Паўлін а. Ануфрый Альховік цэлебраваў прыміцыйную Імшу ў мінскім Чырвоным касцёле | Друк |
Беларусь
12.06.2017 13:06

11 чэрвеня ў свята Святой Тройцы ў парафіі святых Сымона і Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл) адбылася прыміцыйная святая Імша беларускага манаха-паўліна Ануфрыя (Дзяніса) Альховіка, які паходзіць з гэтай парафіі.

29-гадовы манах ордэну святога Паўла Першага Пустэльніка атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне 27 мая ў санктуарыі Маці Божай Чэнстахоўскай на Яснай Гары ў Польшчы. Сваё служэнне з восені ён будзе несці ў Карэлічах у парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі — адзінай беларускай парафіі, дзе сёння служаць паўліны.



Прыміцыйнай святой Імшы папярэднічала ўрачыстая працэсія вакол Чырвонага касцёла, якая завяршылася беларускім рэлігійным гімнам «Магутны Божа». Павіншаваць айца Ануфрыя з прэзбітэрскім пасвячэннем прыбылі яго сябры па Вышэйшай духоўнай семінарыі ордэна паўлінаў у Кракаве, пробашч Карэліцкай парафіі Юрый Саковіч, Апостальскі адміністратар беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, святары і семінарысты Чырвонага касцёла разам з кс. Уладзіславам Завальнюком, сваякі і сябры новапрэзбітэра.



Як адзначыў а. Ануфрый падчас свайго пасвячэння, «Беларусь — вельмі секулярызаваная краіна, я спадзяюся, што ў тым месцы, дзе буду служыць, з Божай дапамогай, здолею гэтых людзей навярнуць да веры і вярнуць да Касцёла».

(krynica.info/cath)
Фота Надзеі Гацак

 
© 2003-2020 Catholic.by