Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Разважанні да набажэнства Крыжовага шляху на тэму сям’і
Беларусь
06.04.2017 15:15

Дзякуй Табе, Езу, што запрасіў мяне на гэты Крыжовы шлях. Запрасіў вуснамі святара, вуснамі мужа ці жонкі, вуснамі таты ці мамы, вуснамі сына ці дачкі. Увесь час я жыву ў напружанасці i часта не знаходжу нават хвіліны, каб задумацца над сваім жыццём. Сёння я хачу паглядзець на сваё сужэнства i адносіны ў маёй сям’і. Хачу паглядзець на іх праз прызму Крыжовага шляху. Веру, што гэтае разважанне дазволіць мне наблізіцца да Цябе i больш палюбіць блізкіх майму сэрцу людзей. Прашу Цябе, Езу, аб ласцы паглядзець на сваё жыццё ў праўдзе.

Стацыя I. Езус асуджаны на смерць

Няпроста было Езусу абвяшчаць Добрую Навіну. Шмат разоў Ён сустракаўся з тым, што Яго не разумелі і нават хацелі забіць. Аднак Яго сапраўдны Крыжовы шлях распачаўся ад несправядлівага асуджэння.

Сцежкі твайго жыцця таксама не заўсёды будуць высланы ружамі. Нейкі час таму ты вырашыў, што хочаш назаўсёды злучыцца з другой асобай. Сёння ты ўжо жонка або муж. Памятаеш дзень свайго шлюбу? Тады, паставіўшы на каханне, ты пастанавіў адрачыся часткі сваёй свабоды, каб ахвяраваць сябе той асобе. Ты быў шчаслівы і цешыўся сваім выбарам. А якія пачуцці напаўняюць цябе цяпер, пасля некалькіх (або некалькіх дзясяткаў) гадоў сумеснага жыцця? Ці няма пачуцця, што тады ты вынес сабе прысуд? Ці не ставішся часам да свайго сужэнства як да пачатку ўласнага крыжовага шляху?

Стацыя II. Езус бярэ крыж

Езус бярэ на свае плечы цяжкі крыж у імя любові і адказнасці за лёс кожнага чалавека.

Прамаўляючы словы сужэнскай прысягі, ты ўзяў адказнасць за жонку або мужа, за дзяцей, якія павінны нарадзіцца. Гэта быў твой выбар. Ці не маеш сёння прэтэнзій да Бога, што Ён усклаў на твае плечы цяжар мацярынства ці айцоўства? Ці кожны дзень прымаеш цяжар адказнасці за лёс сваёй сям’і? Любоў — гэта адказнасць. Яны непадзельныя. Часам можа быць складана, але любіць — азначае аддаць сваё жыццё за кагосьці і дзеля кагосьці. Гэты цяжар любові будзе лягчэйшым, калі аб дапамозе несці яго папросіш самога Езуса.

Стацыя III. Езус падае першы раз

Езус падае на вачах сваёй Маці і вучняў. Шмат разоў у іх прысутнасці Ён чыніў цуды, адпускаў грахі i пераконваў у тым, што Ён Сын Божы. А цяпер Ён — усемагутны Бог — падае, і не саромеецца гэтага.

Кожны з нас слабы чалавек. Кожны з нас бясконца падае. Аднак мы саромеемся нашых падзенняў, не прызнаёмся ў іх. Як часта не маеш адвагі сказаць свайму мужу: я памылілася? Як часта ганарліва закідваеш галаву і кажаш жонцы: а ты мела рацыю? Як часта ў прысутнасці сваіх дзяцей мы не хочам прызнацца ў зробленых памылках? Прыгажосць чалавека не ў тым, што ён ніколі не падае, а ў тым, што мае адвагу падняцца.

Стацыя IV. Езус сустракае сваю Маці.

Спатканне з Марыяй было сустрэчай без слоў. Сувязь Сына з Маці была настолькі глыбокая, што ніякія словы не былі патрэбныя. Дастаткова было позіркаў.

Каб разумець без слоў, трэба добра ведаць адно аднаго. Часта ў нашых сем’ях мноства размоў пра штодзённыя справы — пра пакупкі, разлікі, планы і справы, якія трэба вырашыць, — але не хапае размоў пра нашыя пачуцці, перажыванні і думкі. Задумайся, ці зможаш, гледзячы ў вочы свайго сужонка, прачытаць тое, што схавана ў яго сэрцы? Ці зможаш адчуць і заўважыць, што твае дзеці перажываюць нейкія праблемы, хоць, можа, і кажуць, што ўсё ў парадку? Будзем вучыцца ў Марыі і Езуса будаваць сямейныя адносіны.

Стацыя V. Сымон Кірэнэец дапамагае Езусу несці крыж

Часта мы чуем нараканні людзей, што ўсё іх жыццё — гэта дом і праца. Можа, пасля працы табе хочацца адпачыць, а жонка просіць папыласосіць або схадзіць у краму. Магчыма, вечарам табе хочацца крыху часу для сябе, aле трэба дапамагчы дзецям зрабіць урокі.

