы набылі безасабовую форму.

Крыж азначаў менавіта тое, што Езус ужо нічога не мог: рукі і ногі прыбіты да крыжа. На галаве цярновы вянок, a ў галаве  —  шмат болю.

Гэта класічны момант жыцця. І ў такі момант нараджаецца пытанне пра вольнасць. Але не вонкавую, а ўнутраную вольнасць. На практыцы здараецца так, што мы ўсе з розных бакоў абмежаваныя. Некаторыя гэтым і апраўдваюцца. Іншыя ж засяроджваюцца на духоўнасці і задаюцца пытаннем: як я магу перамяніць нават найгоршы калектыў?

Здаровы струмень у калектыў уносіць тая асоба, якая мае ўнутраную свабоду і глыбіню.

Прыпынак XII: Езус памірае на крыжы

З-за працы няварта паміраць. У рэшце рэшт гэта толькі грошы. Нельга дазволіць сябе забіць, зламаць, знішчыць. Трэба сябе паважаць. Трэба мець правілы і трымацца іх. Трэба быць чалавекам, думаць і дзейнічаць па-людску. Да канца. Людзі крыўдзяцца менавіта тады, калі кіраўнік пачынае размаўляць, так бы мовіць, карпаратыўным голасам, не пачалавечы.

Фарысеі, кніжнікі, першасвятары прамовілі голасам карпарацыі: няхай лепш адзін чалавек памрэ, чым увесь народ.

Але для Бога кожны чалавек важны.

А калі ты той, хто дае працу іншым, то падумай пра гэта яшчэ раз.

Прыпынак XIII: Езуса здымаюць з крыжа

Люблю момант, калі я перастаю быць у цэнтры. Людзі становяцца больш адважнымі i кажуць тое, што маюць у сэрцы. Асабліва тады, калі я пацярпеў паражэнне. Тады раптам мноства людзей адкрываюць сваю сутнасць, i можна ўбачыць іх сэрцы.

Ці чуў тады Езус што-небудзь? Ім здавалася, што не. А Ён акурат чуў. Не кажу, што падслухоўваў.

Гаворка пра тое, што паражэнне «дае крылы» нясмелым. Раней яны баяліся нават меркаванне сваё выказаць. Ім не падабалася, што хтосьці штосьці робіць, стараецца, таму што самі яны неадважваліся прыняць выклік. Цяпер жа яны на сёмым небе і могуць казаць: мы прадчувалі — гэтае дабро было злом.

На шчасце, Езус меў некалькі сяброў.

Прыпынак XIV: Езуса кладуць у грабніцу

«Не ведаю, што далей» — гэта вельмі цікавы момант у жыцці. У кожнага час ад часу ўзнікае пытанне: што далей? Мы адчуваем: тое, што было, ужо не тое, бо не прыносіць радасць. Мы больш не бачым у гэтым сэнсу. Таму і складана прыкладаць намаганні. Задумаемся і падобна Езусу пачакаем, пераасэнсуем.

Пасля зімы прыходзіць вясна. З малога зерня распускаецца Надзея. Зярно ж павінна памерці, каб даць новае жыццё коласу. Грабніца. Яна патрэбная.

Прыпынак XV: Уваскрасенне

Тут усё зразумела, таму і коратка: Езусу пасля Крыжовага шляху па-ранейшаму хацелася быць з чалавецтвам. Варта задаць сабе пытанне: а мяне яшчэ не апанавала абыякавасць? Ці варта займацца той працай, якою не хочацца? Вы ведаеце, што няварта. І я таксама ў гэтым упэўнены.


Кс. Яцэк Вёсна-Стрычэк
Пераклад кс. Юзафа Сярпейкі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.