#Маяпершаякамунія: беларускія біскупы — пра Першую святую Камунію ў іх жыцці | Друк |
Беларусь
10.05.2017 18:46

Традыцыйна май лічыцца ў Касцёле месяцам Першых святых Камуній, калі дзеці (часцей за ўсё гэта дзеці) ўпершыню прымаюць Цела Хрыста і ўпоўні ўдзельнічаюць у святой Імшы.

Першая святая Камунія ў парафіі Святога Казіміра ў Маладзечне, 2013г. Фота Аляксандры Шчыглінскай

Як правіла, дзень Першай Камуніі запамінаецца на ўсё жыццё. У новым праекце #маяпершаякамунія Catholic.by распытаў беларускіх іерархаў пра іх ўспаміны, звязаныя з прыняццем Першай святой Камуніі.

Сёння сваімі сведчаннямі дзеляцца арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч,  Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для магілёўскага рэгіёна.

Першая святая Камунія біскупа Аляксандра Яшэўскага, парафія Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Барунах, 1984 г.

а Мітрапаліт Кандрусевіч: «Гэты дзень стаў стымулам як мага часцей прыступаць да святой Камуніі»

Першая Камунія старшыні беларускага епіскапату Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча прыпала на пачатак 1950-х.

Як прыгадвае арцыбіскуп, у той час касцёл у яго роднай парафіі ў Адэльску дзейнічаў, але пастаяннага святара не было і Імша ў іх касцёле цэлебравалася ўсяго некалькі разоў на год.

«Да першай споведзі і Камуніі нас рыхтавала адна бабця. Падрыхтоўка вялася толькі летам — мы, дзеці, звычайна збіраліся ў яе на падворку. Калі ж ішоў дождж, заняткі былі ў хаце. Нас было многа — усе дзеці 7-8 гадоў.

Вялікай падтрымкай для мяне былі бацькі, гэта яны давалі прыклад малітвы. Штодзённа пасля вечаровай малітвы яны пыталіся ў мяне і малодшай сястры пацеры і катэхізіс. Так было кожны дзень.
Памятаю, як мы ўсе вельмі цешыліся, што ў такіх абставінах, насуперак усяму, мы маем магчымасць прымаць Хрыста ў свае сэрцы. Радаваліся таксама хросныя. Аднак усе задаваліся пытаннем, ці мы, дзеці, здолеем у тых рэаліях захаваць сваю веру?

Хоць усё было вельмі сціпла, без святочнага строю і фатографаў, але гэта быў выключны дзень, які адыграў вялікую ролю ў маім жыцці. Менавіта, ён стаў стымулам як мага часцей прыступаць да святой Камуніі. Пазней лёс кідаў мяне па Расіі, дзе зусім не было касцёлаў акрамя Масквы і Ленінграда, было вельмі цяжка без споведзі і Камуніі. Таму, калі я вяртаўся ў Беларусь ці Літву, заўсёды імкнуўся ў касцёл...»

Біскуп Яшэўскі: «Памятаю і першы Ружанец, і першую свечку з сіняй стужкаю, і месца, дзе стаяў у касцёле...»

Першая святая Камунія біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB адбылася ў 1984 годзе:

«Як і ў многіх хлопчыкаў і дзяўчынак тых часоў, вялікую ролю ў маёй падрыхтоўцы да святой Камуніі адыграла бабуля, якая вельмі грунтоўна і адказна падышла да гэтай місіі.


Будучы біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB — у першым шэрагу трэці злева (світэр з вышыванкай)

Цэлы месяц — дзень ў дзень — мы з бабуляй Крыстынай інтэнсіўна рыхтаваліся да гэтай падзеі. Шторанку перад працай бабуля адводзіла мяне да сваёй матулі — маёй прабабулі Стэфаніі, і тая вучыла мяне Катэхізісу і малітвам. Вяртаючыся з працы, бабуля забірала мяне, а дома яшчэ раз ўсё правярала: ці добра навучыўся, ці ўсё зразумеў.

Той дзень я памятаю вельмі добра: 12 жніўня 1984 года. Камунію я прымаў у роднай парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Барунах, дзе мяне калісьці і хрысцілі.

Напярэдадні пробашч кс. Ян Матусевіч сабраў нас, а ўсіх дзяцей было чалавек 20, і правёў экзамен, а пасля аб’явіў, што ўсе мы дапушчаныя да Першай святой Камуніі. А назаўтра была першая споведзь.



Я і сёння дакладна памятаю, як кленчыў у прэзбітэрыі і да мяне, першага сярод хлопцаў, падышоў святар і, трымаючы белую Гостыю, прамовіў «Цела Хрыста», а я вельмі адважна і гучна адказаў сваё «Амэн!».

Памятаю і першы Ружанец, і першую свечку з сіняй стужкаю, і месца, дзе стаяў, і ўва што быў апрануты.

Калі пасля Імшы наша сям’я прыехала дамоў,  бабуля сказала: “Зайдзі апошні і прывітайся, як сталы хрысціянін”. Памятаю, як паважна сказаў усім “Пахвалёны Езус Хрыстус!”, ужо добра ўсведамляючы, што, прыняўшы Цела Хрыста, трэба вітацца, праслаўляючы Нябеснага Айца...»

Падрыхтаваў І. Лапато

Ад рэдакцыі: Заахвочваем і вас, шаноўныя чытачы, падзяліцца ў сацсетках сваімі ўспамінамі пра Першую Камунію. Выкарыстоўвайце хэштэг #маяпершаякамунія. Вашы падборкі на гэту тэму будуць публікавацца на Catholic.by.




 
© 2003-2020 Catholic.by