Сымона Кірынейца прымусілі несці крыж Езуса. А ты, ці не адчуваеш сябе прымушаным рабіць штодзённыя абавязкі ў сваёй сям’і? Любоў — гэта таксама служэнне. Сярод сваіх штодзённых абавязкаў у сям’і прыгадвай словы Езуса: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі», — і тады ўбачыш сэнс, а сэнс дадасць сілы і любові.

Стацыя VI. Вераніка выцірае твар Езуса

Жэст Веранікі — гэта такая дробязь на Крыжовым шляху Езуса. Але нашае жыццё складаецца менавіта з мноства дробных i, здавалася б, нічога не вартых учынкаў і слоў. У ніводным Евангеллі ні слова не гаворыцца пра Вераніку. Яе ўчынак павінен быў быць вельмі красамоўным, калі Традыцыя яго захавала.

У сужэнстве, у сям’і таксама вельмі важныя такія, здаецца, незаўважальныя дробязі. Не дастаткова казаць пра сваю любоў адно аднаму толькі з нагоды гадавінаў або ўспамінаў. Жонка павінна нагадваць мужу, што ён для яе самы лепшы і вельмі важны. Муж павінен усцяж паўтараць жонцы, што яна для яго найпрыгажэйшая. Так важна штодзень размаўляць са сваімі дзецьмі. Так важна ўсміхацца і радавацца адно аднаму. Гэтыя дробязі з’яўляюцца адпачынкам сярод штодзённых цяжкасцяў жыцця.

Стацыя VII. Езус падае другі раз

Ніводнае падзенне чалавека не з’яўляецца толькі яго асабістай справай. Няма асабістых грахоў. Калі я падаю, то ў нейкай ступені цягну за сабою сваіх блізкіх. Калі чалавек грашыць, то аддаляецца ад Бога. Наступствам гэтага з’яўляецца смутак, які закрадаецца ў яго жыццё. У выніку чалавеку складаней панаваць над негатыўнымі эмоцыямі. Тое, чым напоўнена яго сэрца, вырываецца вонкі і кранае сямейныя і сужэнскія адносіны. Муж не мае ахвоты размаўляць з жонкай. Жонка не мае цярплівасці да мужа. Дзеці, якія бачаць напружаных бацькоў, пачынаюць сумаваць.

Дзеля сваёй сям’і і ў імя адказнасці за яе, падаючы, ты павінен падымацца зноў і зноў. Так, як Езус.

Стацыя VIII. Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын

Падчас гэтага прыпынку Езус заахвочвае нас паглядзець на сябе, a не на ўсіх іншых навокал.

Можа, і сёння, слухаючы гэтыя разважанні, ты падумаў, што цябе гэта не датычыць. Ёсць шмат сем’яў з праблемамі, але ў тваёй сям’і не ўсё так дрэнна. Менавіта цяпер той момант, каб заўважыць тое, што ў тваёй моцы выправіць у адносінах са сваімі блізкімі. Таму што можа — і павінна! — быць лепш. Ты можаш не разумець паталагічныя сем’і і нават шкадаваць іх, можаш высакародна спачуваць дзецям з інтэрнатаў. Але цяпер падумай: што ты можаш зрабіць, каб у тваім доме было больш любові i каб гэтая любоў промнямі разыходзілася на ўсю сям’ю, і нават шырэй.

Стацыя IX. Езус падае трэці раз

Сужэнства — гэта сакрамэнт, які звязвае людзей на ўсё жыццё. Муж і жонка павінны разам перажываць не толькі добрыя, але і смутныя хвіліны. Грахоўнае падзенне чалавека — гэта часта выпрабаванне сужэнскай любові. Ёсць такія грахі, якія баляць найбольш: здрада, хлусня, недавер, хворая зайздрасць. Нягледзячы на моцны боль, параненая асоба не можа адвярнуцца ад сужонка. Сужонкі з’яўляюцца адным целам, а значыць нясуць узаемную адказнасць адно за аднаго. Часам чалавек не можа сам устаць з граху. У такія моманты менавіта любоў другой асобы можа стаць гэтай выратавальнай сілай, якая падымае.

Езус таму падняўся, што меў у сабе такую Любоў.

Стацыя X. З Езуса здзіраюць адзенне

Езус зведаў жорсткія катаванні. Але выканаўцам прысуду гэтага было не дастаткова. Акрамя фізічных пакут Яму падрыхтавалі таксама псіхічныя. Адна з іх — прыніжэнне Езуса праз агаленне.

Напэўна, кожны згодзіцца, што псіхічны боль цяжэй перанесці, чым фізічны. І як жа часта — добра гэта ўсведамляючы! — мы ўдараем менавіта па пачуццях самых блізкіх нам асобаў. Сужонкі, дасканала ведаючы свае падзенні, у хвіліны непаразуменняў так хутка вяртаюцца да таго, што нібыта было забыта. Жонка ўзгадвае мужу яго памылкі, a муж «агаляе» ў жонцы яе слабасці. Эмоцыі і нервы — тут не апраўданне. Рана, нанесеная іншаму чалавеку, застаецца.

