#Маяпершаякамунія: 5 гісторый ад чытачоў Catholic.by (частка ІІ) | Друк |
Беларусь
07.06.2017 09:50

У новым праекце #маяпершаякамунія Catholic.by публікуе ўспаміны пра Першую святую Камунію беларускіх іерархаў і вернікаў. Перачытваючы сведчанні, можна ўбачыць цэлыя пакаленні і асаблівасці таго часу, убачыць, як развіваўся Касцёл у розныя гады.

Таксама па тэме:

п

@Біскуп Аляксандр Кашкевіч:

«Пра Бога нам расказвалі з вялікім замілаваннем»

(з інтэрв’ю газеце «Слова жыцця»)

«Да Першай святой Камуніі мяне рыхтавала адна вельмі пабожная жанчына, верагодна тэрцыярка. Вучоба выглядала інакш, чым сёння. Не было сістэматычнай катэхезы, мы проста павінны былі вывучыць на памяць адказы на ўсе пытанні з кароткага Катэхізіса.

Але я з прыемнасцю прыгадваю тое вялікае замілаванне, з якім гэтая жанчына расказвала нам пра Бога, тлумачыла Катэхізіс, задавала пытанні. Яе дабрыня, любоў да выхаванцаў і цярплівасць назаўсёды застануцца ў маім сэрцы як адзін з найлепшых успамінаў з дзяцінства».

@tania gavdis:

«Хросная бабуля Разалія была галоўным настаўнікам у нашым рэлігійным выхаванні»

«Да Першай святой Камуніі, якую я прыняла ў 1993 годзе, на працягу двух гадоў мяне з братам рыхтавала бабуля з нашай вёскі — пані Валянціна. Жыла яна праз некалькі дамоў ад нас. Кожную суботу з астатнімі дзеткамі мы з братам з радасцю беглі да яе на падворак. У свае шэсць з паловай гадоў я была самай маленькай у группе.

Усім сваім сэрцам я трымцела ад захаплення і страху адначасова, калі пані Валянціна распавядала пра Усемагутнага Бога, адзінага ў трох асобах, падкрэслівала важнасць і моц малітвы, наказвала слухацца бацькоў і баяцца Бога.


Аўтар у першым радзе трэцяя справа, яе брат — з самага краю

Тады не было спецыяльных кніг, таму ўсё, што мы даведваліся пра Бога, было спадчынай, якую праз пакаленні перадавалі старэйшыя бабулі з вёскі. У іх было чаму павучыцца — нават у ваенныя часы парафіяне здолелі захаваць наш Мядзведзіцкі касцёл.

Мая «хросная» бабуля Разалія, не маючы ўласных дзяцей, даглядала і любіла нас, як сваіх унукаў, і была галоўным настаўнікам у нашым рэлігійным выхаванні. Сваім штодзённым прыкладам, яна паказвала, што значыць жывая вера і жывы Бог. Сёння магу з упэўненнасцю сказаць, што менавіта яна ў свой час павяла мяне з братам сцяжынкай у вялікі свет, поўны Божай Любові і Ягоных цудаў.

Здаецца, тады ў свае шэсць гадоў пра Бога я ведала больш, чым сёння. Мы доўга шукалі мне бялюткую сукенку, а бабуля ў той святочны і радасны дзень спляла мне вяночак з барвінцу.

Напярэдадні я не спала ўсю ноч — баялася, каб не забыцца расказаць святару падчас першай споведзі ўсе свае дзіцячыя грахі. Мне хацелася хутчэй ачысціць сэрца, апрануць сваю белую сукенку, ускласці вяночак на галаву і, укленчыўшы перад алтаром, прыняць упершыню Бога ў сваё дзіцячае сэрца.

Сёння няма ўжо ні пані Валянціны, ні бабулі, ні кс. Міхала Каладзея, праз рукі якога я атрымала Жывога Бога, але я ўсім сэрцам веру, што яны глядзець на нас з неба і радуюцца плёну сваёй працы».

@Кс. Андрэй Кеўліч:

«Гледзячы на семінарыста з парафіі, я таксама захацеў служыць пры алтары»

«Першая Камунія стала ў маім жыцці пачаткам самастойнага крочання за Хрыстом. Гэта адбылося ў парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вялікіх Эйсмантах.

