«Радыё Марыя» ў Беларусі: мы вырашылі ставіць на моладзь |
Беларусь |
01.06.2017 16:40 |
1 лістапада 2016 года ў Беларусі загучала «Радыё Марыя». Гэтаму кроку папярэднічала некалькі гадоў арганізацыйна-прававой працы, аднак сёння гэта ўжо амаль 40 працэнтаў прамога эфіру.
На пярэднім плане — кс. Аляксандр Улас, праграмны дырэктар «Радыё Марыя» ў Беларусі Штат «Радыё Марыя» ў Беларусі невялікі — праграмны дырэктар кс. Аляксандр Улас, адміністратар радыё Вячаслаў Гулевіч, каардынатар працы радыё Аліна Угорыч. Мець штат з тэхнічнымі спецыялістамі, карэспандэнтамі, журналістамі магчымасці няма. Як падкрэслівае Вячаслаў Гулевіч, у гэтым і прынцып «Радыё Марыя»: акрамя асноўнага штату — кс. Аляксандра Уласа і Аліны Угорыч — з радыё супрацоўнічаюць шматлікія валанцёры, якія наведваюцца ў студыю, каб удзельнічаць у эфіры, а таксама запісваць праграмы або дасылаюць гатовыя запісы.
Адміністратар радыё Вячаслаў Гулевіч «У нашых валанцёраў столькі ідэй, што любое прафесійнае радыё са штатам крэатыўшчыкаў можа нам пазайздросціць», — адзначае Вячаслаў Гулевіч. Хто слухае «Радыё Марыя» ў Беларусі? «”Радыё Марыя” па ўсім свеце арыентавана на людзей пажылых, але не ў нас. У Беларусі “Радыё РМ” працуе ў інтэрнэце, а гэта пляцоўка маладых. Вядома, нас хочуць слухаць і людзі ў гадах, але магчымасць маюць пераважна маладыя. Дарэчы, сярод валанцёраў у нас маладых не больш за пажылых», — адзначае Вячаслаў.
6 мая 2017 г. Прэс-канферэнцыя з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам у студыі «Радыё Марыя» ў Мінску «Мы — самае маладое радыё. Да нас адкрылася ў Латвіі. Мы вырашылі ставіць на моладзь, пажылыя далучацца пры магчымасці. У параўнанні з іншымі краінамі, мы крочым вельмі хутка. Па прасоўванню ў інтэрнэце мы ў лідарах. Гэта таму, што ў Беларусі прасунутая моладзь», — дадае Вячаслаў. Адзін дзень з эфіру «Радыё Марыя» Каардынатар «Радыё РМ» Аліна Угорыч, а адначасова і радыёвядучая, называе «Радыё Марыя» пілігрымкай: «Арганізацыя яго працы падобная да таго, як гэта прынята ў пілігрымцы: стартуем з малітвы да Духа Святога, каб у эфіры прагучалі словы, патрэбныя людзям, якія нас слухаюць».
Каардынатар працы радыё Аліна Угорыч Радыё можна слухаць 24 гадзіны ў суткі. Прамы эфір ад 10.00 да 17.00. У гэты час заўсёды можна пазваніць у студыю або звязацца з вядучым праз Skype ці Viber. Званкі прымаюць самі вядучыя. Таму даводзіцца ставіць музыку, каб пазнаёміцца са слухачом і зарыентаваць па размове, якая будзе ў прамым эфіры. Двойчы на дзень адбываецца прамая трансляцыя святых Імшаў з касцёла на Залатой горцы ў Мінску — у 8.00 і ў 18.30. Прамы эфір, калі за пульт сядае вядучы, распачынаецца ў 10.00 ранішняй праграмай «Прачнулася Беларусь». Гучаць віншаванні імяніннікаў, малітва, чытаецца ўрывак са Святога Пісання. Для ранішніх эфіраў заўсёды вызначаецца тэма. Маёвыя дні, напрыклад, былі прысвечаны Марыі, і праз увесь май радыёвядучыя разам са слухачамі наведвалі розныя месцы, дзе асаблівым чынам ушаноўваецца Марыя: Будслаў, Тракелі, Браслаў і іншыя. «У ранішнім эфіры таксама гучыць пазнавальная інфармацыя, а да слухачоў мы скіроўваем нейкае пытанне. Напрыклад: што трымае ў левай руцэ Немаўлятка Езус, намаляваны на будслаўскім абразе? — з усмешкай пытаецца Аліна. — Гэта дзеля інтэрактыву». У 12.00 — малітва «Анёл Панскі». 