Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Велікапосныя рэкалекцыі на Catholic.by. Разважанне пятае «Прагну»
Беларусь
02.04.2017 05:11

Уводзіны ў малітву

Усведамляючы Божую прысутнасць, звярні сёння ўвагу, як ты сябе адчуваеш у сваім целе. Цёпла табе ці холадна? Утульна ці не вельмі? Ці ўдалося табе пазбавіцца ад напружанасці? Заўваж, як твае ступні стаяць на зямлі і адчуваюць абутак... Паступова «прайдзіся» ад пальцаў ног да плячэй, адзначаючы свае фізічныя адчуванні... Пасля звярні ўвагу на рукі, падымайся ад кончыкаў пальцаў да плячэй… Наша спіна часта ўтрымлівае ў сабе напружанне. Калі ты адчуваеш такі дыскамфорт, адпусці яго, наколькі зможаш... Пераключыся на галаву і мышцы твару... Калі заўважыш напружанне тут, адпусці і яго: вакол вачэй, між бровамі, каля вуснаў, у мышцах сківіц ... Дапамагчы ў расслабленні мышцаў можа дыханне: «выдыхай» сваё напружанне і ўяўляй, што так ты дазваляеш напружанню пакінуць цябе і аддаеш яго Богу, дазваляеш сабе апынуцца ў Божых руках. Магчыма, тваё цела хоча нешта сказаць табе сёння?


Запрашэнне

  • У Езуса было цела. Паўтару яшчэ раз: у Езуса было цела. Ёсць людзі, якім цяжка прыняць чалавечнасць Езуса. Некаторыя з нас успрымаюць выключна тыя евангельскія гісторыі, якія, на першы погляд, падкрэсліваюць Ягоную боскую прыроду: Сын Божы, які хадзіў па зямлі, ацаляючы хворых, уваскрашаючы памерлых, спыняючы буры, здзяйсняючы ўсе тыя цуды, якія людзі прызвычаіліся звязваць з Яго боскай моцай.
  • Але паўтаруся зноў: Езус быў народжаны, жыў і памёр. Дзіця, якога звалі Іешуа — так гучыць Ягонае імя па-арамейску, — увайшло ў гэты свет бездапаможным, як кожнае нованароджанае немаўлятка, і гэтаксама залежала ад сваіх бацькоў. Ён меў патрэбу, каб Яго няньчылі, трымалі на руках, кармілі, мылі, пераапраналі.
  • Езус меў цела. Мы ведаем, што часам Ён стамляўся. У адным месцы Евангелля мы бачым, як Ён засынае ў чаўне на Галілейскім моры. Езусу знаёма непрыемнае адчуванне ад расцяжэння мышцаў, і часам у Яго балела галава, здаралася нястраўнасць, падымалася тэмпература і, магчыма, Ён нават мог звіхнуць шчыкалатку… раз альбо два. Як і ўсе мы, Езус пацеў, чхаў і пацягваўся. Усё, што ўласціва чалавечаму целу, Ён зведаў на ўласным вопыце. Усё, акрамя граху. Цялесны вопыт уключае ў сябе голад і смагу. І мы чуем у сённяшнім Евангеллі паводле Яна, як на крыжы Езус пакутуе ад смагі.


Чытанне святога Евангелля паводле Яна

 Ян 19, 28–29

Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася Пісанне, кажа: «Прагну». Стаяла пасудзіна, поўная воцату. Тады ўздзелі на ісоп губку, намочаную воцатам, і паднеслі да Ягоных вуснаў.


Разважанне

  • Узгадай, калі ты адчуваў самую вялікую смагу. Можа, у вільготную раніцу, калі ты бег на доўгую дыстанцыю, або ў спякотны поўдзень, калі ішоў па вуліцы, ці ўночы, калі ляжаў на бальнічным ложку пасля аперацыі. Узгадай, наколькі цудоўным быў першы глыток вады, які спыніў гэтую смагу. Табе здавалася, што ты не можаш вытрымаць ані імгнення даўжэй, і, калі вадкасць нарэшце змачыла вусны і пацякла па перасохламу горлу, яна прынесла неверагодную асалоду, задавальненне і велізарную палёгку.