Раней я, ахрышчаны ў Праваслаўнай Царкве, ужо неяк пачаў хадзіць у касцёл на Імшу і наведваць заняткі па катэхезе, якія праводзіла Ірэна Седзянеўская, катэхетка і адначасова дырэктар Радзявіцкай базавай школы.

Заняткі праходзілі ў школе, таму рыхтавацца было проста і вельмі цікава. Многія рэчы нам тлумачылі на роднай мове, але малітвы мы вучылі па-польску і іх, вядома, трэба было завучваць.

Родзічы не вельмі былі прыхільныя да таго, што я выбіраю каталіцтва (яны ў пераважнай большасці праваслаўныя), але ў гэты дзень нават тата паехаў са мною да касцёла. Менавіта падчас святой Імшы, гледзячы на семінарыста з нашай парафіі, які дапамагаў а. Каралю Барнасю, майму пробашчу, у мяне ўзнікла моцнае жаданне служыць пры алтары. Міністрантам я, на жаль, так і не стаў».

@Irynka Pietrusiewicz:

«Бабуля ўвесь час казала, што ў нас свята»

«Ракаў 1989 год. Рыхтавала нас бабуля, закладала фундамент жыцця і веры. Польскія малітвы кірыліцай і міртавы вянок... Чаканне Камуніі ўжо ў часе Імшы як нечага таямнічага. Я, здаецца, нічога не разумела, але памятаю, што было радасна, і бабуля ўвесь час казала, што ў нас свята. І сонца свяціла :)


Раней у Ракаве працаваў салезіянін. А цяпер і я належу да Салезіянскай сям’і. Цікавы бег жыцця».

@Аксана Ючкавіч:

«Гэта падзея, якая змяніла маё жыццё»

«Я памятаю гэты дзень вельмі падрабязна, нават свае адчуванні, калі раса ўпала мне на калені, калі я пайшла ў наш кветнік, каб панюхаць півоні, а тады яны так квітнелі!

Памятаю, як апранала белую сукенку. Яна была простая зусім, але я разумела, што такой простай яна і павінна быць. У мяне былі кароткія валасы, на якія мама прычапіла вяночак з кветкамі, што нагадвалі лілеі. Толькі малыя. Я так хвалявалася, але адчувала нешта велічнае.

Я была цалкам сканцэнтравана на літургіі і Эўхарыстыі. Мне здавалася, што гэта цэнтральная і самая вялікая падзея майго жыцця. Я не памятаю больш ані твару бацькоў, ані фатографа, каторы мітусіўся. Я памятаю толькі вялікую радасць, якую я ўсвядоміла. Так, менавіта гэтым і з’яўляецца для мяне Эўхарыстыя — бясконцай радасцю, якую я змагла ўсвядоміць.

Гэтую радасць маёй сустрэчы з Богам прыехалі падзяліць усе нашы родзічы. Усё дзядзі, цёці, бабулі, дзядулі, мае браты і сёстры, толькі не было маёй прабабулі Антанінкі, якая прыклала шмат старанняў і любові, рыхтуючы мяне да гэтай падзеі. Маёй прабабулі не стала 16 сакавіка таго года, у якім я прымала Святую Камунію.

Я прымала Езуса ў сваё сэрца, а яна ўжо гасціла ў Яго Валадарстве. Я была бязмежна ўдзячна ёй, маёй дарагой настаўніцы, якая дапамагла мне палюбіць і адчуць Бога. Падзея, якая змяняе жыццё — менавіта так магу сказаць пра сваю Першую Камунію.
Не магу маўчаць, каб і іншыя не маўчалі. Няхай усіх перапаўняе радасць, радасць усвядомленая. Заставайцеся з Богам і дзяліцеся тым, як Ён напаўняе Вашае жыццё.

Апрацаваў І. Лапато

Ад рэдакцыі: А якой была першая Камунія ў Вас? Дасылайце свае гісторыі на Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript і дзяліцеся імі пад хэштэгам #маяпершаякамунія ў сацыяльных сетках і чытайце гісторыю Касцёла з першых вуснаў.

 
© 2003-2020 Catholic.by