З дзённіка адной пілігрымкі: ровар, хуткасць і 175 км | Друк |
Беларусь
06.07.2017 17:19

Гэта была чатырнаццатая па ліку роварная пілігрымка ў Будслаў. З 35 чалавек, якія вырушылі ў гэтае падарожжа ў Нацыянальны марыйны санктуарый, значная частка раварыстаў пілігрымавала ў Будслаў ужо не першы раз.

Сярод іх і галоўны арганізатар — Аляксандар Ламавы.

28 чэрвеня. Усё неабходнае — у заплечнік, габарытныя рэчы — у машыну суправаджэння, і пасля ранішняй Імшы ў Чырвоным касцёле разам з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам і духоўным кіраўніком пілігрымкі кс. Аўгустам Калясінскім пілігрымка вырушыла ў кірунку Будслава.

Гэта былі дні, напоўненыя прыпынкамі, хуткімі рамонтамі і знаёмствамі. Час ад часу раварыстаў шчодра паліваў дождж.

У першы дзень было пераадолена 60 км. Пасля малітвы ў касцёле ў Радашковічах пілігрымы адправіліся на начлег у вёску Дэкшняны.  На другі дзень — яшчэ каля 75 км і начлег у Касцяневічах. Прыезд у вёску супаў з урачыстасцю св. Пятра і Паўла, а таксама з імянінамі мясцовага пробашча кс. Пятра Пятрагі. У гэты ж дзень пілігрымы мелі магчымасць зрабіць прыпынак ля Вілейскага водасховішча.

На трэці дзень пілігрымы пераадолелі апошнія 40 км да Будслава, а па дарозе да іх зноў далучыўся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Моманты ўезду ў Будслаў да святыні Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі — неверагодныя эмоцыі і адначасова незабыўныя ўспаміны. Да сустрэчы на наступны год!


Павал Хадзінскі, фота аўтара

 
© 2003-2019 Catholic.by