Адышоў у вечнасць кс. Ян Шуткевіч, які шмат зрабіў у справе аднаўлення касцёлаў у Беларусі | Друк |
Беларусь
05.06.2017 15:18

4 чэрвеня пасля працяглай хваробы на 85-м годзе жыцця ў Вільнюсе адышоў у вечнасць кс. Ян Шуткевіч. Ён нарадзіўся ў сям’і графа Тышкевіча пад Вільнюсам.

Савецкія салдаты забілі яго бацьку, а маці пад прозвішчам Шуткевіч з малым сынам Янам схавалася ў Гродне. Будучы святар вучыўся на дырыжорскім факультэце Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі. Фармацыю да святарства праходзіў у Каўнаскай духоўнай семінарыі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1983 г.  

У гісторыю Касцёла ў Беларусі ўвайшоў як выдатны рэстаўратар. З 1987 г. па 1994 г. ксёндз Ян Шуткевіч быў пробашчам парафіі Св. Апостала Андрэя ў Лынтупах. Падняў з руінаў і аднавіў касцёл св. Антонія Падуанскага ў Паставах.

У той жа час таксама апекаваўся касцёлам св. Яна Хрысціцеля ў Камаях і касцёлам ў Лучаі. Дзякуючы яго намаганням і руплівасці гэтыя святыні былі адноўлены. Гэтым святаром былі таксама адбудаваны капліцы ў Мегунах, Маньковічах, Груздове.

У 1994-1997 гг. выконваў абавязкі пробашча мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і прычыніўся да яе рэстаўрацыі. Затым выконваў абавязкі рэктара і рэзідэнта касцёла св. Барталамея ў Вільнюсе, дзё шмат зрабіў для аднаўлення святыні. Сёння ў гэтым касцёле праходзяць набажэнствы для беларускай дыяспары па-беларуску.

Пахавальная св. Імша адбудзецца 7 чэрвеня ў касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі) у Гродне. Пачатак Імшы ў 12.00.

Вечный адпачынак дай яму, Пане...


 
© 2003-2024 Catholic.by