Стацыя XI. Укрыжаванне Езуса

Мы нават не ўсведамляем, колькі разоў штодзённа прыбіваем да крыжа Езуса, прысутнага ў іншай асобе. Кожная хлусня, абмова, злосць, подласць прыбіваюць Хрыста да крыжа. Мы не маем часу для сужонка i дзіцяці, не цікавімся жыццём сваёй сям’і, паміж намі няма належнай пашаны і зычлівасці, мы не ўмеем прабачаць, пазбягаем сямейных абавязкаў, нішчым сваё здароўе дрэннымі звычкамі і залежнасцямі, даём дрэнны прыклад нашым дзецям, занядбоўваем малітву, шукаем толькі сваю ўласную карысць. Як жа часта мы забіваем цвікі ў сэрца чалавека, якога, здаецца, кахаем…

Стацыя XII. Езус памірае на крыжы

Крыж для хрысціянаў — гэта знак любові. Бо на ім з любові да чалавека памёр той, хто ёсць Любоў.

Колькі крыжоў мы сустракаем штодзённа! Яны стаяць пры дарогах, вісяць у машынах і нашых дамах. Але ці выклікаюць яны ў нас нейкую рэакцыю? Ці дапамагае табе ў будаванні сужэнскіх і сямейных адносін той крыж, які вісіць у тваім памяшканні? Нават у добрай сям’і здараюцца непаразуменні і сваркі. Цяжка тады першаму працягнуць руку ў знак прымірэння.

Езус перад смерцю прабачыў усім, нягледзячы на тое, што Яго пра гэта ніхто не прасіў. А ты, гледзячы на крыж, зможаш рашыцца прабачыць?

Стацыя XIII. Езуса здымаюць з крыжа

Маці прытуляе да сябе цела мёртвага Сына. Нягледзячы на жудасны боль у сэрцы i неразуменне сэнсу ўсяго, што сталася, Яна не абвінавачвае Бога і не ўпадае ў роспач.

Часам мы чуем, што бацькам даводзіцца перажыць смерць свайго дзіцяці. Гэта вялікі боль і страта, якую вельмі цяжка перажыць. Часта ў сэрцах бацькоў можа нараджацца крыўда на Бога, бо, калі б Ён сапраўды быў Любоўю, то не дапускаў бы да такіх сітуацый.

Марыя вучыць нас любіць Бога больш за мужа, жонку ці дзіця. Яна паказвае, што, калі ўся наша радасць будзе ў нашых блізкіх, калі мы ўчынім з іх свой свет, то пасля смерці кагосьці з іх, «увесь гэты свет» раздавіць нас роспаччу. Гэта праўда, якую вельмі складана прыняць. Сам Езус вучыў нас, што першай запаведдзю з’яўляецца любоў да Бога, і толькі пасля — да бліжняга. Стоячы на гэтым прыпынку побач з Марыяй, будзем вучыцца ад Яе такой іерархіі каштоўнасцяў.

Стацыя XIV. Езуса кладуць у грабніцу

Зямное жыццё Езуса скончылася. Ведаем, што праз тры дні Ён уваскрос. Як абяцаў Езус, нас таксама чакае ўваскрашэнне. I гэта будзе ўваскрашэнне да жыцця aбо да вечнага асуджэння.

Сакрамэнт сужэнства з’яўляецца шляхам, на якім дзве асобы пакліканы да ўзаемнай дапамогі ў крочанні да святасці. Нехта калісьці сказаў: або і муж і жонка пойдуць на неба, або ніводзін з іх там не будзе. У сужэнстве муж і жонка маюць заданне клапаціцца не толькі пра сваю святасць, але і пра святасць сужонка. Калі даверыцеся Хрысту, Ён сваёй любоўю напоўніць вашыя недасканаласці і слабасці. На нябёсах жа не будзе ўжо непаразуменняў, праблем i розных меркаванняў. Будзе толькі чыстая, бескарыслівая любоў.

Заканчэнне

Хрыстэ, мы завяршылі разважанні пра сужэнскія і бацькоўскія адносіны, абапіраючыся на Твой Крыжовы шлях. Падчас набажэнства шмат разоў гаворка ішла пра любоў. Просім Цябе, Езу, падтрымлівай нашы сем’і, каб у іх квітнела любоў, цярплівая і ласкавая, якая не зайздросціць i не ўзвышаецца, не ганарыцца і не гневаецца, не шукае свайго i не памятае зла. Просім Цябе аб любові, якая ўсё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца i ўсё церпіць. Няхай любоў у нашых сем’ях ніколі не мінае.

Пераклад кс. Юзафа Сярпейкі паводле diecezja.sosnowiec.pl

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.