#Маяпершаякамунія: 5 гісторый ад чытачоў Catholic.by | Друк |
Беларусь
25.05.2017 10:40

У новым праекце #маяпершаякамунія Catholic.by публікуе ўспаміны пра Першую святую Камунію беларускіх іерархаў і вернікаў. Перачытваючы сведчанні, можна ўбачыць цэлыя пакаленні і асаблівасці таго часу, убачыць, як развіваўся Касцёл у розныя гады.

f

Сёння мы змяшчаем пяць гісторый чытачоў Catholic.by. Працяг будзе.

@Yuliya Shulya:
«Я яшчэ не ўмела чытаць, таму на падрыхтоўчыя заняткі са мной хадзіла бабуля»


«Мая Першая Камунія адбылася акурат 20 гадоў таму — 11 траўня 1997. Дакладна не памятаю, як доўга ішла падрыхтоўка, але пабыць анёлкам у св. Мікалая я паспела.

Калі распачаліся заняткі, мне было шэсць гадоў, а ў дзень Камуніі — 7. Я яшчэ не ўмела чытаць, таму на кожны занятак са мной хадзіла бабуля, каб пасля разам вучыць усё, што было зададзена. Дзякуй, бабуля!



Сам дзень быў вельмі ўрачысты. Памятаю, што мы ішлі калонай праз мястэчка да касцёла, памятаю шмат людзей. Напрыканцы Імшы мне трэба было падзякаваць усім, хто нас рыхтаваў да Першай Камуніі, але я ніяк не магла вывучыць тэкст. Мне далі з сабою лісточак, каб магла падглядзець, але ж я не ўмела чытаць))».

@Kasia Stirlitz:
«Калі б не гэты дзень, я была б, напэўна, зусім іншым чалавекам»

«Гэта адбылося 28 мая 1995 года ў мінскай архікатэдры. Нас было, здаецца, каля 30 чалавек (...) Памятаю тую Катэдру ў рыштаваннях, завешаных цэлафанам з батарэямі пад столяй (гэта быў час яе перабудовы са спартыўнай залы), памятаю як падала святло на алтар, а падчас самой Камуніі іграла скрыпка.

Памятаю, як феерычна страціла прытомнасць на самым пачатку Імшы і мяне, як падбітага лебедзя, у белай сукенцы цягнулі ў сакрыстыю пад Credo. Яшчэ памятаю як фатограф наступіў у кашпо з ландышамі ўсёй нагой і пасля смешна «цяўкаў» правым ботам :)

Гэты дзень быў для мяне вельмі важным і радасным, калі б не ён, то я была б, напэўна, зусім іншым чалавекам».

@Artiom Tkaczuk:
«На Першую Камунію я мог не трапіць, бо апарыў нагу»

«За тыдзень да сваёй Першай Камуніі я вывярнуў імбрык кіпеню на левую нагу. Тата паспеў у лічаныя секунды здзерсці вязаную шкарпэтку і, дзякуючы гэтаму, не даў назе зварыцца. Шпіталь, другая ступень апёку. Я так турбаваўся, што не траплю на сваю Першую Камунію...

У пятніцу мяне ўсё ж выпусцілі са шпіталю. Але нагу ўсё роўна трэба было апрацоўваць нейкай маззю, пры гэтым бінт за кожным разам прыліпаў да раны і яго трэба было аддзіраць... Сёння, будучы бацькам, я разумею пачуцці мамы і таты падчас гэтай працэдуры.

Перад Камуніяй тата ўкалоў мне абязбольваючага, на нагу адзелі мамін хатні тапак і пагналі ў касцёл. У працэсіі перад лідскай фарай стаяць было цяжкавата, дык прыселі з бацькамі на лаўку пры ўваходзе. Сястра Станіслава паглядзела на мяне і сказала: "Ты шчаслівы, табе Езус даў свае пакуты панасіць перад Камуніяй".

Такія атрымаліся ўспаміны з тым часам».

@Кс. Валерый Марціноўскі:
«Тады, у 1996 годзе, я нават не ведаў, што парафія ў Мёрах — адна з першых, дзе дзетак вучылі па-беларуску»

«Мая першая Камунія адбылася ў 1996 годзе ў Мёрах. Ксёндз Пятрайціс дапусціў мяне без экзамену, бо я не меў ніводнага пропуску на катэхезах.

Гэта было цудоўна, бо экзамен, як пасля расказвалі іншыя, быў сур’ёзны. Усё было па-беларуску. Тады я нават не ведаў, што парафія ў Мёрах — адна з першых, дзе дзетак вучылі на зразумелай ім мове.
Яшчэ памятаю першакамунійны ружанец, які свяціўся ў цемры. А таксама вялікі абразок (мабыць, прывезены з Вільні), на якім Езус стукае ў дзверы. Пазней гэты сімвалічны вобраз я часта ўяўляў сабе перад прыняццем святой Камуніі».


@Раман Калугін:
«Так склалася, што Першую Камунію я прымаў у Вялікі Чацвер»

«Гэтая падзея адбылася ў маім жыцці ў далёкім 2004 годзе (мне было ўжо амаль 14). І так склалася, што не ў маі, як у звычайных людзей, а ў Вялікі чацвер! І іспыт я здаваў цэлыя два разы (першы раз не давучыў пра сем галоўных грахоў).

Прымаў іспыт кс. Кшыштаф Мікалайчык, і, што мне імпанавала, гэты святар лепш за мяне размаўляў па-беларуску (...) У дзень Першай Камуніі я сам прасаваў сабе кашулю (першы раз у жыцці), збіраў у Касцёл брата і прагуляў у школе нейкі ўрок.

Сярод дзевяці чалавек я быў самым малодшым. Калі пасля ў 10 класе мне давялося пісаць сачыненне на тэму "Самы шчаслівы дзень ў жыцці", я пісаў пра Вялікі Чацвер 2004 года)».

Падрыхтаваў І. Лапато

Ад рэдакцыі: А якой была першая Камунія ў Вас? Дасылайце свае гісторыі на Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript і дзяліцеся імі пад хэштэгам #маяпершаякамунія ў сацыяльных сетках і чытайце гісторыю Касцёла з першых вуснаў.

 
© 2003-2024 Catholic.by