13.00 — ружанцовая малітва ў намерах і планах Найсвяцейшай Панны Марыі. Усяго на працягу дня 4 ружанцовыя малітвы — адна анлайн, тры ў запісе. У другой палове дня ў студыю прыходзяць госці. «Звычайна запрашаем іх на 14.00, каб потым разам памаліцца ў 15.00 Вяночак да Божай Міласэрнасці. Што гэта за госці? Людзі рознага ўзросту, статусу і веравызнання. Усе яны прыходзяць падзяліцца досведам свайго жыцця», — сцвярджае Аліна Угорыч. «15.00 — сэрца нашага эфіру, калі мы сустракаемся і молімся за нашых радыёслухачоў. Людзі дасылаюць свае інтэнцыі праз сацсеткі і іншыя сродкі камунікацыі, таксама тэлефануюць у эфір. Такім чынам мы бачым, што ў гэтыя хвіліны з намі моліцца вялікае кола людзей», — дадае каардынатар «Радыё РМ». Пасля гэтай малітвы вельмі папулярны праект — «Дотык Божай міласэрнасці»: людзі тэлефануюць у эфір і дзеляцца досведам свайго жыцця, гісторыямі навяртання. «Гэта сапраўдны дотык Божай міласэрнасці. Вось, напрыклад, ва ўрачыстасць Звеставання Пана нам у студыю патэлефанавалі прадстаўнікі супольнасці pro-life і падзяліліся досведам пра малітву “Духоўнага ўсынаўлення”. І потым слухачы пісалі, што для іх гэтае сведчанне было вельмі важным», — падкрэсліла Аліна.
6 мая 2017 г. Святая Імша і асвячэнне студыі «Радыё РМ» у Мінску. Вечарам прыходзіць моладзь, якая вядзе свае аўтарскія рубрыкі: «Узрастаем», «Так проста» (пра складаныя пытанні простай мовай) і іншыя. Хрысціянская сям’я Чаган робіць запіс «Калыханкі» на беларускай мове, якая кожны дзень гучыць у 20.30. «Гэта не проста казкі, гэта заўсёды павучальная гісторыя, якая можа быць карыснай і для дарослых», — заўважае Аліна Угорыч. Кожны першы чацвер месяца ў эфіры моляцца аб новых пакліканнях. Таксама супольна з пінскай семінарыяй рэалізуецца праект «Голас паклікання»: семінарысты дзеляцца са слухачамі гісторыямі свайго паклікання. «Пазней, маем надзею, што героямі гэтага праекта будуць таксама святары і біскупы», — выказала надзею каардынатар «Радыё РМ». У выхадныя дні прамога эфіру на сяння няма. Ідэі «Радыё Марыя» ўсяляк імкнецца быць больш дасяжным для пакалення ў гадах і дзеля гэтага распрацоўвае адмысловы гаджэт, арыентаваны акурат на слухачоў пажылога ўзросту, якія звычайна не маюць доступу да інтэрнэту або не ўмеюць ім карыстацца. Калонка wi-fi пры падключэнні да інтэрнэту будзе нагадваць радыёкропку, толькі ў дадзеным выпадку «духоўную» радыёкропку — «Радыё Марыя». «Ёсць ідэя супрацоўніцтва з мабільнымі аператарамі па пытанні безлімітнага слухання “Радыё Марыя” за невялікі кошт», — падзялілася Яўгенія Найдовіч, якая не адзін год разам з Вячаславам Гулевічам займалася арганізацыйна-прававымі пытаннямі па рэгістрацыі радыё і сёння з’яўляецца яго актыўным валанцёрам.
Яўгенія Найдовіч, валанцёр У бліжэйшы час плануецца рэалізаваць два праекты: беларуская мова (знаёмства з рэдкімі беларускімі словамі) і 5-хвілінка англійскай мовы (вывучэнне хрысціянскай тэрміналогіі, сталых частак святой Імшы і асноўных малітваў па-англійску). У планах таксама ўсталяваць абсталяванне «Радыё РМ» у Доме міласэрнасці ў Лагішыне. Падрыхтавала Валянціна Грамыка |