  • Укрыжаванне было адным з самых пакутлівых спосабаў смерці. Пад асляпляльна яркім сонцам Юдэі Езус пакутаваў ад смагі, таму што меў цела.
  • Кожны, хто праходзіць гэтыя рэкалекцыі, мае пэўны фізічны цяжар, які з'яўляецца крыжам ягонага жыцця. Магчыма, гэта штосьці зусім нязначнае, накшталт прастуды. Альбо больш сур'ёзнае: напрыклад, хранічная хвароба, якая высмоктвае ўсе сілы. Гэтым цяжарам можа быць барацьба з хваробай, якая пагражае жыццю. Калі крыж асабліва цяжкі, Бог здаецца вельмі далёкім. І мы пытаемся: «Можа, Богу ўсё адно?» Але Езус разумее, што табе даводзіцца перажываць фізічна. У Бога таксама было цела. На самой справе, у Бога ёсць цела, таму што Хрыстус сапраўды ўваскрос.
  • Уваскрослы Езус нясе ў сабе вопыт сваёй чалавечнасці, і гэты вопыт уключае ў сябе пакуты. Узгадай, што падчас аднаго з першых сваіх з'яўленняў перад вучнямі пасля ўваскрасення Ён паказаў ім свае раны і сказаў апосталу Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!» (Ян 20, 27)


Размова з Богам

  • Таму падчас малітвы ты звяртаешся не толькі да таго, хто разумее цябе, паколькі  з'яўляецца тым, хто ўсё ведае, усіх любіць і да ўсіх мае літасць. Ты молішся да таго, хто цябе разумее, бо Ён сам прайшоў праз тое, што выпала табе прайсці.
  • Шмат людзей на свеце штодня адчуваюць фізічную смагу. Чыстай вадой забяспечаны  далёка не ўсе. Паколькі Цела Хрыста — гэта ўсе мы, усе нашыя браты і сёстры, то можна сказаць, што Цела Хрыста пакутуе ад смагі зараз, у гэтыя хвіліны. Калі ты сумаваў і, можа, нават праліў слёзы аб Хрысце, які цярпеў у сваім целе ад смагі на крыжы больш за дзве тысячы гадоў таму, то пралі слёзы і над тымі членамі Ягонага Цела, якія пакутуюць ад смагі цяпер. Пралі слёзы над тымі, хто фізічна пакутуе сёння — ад смагі, ад голаду, ад холаду, ад катаванняў, ад зняволення ў турме, ад пераследу, ад жорсткага абыходжання і знявагаў.
  • Пралі слёзы і паспрабуй што-небудзь для іх зрабіць. Чаму б не дазволіць гэтаму жалю падштурхнуць цябе да дзеяння? У рэшце рэшт, гэта адзін з тых спосабаў, якімі Бог падахвочвае нас дзейнічаць. Што ты можаш зрабіць, каб наталіць гэтую смагу?


На заканчэнне ўзгадай, што Бог хоча, каб ты маліўся Яму. Бог жадае стасункаў з табою. Жадае настолькі, што Ён сышоў на зямлю і пакутаваў за цябе фізічна. Гэта адна з прычын, чаму Ён прыйшоў, – дапамагчы нам пабудаваць асабістыя адносіны з Ім. Бог хоча гэтага так моцна, што, можна сказаць, Ён прагне. Паразмаўляй з Ім пра ўсё, што адбывалася з табой падчас гэтага разважання, і парадуйся адносінам паміж вамі.

ф Вялікапосныя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы» паводле кнігі а. Джэймса Марціна SJ «Сем апошніх слоў» (Seven Last Words).фПлан рэкалекцый тут >>>

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.